viasna on patreon

Палітвязня і супрацоўніка радыёстанцыі "Гомель" Кругляка асудзілі ў суботу да года калоніі

2022 2022-03-12T19:34:24+0300 2022-03-12T19:35:10+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kaveryn.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Аляксей Кругляк (Каверын)

Аляксей Кругляк (Каверын)

Суд Цэнтральнага раёна Гомеля ў суботу, 12 сакавіка, завяршыў разгляд крымінальнай справы вядучага радыёстанцыі "Гомель", палітвязня Аляксея Кругляка, вядомага пад псеўданімам Аляксей Каверын. Журналіста абвінавацілі паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).

Справу разглядаў суддзя Віктар Казачок.

Аляксея Кругляка затрымалі 2 снежня 2021 года і да суда ўтрымлівалі ў СІЗА №3 Гомеля.

Паводле абвінавачання, Аляксей Кругляк, знаходзячыся на працоўным месцы на Гомельскім тэлебачанні, са свайго тэлефону ў прафесійным закрытым чаце 12 жніўня 2020 года напісаў некалькі паведамленняў, якія тычацца палітычнай сітуацыі ў краіне пасля выбараў. Ён убачыў, які гвалт і агрэсія былі ў Менску і іншых гарадах краіны над мірнымі жыхарамі, якія выказвалі сваё стаўленне да выбараў.

На эмоцыях Аляксей прапанаваў выходзіць на вуліцы ў Гомелі, ладзіць маршы, станавіцца ў ланцугі. Сам гатовы быў удзельнічаць у любых актыўных дзеяннях, нават надзець белую вопратку і далучыцца да жанчын з кветкамі, калі будзе неабходна, то і ў сукенку. Гэтыя паведамленні расцанілі як заклікі да несанкцыянаваных мітынгаў і дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, а яго –  арганізатарам гэтых дзеянняў.

Крымінальную справу завялі толькі праз год, восенню 2021 года, калі хтосьці з гэтага закрытага чата зліў інфармацыю, якая ўтрымлівала заклікі, у праўладны чат "Жоўтыя злівы".

Аляксей да таго часу пра гэтыя паведамленні ўвогуле забыўся і своечасова іх не выдаліў. Пасля апублікавання ён спалохаўся, запісаў і выклаў у інтэрнэт "пакаяльнае" відэа, дзе ён ад усяго адхрышчваўся ў надзеі, што яго не затрымаюць. Але было позна...

Напачатку следства Кругляк сваю віну прызнаваў часткова, прызнаваў, што пісаў ён, але нікуды, нікога не заклікаў, а "проста хацеў выйсці прагуляцца ў кампаніі і паглядзець абстаноўку ў горадзе".

А на судовым працэсе Кругляк пагадзіўся даваць паказанні і тады прадстаўнік абвінавачання і суддзя дамагліся ад яго поўнага прызнання віны.

Аляксей цалкам прызнаў віну, усвядоміў, каецца, хоча да маці, жонкі і дачкі.

Сведкі, якія выступілі на працэсе, пацвердзілі яго прысутнасць і нік у службовым чаце.

Таксама ў судзе былі прагледжаныя крыншоты паведамленняў, галасавых паведамленняў і ягонае "пакаяльнае" відэа.

Пракурор запрасіў для абвінавачанага адзін год пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

У сваім  апошнім слове Аляксей, добра пастаўленым дыктарскім голасам агучыў, што згодны на ўсё, нават стаць "рупарам прапаганды", працаваць не пакладаючы рук на карысць краіны і рэжыму, абы не адпраўлялі ў калонію, а адпусцілі дадому да сям'і. Гэтак жа за яго вельмі перажывалі маці і жонка і прысутныя на працэсе, крыху перапалоханыя з-за сітуацыі са знаёмым.

Суддзя Віктар Казачок прызначыў Кругляку пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на адзін год у калоніі агульнага рэжыму, за выняткам часу праведзенага пад следствам у СІЗА.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства