viasna on patreon

Затрыманні, новыя экстрэмісцкія матэрыялы: пераслед 10 сакавіка Дапоўнена

2022 2022-03-10T22:48:00+0300 2022-03-11T13:19:46+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/dud_9.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Ва Украіне працягваецца вайна, якую распачалі ваенныя сілы Расійскай Федэрацыі 24 лютага. Пакуль беларускія ўлады выступаюць у якасці саагрэсараў, сілавікі працягваюць рэпрэсіі супраць беларусаў, якія выступаюць супраць удзелу дзяржавы ў ваенных дзеяннях супраць Украіны. Працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, прызнанне незалежных медыяпрадуктаў экстрэмісцкімі матэрыяламі і ўжыванне іншых форм ціску за грамадзянскую пазіцыю. Праваабарончы цэнтр «Вясна» збірае апошнія факты палітычнага пераследу ў Беларусі за 10 сакавіка.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Затрыманне ў Жодзіне

Супрацоўнікі ГУБАЗіКа затрымалі ў Жодзіне Анатоль Сашуноў за каментары ў "экстрэмісцкіх чатах". Паведамляецца, што супраць яго ўзбудзілі крымінальныя справы па арт. 130 (распальванне сацыяльнай варожасці) і 369 (абраза прадстаўніка ўлады) Крымінальнага кодэкса. "Пакаяльнае відэа" з ім з'явілася на праўладных тэлеграм-каналах.


Крымінальная справа за ўдзел у акцыях пратэсту ў жніўні

У Мінску па крымінальнай справе па арт. 342 Крымінальнай справы (удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) затрыманая прадпрымальніца і маці трох дзяцей Вольга Томіна (08.02.1984). "Пакаяльнае відэа" з ёй паявілася на праўладных тэлеграм-каналах.


Зламалі тры рэбры і асудзілі на 13 сутак арышту

Арсень Сячко
Арсень Сячко

6 сакавіка ў Мінску затрымалі былога актора Тэатра імя Горкага Арсенія Сячко. Увечары а 20 гадзіны, праходзячы каля свайго дома, хлопец заўважыў, як міліцыянты затрымліваюць падпітых мужчын і зрабіў ім заўвагу. За гэта Арсенія таксама затрымалі і склалі пратакол за пікетаванне па артыкуле 24.23 КаАП.

Арсенія моцна збілі ў Фрунзенскім РУУСе. 7 сакавіка суддзя Дзмітрый Лукашэвіч, не гледзячы на кепскі стан здароў’я і просьбу даць штраф, асудзіў яго да 13 сутак арышту. Але ў ізалятар Арсеній так і не трапіў: медык у ІЧУ адмовілася прыняць яго, бо ў хлопца зламаныя тры рэбры.

Сячко шпіталізавалі ў лякарню. Учора дактары былі вымушаныя зрабіць пракол лёгкага, бо там пачала збірацца вадкасць.

Пасля выпіскі з бальніцы Арсеній мусіць адбыць 13-сутачны арышт.


Затрыманне ў Мінску

У Мінску затрыманы 32-гадовы Дзмітрый Мацюшонак. У яго быў на балконе плакат "No war". Паведамляецца, што яго здаў сусед: сфатаграфаваў і аднёс участковаму.


Паводле папярэдняй інфармацыі, на судзе над Алесем Пушкіным затрымалі траіх чалавек

Сведкі паведамляюць, што мастака Алеся Цыркунова затрымалі за стужкі на кашулі — бел-чырвона-белую і жоўта-блакітную.

Яшчэ адзін затрыманы — Віталь Борыс. Па папярэдняй прычыне, яго затрымалі за вокладку на пашпарце. Сёння мусіць над ім адбыцца суд.


Ператрус у Докшыцах

10 сакавіка ў Докшыцах адбыўся ператрус у арыштаванай на 13 сутак Таццяны Дорц. Па папярэдняй інфармацыі, па справе аб надпісах на аўтобусным прыпынку, зробленых у лістападзе 2020 года. Забралі сістэмны блок кампутара. Дома была дачка Таццяны.

Таццяну затрымалі ў асноўны дзень рэферэндума 27 лютага. Яна выйшла на плошчу каля райвыканкама з плакатам супраць вайны "Слава Украіне". Праз пару хвілін пад'ехалі ДАІшнікі, затрымалі, павезлі ў РАУС. Таццяну асудзілі на 13 сутак фактычна таемна: суда не было ў раскладзе.

Жанчына ўтрымліваецца ў ІЧУ Докшыцкага РАУС.


КДБ Беларусі дадаў у «спіс тэрарыстаў» палітвязня

Ягор Міхайлаў. Фота з сямейнага архіва

10 сакавіка падітзняволены Ягор Міхайлаў з'явіўся ў спісе асобаў, якія «маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці».

26 ліпеня 2021 года хлопца асудзілі паводле ч. 1 арт. 289 КК («Акт тэрарызму») за падпал танка, які нават не пацярпеў. Суддзя асудзіла Ягора да 10 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Адрас для лістоў: ПК №17, 213004, г. Шклоў, вул. 1-я Заводская, 8.


Ліквідавалі "Радзіславу" 

9 сакавіка ў Мінгарсудзе прайшло паседжанне па ліквідацыі грамадскага аб'яднання "Радзіслава". Паведамляецца, што суд вынес рашэнне ліквідаваць арганізацыю.

З учора перастала працаваць гарачая лінія "Радзіславы", куды можна было тэлефанаваць у любы час сутак і атрымаць падтрымку кансультанткі, а часам —выратаваць сабе жыццё.

«Радзіслава» — некамерцыйная недзяржаўная дабрачынная арганізацыя, створаная ў 2002 годзе ў горадзе Мінску для аказання дапамогі жанчынам, якія пацярпелі ад гвалту. У лістападзе 2021 года затрымалі былую кіраўніцу «Радзіславы» Вольгу Гарбунову — МУС лічыць, што яна кіравала жаночымі маршамі.


На беларускіх адвакатаў пачалі ціснуць за подпісы пад антываеннай петыцыяй

1 сакавіка ў сетцы з'явілася петыцыя, дзе, спасылаючыся на нормы дзеючай Канстытуцыі, аўтары петыцыі абгрунтавалі, што з тэрыторыі Беларусі не павінны ўзлятаць ракеты, самалёты і верталёты для атакі на суседнюю дзяржаву. Цяпер зварот падпісала 258 юрыстаў.

Як паведамляе defenders.by, цяпер адвакатаў выклікаюць у калегіі і патрабуюць тлумачэнняў. Пра гэта паведаміў адзін з аўтараў звароту:

"Беларускія калегіі адвакатаў уключылі рэпрэсіўную машыну. Мы ведаем як мінімум аб трох калегіях, якія пачынаюць ціснуць на сваіх адвакатаў за подпіс пад антываеннай петыцыяй. На мінулым тыдні да нас звярнулася некалькі адвакатаў з просьбай як мага хутчэй выключыць іх са спісу тых, хто падпісаўся, таму што ў іх "праз 20 хвілін гутарка ў Савеце калегіі адвакатаў". Цяпер прыйшлі паведамленні з двух іншых калегій, што адвакатаў, якія падпісалі петыцыю, выклікаюць для дачы тлумачэнняў. Яшчэ адзін адвакат папрасіў прыбраць слова "адвакат" насупраць свайго імя і напісаць "юрыст".

Нягледзячы на ціск і рэпрэсіі, Беларускія юрысты і адвакаты працягваюць пакідаць свае подпісы пад петыцыяй.


Затрыманне ў Магілёве

Раніцай 10 сакавіка а 6 гадзіны ў Магілёве затрымалі Аляксея Маргунова. У яго вынялі кампутар і тэлефон, а яго сілавікі забралі з сабой. Па інфармацыі магілёўскіх праваабаронцаў, зацікаўленасць супрацоўнікаў міліцыі звязана з пытаннем аб дыверсіі на чыгуначных шляхах. Цяпер месцазнаходжанне мужчыны невядомае.


Тры відэа youtube-канала «ВДудь» прызнаныя экстрэмісцкімі матэрыяламі

Такое рашэнне прыняў суд Цэнтральнага раёна Мінска. Гэта ролікі:

  • "Комиссаренко – новая жизнь после протестов в Беларуси";
  • "Как жить, если лишают родины";
  • "NEXTA – главное медиа белорусского протеста".

Палітзняволены Эдуард Пальчыс 11 дзён правёў у карцэры 

Эдуард Пальчыс. Фота

Пра гэта паведамляе ягоная жонка Вікторыя Пальчыс.

«З 22 лютага па 5 сакавіка Эдуард Пальчыс правёў у цішы і адзіноце ў карцэры Віцебскага СІЗА.

Пра вайну ва Украіне ён даведаўся сёння ад адваката. За 13 гадоў знаёмства я не бачыла Пальчыса ў шоку, і гэты прывілей сёння дастаўся Марыі Колесавай-Гудзілінай.

Адвакат напісала скаргу на спагнанне».

Нагадаем, Эдуарду Пальчысу прысудзілі 13 гадоў калоніі.

Падтрымайце Эдуарда:

СІЗА-2, 210026, Віцебск, Гагарына, 2, Эдуард Аляксандравіч Пальчыс

Інфармацыя дапаўняецца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства