Па справе за падпал танка, які, па версіі Мінабароны, не пацярпеў, мінчуку запрасілі 10 гадоў калоніі

2021 2021-07-19T18:12:13+0300 2021-07-20T06:56:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/mihailov_90.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ягор Міхайлаў. Фота з сямейнага архіва

Ягор Міхайлаў. Фота з сямейнага архіва

З 8 ліпеня ў судзе Фрунзенскага раёна Мінска разглядаецца крымінальная справа па ч. 1 арт. 289 Крымінальнага кодэкса (акт тэрарызму) супраць 26-гадовага мінчука Ягора Міхайлава. Яго абвінавачваюць у падпале танка Т-72 на чыгуначнай станцыі ў Сцяпянцы шляхам кідка ў яго «кактэйля Молатава» з надпісам «ОГСБ» уначы 31 студзеня. Відэа палаючага танка з'явілася ў інтэрнэце ў пачатку лютага, але дзяржСМІ назвалі яго фэйкам, а Мінабароны прадэманстравала непашкоджаны і цэлы танк. Па версіі абвінавачвання, у выніку дзеянняў Міхайлава ўзнікла "аб'ектыўная небяспека гібелі людзей", хаця патрулюючыя вайскоўцы ў ноч падпалу нават не заўважылі ўзгарання. Некаторыя дазналіся пра інцындэнт з інтэрнэта. Ніякай шкоды танку прычынена не было, Мінабароны не заяўляла пазова аб кампенсацыі. 19 ліпеня ў суд да Міхайлава выклікалі хуткую праз дрэнны стан яго здароўя. Але пасля меддапамогі лекарамі абвінавачанаму, суд працягнуўся. Сёння ў судзе адбыліся спрэчкі па справе, памочнік пракурора Фрунзенскага раёна Дзмітрый Хаваўка запрасіў для Ягора Міхайлава пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на дзесяць гадоў ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Справу разглядае суддзя Алена Бушава.

Падрабязна пра гэтую справу "Вясна" пісала тут:

Мінабароны назвала відэа з пылаючым танкам у Сцяпянцы фэйкам, але цяпер за яго падпал як за акт тэрарызму судзяць мінчука

Справу разглядае суддзя Алена Бушава, дзяржабвінавачанне падтрымлівае памочнік пракурора Фрунзенскага раёна Дзмітрый Хаваўка.

Ягор Міхайлаў абвінавачваецца па ч. 1 арт. 289 Крымінальнага кодэкса (акт тэрарызму). Паводле версіі абвінавачвання, Міхайлаў "наўмысна ў мэтах аказання ўздзеяння на прыняцце рашэнняў органамі ўлады, перашкоджання палітычнай дзейнасці, застрашвання насельніцтва, дэстабілізацыя грамадскага парадку, у перыяд часу з 3 гадзін 30 хвілін па 3 гадзін 36 хвілін 31 студзеня здзейсніў акт тэрарызму агульнанебяспечным спосабам шляхам падпалу ваеннай тэхнікі, якая належыць 120-й дывізіі, размешчаны на шляхах у эшалоне ў Сцяпянцы ў выніку чаго ўзнікла аб'ектыўная небяспека гібелі людзей, прычынення ім цялесных пашкоджанняў або наступлення іншых цяжкіх наступстваў".

Міхайлаў прызнаў віну часткова: ён прызнаўся, што здзейсніў падпал танка, але не пагадзіўся з кваліфікацыяй свайго дзеяння і тым, што гэта было зроблена з палітычных матываў.

Амаль усё абвінавачванне пабудавана на відэа, якое апублікавалі 1 лютага ў телеграм-канале "Баста!".

Хоць Міхайлаў на судзе адмаўляў палітычны матыў здзейсненага, але пракурор у спрэчках заявіў, што гэта даказаны факт. Галоўны доказ — чыстасардэчнае прызнанне Міхайлава ў СІЗА КДБ пасля затрымання. На запісаным відэа ў дворыку КДБ абвінавачаны заявіў, што зрабіў гэта праз "палітычную сітуацыю ў краіне, якая пагаршаецца, гэта спроба для прыцягнення ўвагі Узброеных Сіл да вырашэння дадзенага пытання". Таксама пракурор заявіў, што палітычны матыў падцверджваецца дзясяткамі перапісак з тэлеграма Міхайлава, а таксама тым, што відэа падпалу танка абвінавачаны дасылаў розным людзям, а таксама ў бот тэлеграм-канала, які ў Беларусі прызнаны экстрэмісцкім.

"Таксама лічу, што ў дзеяннях абвінавачанага ў закліках да пераходу Узброеных сіл на бок апазіцыйных сіл, той факт, што ён з дапамогай відэазапісу паказаў людзям, што любы можа здзейсніць такое дзеянне, паказаў сваю беспакаранасць, схіляў грамадства да такіх жа дзеянняў, фактычна ўгледжваецца мэта дэстабілізаваць грамадскі парадак", — заявіў у спрэчках пракурор. 

У выніку, дзяржабвінавачванне запрасіла для Ягора Міхайлава пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на дзесяць гадоў ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Адвакат Міхайлава ў спрэчках падкрэсліў, што ўзгарання танка не было, а была толькі ўспышка. Акрамя таго, Міхайлаў на судзе распавядаў, што ён зрабіў "кактэйль" такім чынам, каб не нанесці вялікай шкоды танку. Усе паказанні сведкаў заснаваныя на здагадках, прамых доказаў таго, што вайскоўцы рэальна напужаліся не было.

Абаронца прасіў суд перакваліфікаваць дзеянні Міхайлава з ч. 1 арт. 289 Крымінальнага кодэкса (акт тэрарызму) на арт. 339 (злоснае хуліганства). 

Ягор Міхайлаў выступіў сёння з апошнім словам: 

"Шмат хацеў сказаць, але мяне дзёрнулі з бальнічнага, але давайце пройдземся спачатку па абвінавачванні. Пракурор кажа, калі там быў хоць адзін чалавек, то гэта ўжо падставы для прымянення артыкула [289]. Але нікога там не знаходзілася ў той момант, таму што ніякай аховы ваеннай тэхнікі не было: ні ў момант узгарання танка, ні пасля. Як сказаў мой адвакат пры праверцы паказанняў на месцы, контрразведчык шукаў вайскоўцаў 20 хвілін! Гэта разведчык! Іншы б наогул не знайшоў. Таксама пракурор уводзіць у зман, калі кажа, што да станцыі [ж/д] 70 метраў. Але потым адвакату кажа, што дадзенае відэа нічога не значыць, таму што яно зроблена ў 400 метрах ад танка. З нагоды самога пракурора: ні аднаго пытання, якое б не наводзіла на адказ, запалоханым сведкам вайскоўцам ён не называў. Абсалютна ўсе пытанні былі навадныя. А гэта забаронена.

Ну і што было з танкам? Не што магло бы быць, а што было. Калі я пачаў чытаць паказанні сведак, то там слова "бы" — у кожным сказе па тры штукі. Яны хлусілі контрразведцы, каб прыкрыць, што там іх не было. Ну, бывае".

Прысуд Ягору Міхайлаву будзе абвешчаны 26 ліпеня ў 12 гадзін.

Міхайлаву на судовых перапынках не даюць есці «сабойкі». У пятніцу праз дрэнны стан здароўя яго не прывезлі на працэс, а сёння ў суд выклікалі хуткую.

На папярэдніх судовых працэсах, Міхайлаў заяўляў, што ён пастаянна галадае, бо канвой на судовых перапынках не дазваляе яму есці «сабойкі» (ежу, якую ён купляе ў краме). Паесці на «Валадарцы» ён не паспявае па часе. Такім чынам, больш за тыдзень ён не прымае нармальна ежу. 15 ліпеня на судзе Міхайлаў трымаўся ўвесь час за жывот. Тады ж ён прасіў суд прызначаць працэсы хаця бы праз дзень, але суддзя яму адмовіла. На наступны дзень, у пятніцу, працэс па справе не адбыўся, бо праз дрэнны стан здароўя Ягора не прывезлі ў суд. У СІЗА-1 лекар паведаміў родным Ягора, што «ў яго кішачнае захворванне і невялікая тэмпература».

Сёння, 19 ліпеня, суд пачаўся з хадайніцтва Міхайлава аб пераносе суда, бо на дадзены момант ён знаходзіцца на «бальнічным». Па словах абвінавачанага, раніцай яму далі парацэтамол і адправілі ў суд.

«У мяне просьба вывесці мяне з залы судовага паседжання па прычыне майго стану», — папрасіў абвінавачаны.

Суддзя Алена Бушава абвясціла перапынак для выкліку хуткай дапамогі. У суд прыязджалі лекары, якія аказалі меддапамогу абвінавачанаму. Родным яны сказалі, што ў Міхайлава слабасць, але ім «яго не аддаюць». Пасля гэтага працэс па справе працягнуўся.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства