Суд над актывісткай Юляй Гарачка: ажыццяўляла кампенсацыю і аплату штрафаў і іншых выдаткаў ахвярам рэпрэсій
У судзе Савецкага раёна Мінска 10 сакавіка пачаўся разгляд крымінальнай справы валанцёркі і актывісткі “Нашага Дому”, палітзняволенай Юлі Гарачкі. Яе абвінавачваюць у "іншай падрыхтоўцы асоб для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным ўдзеле ў іх" (ч. 2 арт. 342 КК РБ).
Справу разглядае суддзя Сяргей Шаціла.
Юлю Гарачку затрымалі 14 ліпеня 2021 года, а на 18 ліпеня яна мела квіток на выезд за мяжу, адчувала, што неўзабаве затрымаюць.
Ноч Юля правяла ў РАУС, затым сем сутак на Акрэсціна. Пасля прад’яўлення абвінавачання да суда актывістку ўтрымлівалі ў СІЗА №1 Мінска.
Грамадскай дзейнасцю пачала займацца ў 12 гадоў. Гісторыя палітзняволенай Юліі Гарачка
Згодна з матэрыяламі справы, абвінавачаная Гарачка, дзейнічаючы ад імя замежнай арганізацыі "Наш Дом" і выкарыстоўваючы дзве плацежныя карты, эмітаваныя банкамі Літоўскай Рэспублікі, са жніўня 2020 года па 14 ліпеня 2021 года сумесна з іншымі асобамі ажыццяўляла кампенсацыю і аплату штрафаў, паслуг адвакатаў, дзяржаўных пошлін і іншых выдаткаў, звязаных з разглядам адміністрацыйных і крымінальных спраў экстрэмісцкай накіраванасці.
У матэрыялах справы фігуруюць не менш за 178 чалавек, а агульная сума кампенсацый перавысіла 141 тысяч рублёў.
Следства лічыць, што Гарачка спрыяла фарміраванню ў гэтых асоб актыўнасці і жадання ў наступным удзельнічаць у супрацьпраўных групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, спараджаючы ў іх пачуццё беспакаранасці і ўсёдазволенасці, падрываючы прынцыпы няўхільнасці пакарання і асабістай вінаватай адказнасці.
Пасля вывучэння матэрыялаў справы ў пракуратуры прыйшлі да высновы аб абгрунтаванасці абвінавачвання, дастатковасці сабраных доказаў, поўным і аб'ектыўным даследаванні абставінаў злачынства. Пагадзіліся з кваліфікацыяй зробленага паводле ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
Абраная раней у дачыненні да Юлі Гарачка мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту намеснікам пракурора горада Менска пры накіраванні справы ў суд была пакінутая без змены.
Судовае пасяджэнне працягваецца.