viasna on patreon

Мінчука асудзілі да 10 гадоў калоніі за падпал танка, які Мінабароны назвала фэйкам

2021 2021-07-26T12:23:26+0300 2021-07-26T12:56:05+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/goryashchiy_tank_minoborony_03.02.2021_90_kopiya.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сёння, 26 ліпеня, у судзе Фрунзенскага раёна Мінска агучылі прысуд па крымінальнай справе па ч. 1 арт. 289 Крымінальнага кодэкса (акт тэрарызму) супраць 26-гадовага мінчука Ягора Міхайлава. Яго абвінавацілі ў падпале танка Т-72 на чыгуначнай станцыі ў Сцяпянцы шляхам кідка ў яго «кактэйля Молатава» з надпісам «ОГСБ» уначы 31 студзеня. Відэа палаючага танка з'явілася ў інтэрнэце ў пачатку лютага, але дзяржСМІ назвалі яго фэйкам, а Мінабароны прадэманстравала непашкоджаны і цэлы танк. Па версіі абвінавачвання, у выніку дзеянняў Міхайлава ўзнікла "аб'ектыўная небяспека гібелі людзей", хаця патрулюючыя вайскоўцы ў ноч падпалу нават не заўважылі ўзгарання. Некаторыя дазналіся пра інцындэнт з інтэрнэту. У выніку, суддзя Алена Бушава прызначыла менавіта такое пакаранне, якое прасіў  памочнік пракурора Фрунзенскага раёна Дзмітрый Хаваўка — дзесяць год калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Абвінавачаны слухаў прысуд у закаваных кайданкамі за спіной рукамі. На гэтым пераслед Міхайлава не скончаны: супраць яго распачатая яшчэ крымінальная справа. 

Пылаючы танк у Сцяпянцы ў ноч з 30 на 31 студзеня
Пылаючы танк у Сцяпянцы ў ноч з 30 на 31 студзеня

Нагадаем, Ягор Міхайлаў абвінавачваўся па ч. 1 арт. 289 Крымінальнага кодэкса (акт тэрарызму). Паводле версіі абвінавачвання, Міхайлаў "наўмысна ў мэтах аказання ўздзеяння на прыняцце рашэнняў органамі ўлады, перашкоджання палітычнай дзейнасці, застрашвання насельніцтва, дэстабілізацыя грамадскага парадку, у перыяд часу з 3 гадзін 30 хвілін па 3 гадзін 36 хвілін 31 студзеня здзейсніў акт тэрарызму агульнанебяспечным спосабам шляхам падпалу ваеннай тэхнікі, якая належыць 120-й дывізіі, размешчаны на шляхах у эшалоне ў Сцяпянцы ў выніку чаго ўзнікла аб'ектыўная небяспека гібелі людзей, прычынення ім цялесных пашкоджанняў або наступлення іншых цяжкіх наступстваў".

Амаль усё абвінавачванне пабудавана на відэа, якое апублікавалі 1 лютага ў телеграм-канале "Баста!". Міхайлаў мусіць выплаціць судовыя выдаткі ў суме 685 рублёў, матэрыяльнай кампенсацыі па справе заяўлена не было.

Міхайлаў прызнаў віну часткова: ён прызнаў, што здзейсніў падпал танка, але не пагадзіўся з кваліфікацыяй свайго дзеяння і тым, што гэта было зроблена з палітычных матываў.

У апошнім слове 19 ліпеня Ягор Міхайлаў яшчэ раз падкрэсліў нязгоду з прававой кваліфікацыяй сваіх дзеянняў: 

"Шмат хацеў сказаць, але мяне дзёрнулі з бальнічнага, але давайце пройдземся спачатку па абвінавачванні. Пракурор кажа, калі там быў хоць адзін чалавек, то гэта ўжо падставы для прымянення артыкула [289]. Але нікога там не знаходзілася ў той момант, таму што ніякай аховы ваеннай тэхнікі не было: ні ў момант узгарання танка, ні пасля. Як сказаў мой адвакат пры праверцы паказанняў на месцы, контрразведчык шукаў вайскоўцаў 20 хвілін! Гэта разведчык! Іншы б наогул не знайшоў. Таксама пракурор уводзіць у зман, калі кажа, што да станцыі [ж/д] 70 метраў. Але потым адвакату кажа, што дадзенае відэа нічога не значыць, таму што яно зроблена ў 400 метрах ад танка. З нагоды самога пракурора: ні аднаго пытання, якое б не наводзіла на адказ, запалоханым сведкам вайскоўцам ён не называў. Абсалютна ўсе пытанні былі навадныя. А гэта забаронена.

Ну і што было з танкам? Не што магло бы быць, а што было. Калі я пачаў чытаць паказанні сведак, то там слова "бы" — у кожным сказе па тры штукі. Яны хлусілі контрразведцы, каб прыкрыць, што там іх не было. Ну, бывае".

Падрабязнасці па суду:

Па справе за падпал танка, які, па версіі Мінабароны, не пацярпеў, мінчуку запрасілі 10 гадоў калоніі

З 8 ліпеня ў судзе Фрунзенскага раёна Мінска разглядаецца крымінальная справа па ч. 1 арт. 289 Крымінальнага кодэкса (акт тэрарызму) супраць 26-гадовага мінчука Ягора Міхайлава.

Мінабароны назвала відэа з пылаючым танкам у Сцяпянцы фэйкам, але цяпер за яго падпал як за акт тэрарызму судзяць мінчука

Справу разглядае суддзя Алена Бушава, дзяржабвінавачанне падтрымлівае памочнік пракурора Фрунзенскага раёна Дзмітрый Хаваўка. 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства