Юлю Гарачка асудзілі да года калоніі, але вызвалілі з-пад варты па прычыне адбыцця пакарання
У судзе Савецкага раёна Мінска 16 сакавіка вынесены прысуд па крымінальнай справе валанцёркі і актывісткі “Нашага Дому”, палітзняволенай Юлі Гарачкі. Яе абвінавацілі ў "іншай падрыхтоўцы асоб для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным ўдзеле ў іх" (ч. 2 арт. 342 КК РБ).
Справу разглядаў суддзя Сяргей Шаціла.
Юлю Гарачку затрымалі 14 ліпеня 2021 года, а на 18 ліпеня яна мела квіток на выезд за мяжу, адчувала, што неўзабаве затрымаюць.
Ноч Юля правяла ў РАУС, затым сем сутак на Акрэсціна. Пасля прад’яўлення абвінавачання да суда актывістку ўтрымлівалі ў СІЗА №1 Мінска.
Па матэрыялах абвінавачання Юля Гарачка са жніўня 2020 года па 14 ліпеня 2021 года, знаходзячыся як на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, так і за яе межамі, з дапамогай кампутарнай тэхнікі, мабільных прылад, маючы намер на падрыхтоўку асоб для ўдзелу ў 2020 – 2021 гадах, у тым ліку ў горадзе Мінску, у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, з карыслівых меркаванняў, якія выявіліся ў асабістым узбагачэнні, дзейнічаючы сумесна і ўзгоднена групай асоб па папярэдняй змове, наўмысна, у мэтах выканання размешчаных на розных інтэрнэт-рэсурсах публічных заклікаў да актыўнага ўдзелу 9 жніўня 2020 года і ў наступныя дні ў масавых беспарадках на тэрыторыі г. Мінска, а таксама ў групавых дзеяннях, спалучаных з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады і пацягнуўшых парушэнне працы транспарту, прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый, ажыццявіла падрыхтоўку не менш за 178 асоб для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак.
Суд над Юляй Гарачка: ажыццяўляла кампенсацыю і аплату штрафаў і іншых выдаткаў ахвярам рэпрэсій
У судовым пасяджэнні абвінавачаная Гарачка віну ў інкрымінаваным ёй дзеянні прызнала.
Суд прызнаў Юлю Гарачка вінаватай і на падставе ч. 2 арт. 342 КК ёй прызначыў пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 1 год з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Прысудам суда залічаны ў тэрмін адбыцця пакарання час затрымання, а таксама час утрымання абвінавачанай Г. пад вартай з разліку адпаведнасці аднаго дня затрымання і ўтрымання пад вартай паўтары дні пазбаўлення волі, у сувязі з чым пакаранне па сапраўднаму прысуду лічыцца адбытым.
Мера стрымання абвінавачанай Г. у выглядзе заключэння пад варту змененая на падпіску аб нявыездзе і належных паводзінах, абвінавачаная вызваленая з-пад варты ў зале суда.
Мабільны тэлефон «Redmi”, ноўтбук “Microsoft”, ноўтбук “Lenovo”, планшэт "reMarkable", сканер "Plustek", якія належаць абвінавачванай, канфіскаваныя ва ўласнасць дзяржавы ў кошт спецыяльнай канфіскацыі маёмасці.