Жанчыну з Івацэвічаў двойчы асудзілі за абразу аднаго і таго ж міліцыянта: першы - за эмодзі з лайном, другі - за «абаср..ся і зняславіўся»
9 лютага суд Івацэвіцкага раёна разглядзеў ўжо другую справу Вольгі Кронды. Жанчыну зноў прызналі вінаватай у здзяйсненні злачынства па арт. 369 «Абраза прадстаўніка ўлады» і дадалі да двух гадоў хатняй «хіміі», якія жанчына адбывае па папярэдняй справе, яшчэ адзін год абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу.
Для невялікіх Івацэвічаў, у якіх жывуць крыху больш за 22 тысяч чалавек, і першая, і другая справы Вольгі Кронды былі рэзананснымі. Пра гэта мінулым годам казала сама жанчына, калі звярталася да беларусаў з просьбай дапамагчы ёй.
«Горад у нас маленькі, плёткі і чуткі хутка разляцеліся. Пасля ўсяго, што адбылося, я не магла знайсці працу. Куды ні звярталася - адмаўлялі. Апынулася ў цяжкай фінансавай сітуацыі з 4-гадовым дзіцем на руках».
Вядома, што Вользе 33 гады. Яна рамесніца - вырабляе аксэсуары для валасоў. Адна выхоўвае маленькую дачку.
«Пасля адмовы запісваць пакаяльнае відэа пачалі ціснуць на сям’ю»
Сутнасць першай і другой крымінальнай справы ў дачыненні да Вольгі Кронды амаль ідэнтычная. У абодвух выпадках жанчыну абвінавачваюць у тым, што пад фотаздымкамі 33-гадовага капітана міліцыі оперупаўнаважанага Івацэвіцкага РАУСа Руслана Куцко жанчына напісала абразлівыя каментары.
Першы суд адбыўся ўлетку мінулага года. Тады прычынай ўзбуджэння крымінальнай справы па арт. 369 стаў каментар, які Вольга пакінула ў телеграм-канале «Каратели Беларуси». Пад фота Куцко яна напісала «знаёмая морда», пасля чаго паставіла тры эмодзі ў выглядзе лайна.
Вольга Кронда расказала, што пасля яе адмовы запісваць пакаяльнае відэа на яе пачалі ціснуць. У кватэры, у якой яна жыве, прайшло два ператрусы. У выніку на экспертызу забралі мабільны тэлефон, але так яго і не вярнулі, і апісалі маёмасць, якая належала нават не самой жанчыне, а яе маці.
«Пасля таго, як я пасварылася са следчым, арышт з рэчаў знялі. Міліцыянт, якога я абразіла, падаў пазоў на кампенсацыю маральнай шкоды ў дзве тысячы беларускіх рублёў», - распавядае пра сваю першую справу Вольга.
Таксама жанчына паведаміла, што пасля ўзбуджэння крымінальнай справы да яе прыходзілі з органаў апекі. Гэтыя падзеі Вольга ўспрымае як ціск на сябе і сваю сям'ю.
У жніўні 2021 года суд Івацэвіцкага раёна прызнаў Вольгу Кронду вінаватай у здзяйсненні злачынства па арт.369. У якасці пакарання суддзя Аляксандр Кірыловіч прызначыў жанчыне два гады хатняй «хіміі» і абавязаў выплаціць пацярпеламу Куцко дзве тысячы рублёў у якасці маральнай кампенсацыі, якую ён абгрунтаваў тым, што з-за эмодзі ў выглядзе лайна яго жонцы паступалі пагрозы.
Тады Вольга Кронда такое рашэнне суда пракаментавала так:
«Гэта дзікунства. Была б там нейкая абраза. Ну, смайлікі лайна. Якая гэта абраза? І маральная кампенсацыя ў дзве тысячы рублёў. За што? Гэта нейкі цырк. Было б за што, калі б я яму, напрыклад, дзесьці па твары дала, ці што. А тут проста на праўду пакрыўдзіўся».
Зноў прызналі вінаватай і дадалі яшчэ год хатняй «хіміі»
Прайшло крыху часу - і на Вольгу Кронду завялі новую крымінальную справу па тым жа крымінальным артыкуле. У суд на жанчыну падаў усё той жа оперупаўнаважаны Івацэвіцкага РАУС Руслан Куцко, у адрас якога, па версіі пацярпелага, гэтым разам Вольга Кронда напісала ў адным з тэлеграм-чатаў каментар «абаср...ўся і зняславіўся».
З прычыны хваробы абвінавачванай разгляданне справы перанеслі з 18 студзеня на 9 лютага 2022 года. Судовае пасяджэнне ўзначаліў суддзя Арцём Падалянец, бок дзяржабвінавачання падтрымліваў пракурор Яўген Булаты.
Суд зноў быў закрытым. Падставай для гэтага, як і першым разам, зноўку стала хадайніцтва Куцко аб «прадухіленні апублічвання звестак, якія прыніжаюць годнасць». Як і на першым судзе, Вольга сваю віну не прызнала.
У выніку Вольгу Кронду зноў прызналі вінаватай у здзяйсненні злачынства па арт. 369 КК РБ «Абраза прадстаўніка ўлады». Як і запытваў пракурор, жанчыне прызначылі тры гады хатняй «хіміі». Шляхам частковага складання з тэрмінам, які Вольга ўжо адбывае па папярэдняй справе, да тых двух гадоў хатняй «хіміі» жанчыне дадалі яшчэ адзін год. Атрымалася тры гады «хіміі». Акрамя гэтага, Вользе Крондзе давядзецца выплаціць 1000 рублёў маральнай кампенсацыі абражанаму міліцыянту і 1 600 рублёў (50 базавых велічынь) штрафу.