viasna on patreon

Не адпавядае прынцыпам законнасці, роўнасці і недыскрымінацыі. Аналіз Пастановы, якая абмяжоўвае выезд з Беларусі

2022 2022-02-06T22:57:00+0300 2022-02-07T12:09:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/miazha.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

10 снежня 2020 года была апублікаваная Пастанова Савета Рэспублікі Беларусь, паводле якой было прынятае рашэнне часова прыпыніць перасячэнне мяжы Беларусі на выезд грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, а таксама замежнікамі, якія маюць дазвол на сталае ці часовае пражыванне на тэрыторыі Беларусі, на аўтадарожных пунктах пропуску, на чыгуначных вакзалах і рачных портах. Пастанова набыла моц 21 снежня 2020 года і дзейнічае дагэтуль  ужо больш за год. Юрысты Праваабарончага цэнтра "Вясна" прааналізавалі Пастанову з пункту гледжання правоў чалавека і прыйшлі да наступных высноваў.

Агульныя высновы:

  • абмежаванні на выезд грамадзян Рэспублікі Беларусь са сваёй краіны ўведзеныя пастановай Урада, а не законам. Законы, згаданыя ў прэамбуле Пастановы, не ўтрымліваюць падставаў, паводле якіх права на свабоду перамяшчэння можа быць абмежаванае ў інтарэсах абароны здароўя насельніцтва;
  • уведзеныя абмежаванні не адпавядаюць прынцыпам законнасці, неабходнасці і супамернасці;
  • выязджаць са сваёй краіны могуць толькі грамадзяне з пэўнымі мэтамі і з дакументамі, якія пацвярджаюць гэтыя мэты. Аднак у дзяржавы няма паўнамоцтваў вызначаць мэты выезду;
  • абмежаванні на выезд праз наземныя пункты пропуску дзейнічаюць ужо больш за год, што не адпавядае прынцыпу супамернасці, паводле якога дапускаецца толькі кароткачасовае абмежаванне права пакідаць сваю краіну;
  • уведзеныя абмежаванні супярэчаць асноватворным прынцыпам роўнасці і недыскрымінацыі, бо абмежаванні распаўсюджваюцца толькі на наземныя пункты пропуску.

1)  Абмежаванні ўведзеныя ў парушэнне Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, Міжнароднага пакта аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах, бо абмежаванні правоў і свабод у межах мер, якія прымаюцца дзеля абароны насельніцтва, павінны быць законнымі, неабходнымі і супамернымі; і Канстытуцыі, бо права на свабоду перамяшчэння можа быць абмежаванае ў інтарэсах абароны здароўя насельніцтва толькі законам.

Любыя абмежаванні правоў і свабод у межах захадаў, якія прымаюцца дзеля абароны насельніцтва, павінны быць законнымі, неабходнымі і супамернымі

Паводле п.п. 2, 3 арт. 12 МПГПП, кожны чалавек мае права пакідаць любую краіну, уключаючы сваю ўласную. Згаданыя вышэй правы не могуць быць аб'ектам ніякіх абмежаванняў, акрамя тых, што прадугледжаныя законам, неабходныя дзеля аховы дзяржаўнай бяспекі, грамадскага парадку, здароўя ці маральнасці насельніцтва ці правоў і свабод іншых і сумяшчальныя з прызнаванымі ў гэтым Пакце іншымі правамі.

У адпаведнасці з Сіракузскімі прынцыпамі аб палажэннях, якія тычацца абмежавання і прымяншэння правоў у Міжнародным пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах, дапускаюцца абмежаванні пэўных правоў і свабод, калі такія абмежаванні ўводзяцца ў законным парадку, безумоўна неабходныя і навукова абгрунтаваныя, а таксама, калі іх ужыванне не з'яўляецца адвольным ці дыскрымінацыйным і абмежаванае ў часе, калі пры гэтым выконваецца чалавечая годнасць, акрамя таго, такія абмежаванні падлягаюць кантролю і супамерныя пастаўленай мэце.

Згодна з п. 11-15 Заўвагі агульнага парадку № 27, “у пункце 3 артыкула 12 абгаворваюцца выключныя акалічнасці, пры якіх могуць абмяжоўвацца правы, замацаваныя ў пунктах 1 і 2. Гэтае становішча дазваляе дзяржаве абмяжоўваць ажыццяўленне паказаных правоў толькі дзеля аховы дзяржаўнай бяспекі, грамадскага парадку, здароўя ці маральнасці насельніцтва ці правоў і свабод іншых асоб. Дзеля таго каб з'яўляцца дапушчальнымі, абмежаванні павінны прадугледжвацца заканадаўствам, павінны з'яўляцца неабходнымі ў дэмакратычным грамадстве дзеля абароны згаданых мэт і павінны адпавядаць усім іншым правам, прызнаваным у Пакце.

Умовы, пры якіх правы могуць абмяжоўвацца, павінны быць абгавораныя ў самым заканадаўстве. Таму ў дакладах дзяржаваў варта пазначаць прававыя нормы, на якіх засноўваюцца абмежаванні. Абмежаванні, якія не прадугледжаныя заканадаўствам ці не адпавядаюць патрабаванням пункта 3 артыкула 12, уяўляюць сабою парушэнне правоў, якія гарантуюцца пунктамі 1 і 2.

Прымаючы законы, што прадугледжваюць абмежаванні, дазволеныя пунктам 3 артыкула 12, дзяржавам варта заўсёды кіравацца прынцыпам, паводле якога абмежаванні не павінны ўшчамляць сутнасці разгляданага права; суадносіны паміж правам і абмежаваннем, паміж нормай і выключэннем не павінны відазмяняцца. Законы, якія дазваляюць ужыванне абмежаванняў, павінны засноўвацца на дакладных крытэрах і не павінны надзяляць неабмежаванымі дыскрэдытацыйнымі паўнамоцтвамі асоб, якім даручана іх ажыццяўленне.

У пункце 3 артыкула 12 дакладна адзначаецца, што недастаткова толькі таго, каб абмежаванні служылі дасягненню дазволеных мэт; яны таксама павінны з'яўляцца неабходнымі для іх абароны. Абмежавальныя меры павінны адпавядаць прынцыпу супамернасці; яны павінны з'яўляцца дарэчнымі для выканання сваёй ахоўнай функцыі; яны павінны ўяўляць сабою найменш абмежавальны сродак з ліку тых, з дапамогай якіх можа быць дасягнуты жаданы вынік; і яны павінны з'яўляцца супамернымі інтарэсу, які абараняецца.

Прынцып супамернасці павінен выконвацца не толькі ў заканадаўстве, у якім прадугледжваюцца абмежаванні, але і адміністрацыйнымі і судовымі ўладамі падчас ужывання заканадаўства. Дзяржавы павінны забяспечваць, каб любыя працэдуры, звязаныя з ажыццяўленнем ці абмежаваннем гэтых правоў, ажыццяўляліся ў найкароткія тэрміны і каб прыводзіліся прычыны, якія апраўдваюць ужыванне абмежавальных захадаў”.

Такім чынам, любыя абмежаванні правоў і свабод у межах захадаў, якія прымаюцца дзеля абароны насельніцтва, павінны быць законнымі, неабходнымі і супамернымі

Згодна з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, права на свабоду перамяшчэння можа быць абмежаванае ў інтарэсах абароны здароўя насельніцтва толькі законам

У адпаведнасці з арт. 30 і арт. 23 Канстытуцыі, грамадзяне Рэспублікі Беларусь маюць права свабодна перамяшчацца і выбіраць месца жыхарства ў межах Рэспублікі Беларусь, пакідаць яе і бесперашкодна вяртацца назад. Абмежаванне правоў і свабод асобы дапускаецца толькі ў выпадках, прадугледжаных законам, у інтарэсах нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, абароны маральнасці, здароўя насельніцтва, правоў і свабод іншых асоб. Ніхто не можа карыстацца перавагамі і прывілеямі, якія супярэчаць закону.

10 снежня 2020 года апублікаваная пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 7 снежня 2020 г. № 705 “Аб змене пастановаў Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 8 красавіка 2020 г. № 208 і ад 30 кастрычніка 2020 г. № 624”, паводле якой было прынятае рашэнне часова прыпыніць перасячэнне Дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь на выезд з Рэспублікі Беларусь грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, а таксама замежнікамі, якія маюць дазвол на сталае ці часовае пражыванне на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, на аўтадарожных пунктах пропуску, на чыгуначных вакзалах і рачных портах. Пастанова набыла моц 21 снежня 2020 года.

З 21 снежня 2020 года выезд з Беларусі для грамадзян Рэспублікі Беларусь праз наземныя пункты пропуску часова прыпынены. Толькі грамадзяне Рэспублікі Беларусь адзін раз на шэсць месяцаў маглі выехаць з краіны па кожнай з наступных падставаў:

  • навучанне ў замежнай дзяржаве,
  • наяўнасць сапраўднага дакумента, які пацвярджае права на сталае ці часовае пражыванне ў замежнай дзяржаве,
  • працоўная дзейнасць у замежнай дзяржаве

З 4 верасня 2021 года набылі моц змены, паводле якіх тэрмін перыядычнасці выезду паменшылі з 6 месяцаў да 3 месяцаў. Падставы для выезду засталіся ранейшымі.

Гэтыя абмежаванні дзейнічаюць ужо больш за год і былі перагледжаныя толькі адзін раз. Акрамя таго, абмежаванні на выезд з пэўнымі мэтамі распаўсюджваецца толькі на індывідаў, якія перасякаюць мяжу праз наземныя пункты пропуску.

Таксама вызначаныя абмежаванні не распаўсюджваюцца на:

  • асоб, якія едуць па дыпламатычных і службовых пашпартах;
  • кіраўнікоў і чальцоў афіцыйных дэлегацый;
  • кіроўцаў транспартных сродкаў пры выкананні імі міжнародных аўтамабільных перавозак, а таксама перавозак міжнародных паштовых адпраўленняў; супрацоўнікаў Дзяржаўнай фельд'егерскай службы Рэспублікі Беларусь, якія здзяйсняюць дастаўку афіцыйнай карэспандэнцыі і дыпламатычнай пошты па міждзяржаўных фельд'егерскіх маршрутах; супрацоўнікаў рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства "Спецыяльная сувязь", што ажыццяўляюць дастаўку спецыяльных адпраўленняў па міждзяржаўных маршрутах спецыяльнай сувязі;
  • чальцоў экіпажаў паветраных судоў, судоў унутранага воднага транспарту, цягніковых брыгад, лакаматыўных брыгад міжнароднай чыгуначнай сувязі;
  •  грамадзян Рэспублікі Беларусь, а таксама замежнікаў, якія маюць дазвол на сталае ці часовае пражыванне на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, якія накіроўваюцца ў службовую камандзіроўку;
  • асоб, якія пакідаюць Рэспубліку Беларусь паводле паведамлення пра цяжкую хваробу ці пра смерць блізкага сваяка, мужа (жонкі), а таксама асоб, якія іх суправаджаюць;
  • асоб, што здзяйсняюць перавозку ствалавых клетак, органаў для трансплантацыі;
  • грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія маюць від на жыхарства ці іншы сапраўдны дакумент, што пацвярджае права на сталае пражыванне ў замежнай дзяржаве, – для выезду з Рэспублікі Беларусь да месца сталага пражывання;
  • асоб, якія выязджаюць з Рэспублікі Беларусь дзеля атрымання медыцынскай дапамогі;
  • асоб, што выязджаюць з Рэспублікі Беларусь у сувязі з ажыццяўленнем працоўнай дзейнасці на тэрыторыі замежнай дзяржавы;
  • асоб, якія выязджаюць з Рэспублікі Беларусь дзеля атрымання адукацыі ў замежных адукацыйных арганізацыях.

Аднак ч. 5 арт. 25 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб Дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь", а таксама арт. 7 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб санітарна-эпідэміялагічным дабрабыце насельніцтва" не ўтрымоўваюць падставаў, паводле якіх права на свабоду перамяшчэння грамадзян Рэспублікі Беларусь у інтарэсах абароны здароўя насельніцтва можа быць абмежаванае. Паводле ч. 5 арт. 25 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб Дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь", у інтарэсах забеспячэння нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь, а таксама па звароце замежных дзяржаў рашэннем Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь перасячэнне Дзяржаўнай мяжы на асобных яе ўчастках можа быць часова абмежаванае, прыпыненае ці спыненае з апавяшчэннем пра гэта сумежных дзяржаваў. У адпаведнасці з арт. 7 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб санітарна-эпідэміялагічным дабрабыце насельніцтва", Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь у галіне санітарна-эпідэміялагічнага дабрабыту насельніцтва:

  • забяспечвае правядзенне адзінай дзяржаўнай палітыкі;
  • забяспечвае развіццё міжнароднага супрацоўніцтва;
  • зацвярджае дзяржаўныя праграмы;
  • вызначае абавязковыя для выканання ў адпаведнасці з актамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь спецыфічныя санітарна-эпідэміялагічныя патрабаванні і гігіенічныя нарматывы;
  • ажыццяўляе іншыя паўнамоцтвы ў адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, гэтым Законам, іншымі законамі, актамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

Такім чынам, паводле Канстытуцыі, усе правы і свабоды асобы могуць быць абмежаваныя толькі законам і толькі ў пэўных мэтах, якія пералічаныя ў арт. 23 Канстытуцыі, у тым ліку і ў інтарэсах здароўя насельніцтва. Аднак абмежаванне права на свабоднае перамяшчэнне грамадзян было ўведзенае пастановай урада, а не законам. Нягледзячы на тое, што ў прэамбуле Пастановы ўтрымліваюцца спасылкі на Законы, на падставе якіх былі ўведзеныя абмежаванні, дадзеныя законы не ўтрымоўваюць палажэнняў, паводле якіх могуць накладацца абмежаванні на выезд у інтарэсах здароўя насельніцтва. Такім чынам, дадзеныя абмежаванні з'яўляюцца неправамернымі і парушаюць права на свабоднае перамяшчэнне.

Больш за тое, у дзяржавы няма паўнамоцтваў вызначаць мэты выезду. Аднак, паводле пастановы Савета Міністраў № 705, грамадзянін Рэспублікі Беларусь можа выехаць са сваёй краіны толькі пры наяўнасці пералічаных у пастанове мэтаў, якія пацвярджаюцца афіцыйнымі дакументамі.

2) Дыскрымінацыя паводле сацыяльнай прыкметы, маёмаснага становішча і іншых акалічнасцяў

Паводле Заўвагі агульнага парадку № 18, выраз "дыскрымінацыя", як ён выкарыстоўваецца ў Пакце, варта разумець як выраз, які азначае любое адрозненне, выключэнне, абмежаванне ці перавагу, якія заснаваныя на прыкметах расы, колеру скуры, полу, мовы, рэлігіі, палітычных ці іншых перакананнях, нацыянальнага ці сацыяльнага паходжання, маёмаснага становішча, нараджэння ці іншай акалічнасці і якое мае на мэце ці наступствам знішчэнне ці прымяншэнне прызнання, выкарыстання ці ажыццяўлення ўсімі асобамі, на роўных асновах, усіх правоў і свабод.

Пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 30 кастрычніка 2020 г. № 624 “Аб мерах па прадухіленні распаўсюду інфекцыйнага захворвання” ў мэтах прадухілення распаўсюду ў Рэспубліцы Беларусь інфекцыі, выкліканай каранавірусам COVID-19 (далей – інфекцыя COVID-19), на падставе часткі 5 артыкула 25 Закона Рэспублікі Беларусь ад 21 ліпеня 2008 г. № 419-З "Аб Дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь", артыкула 7 Закона Рэспублікі Беларусь ад 7 студзеня 2012 г. № 340-З "Аб санітарна-эпідэміялагічным дабрабыце насельніцтва" Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь пастанавіла, паводле п. 1 і п. 31, часова прыпыніць перасячэнне Дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь на ўезд у Рэспубліку Беларусь у аўтадарожных пунктах пропуску, пунктах спрошчанага пропуску, пунктах пропуску на чыгуначных вакзалах (станцыях), пунктах пропуску ў рачных портах праз Дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь замежнымі грамадзянамі і асобамі без грамадзянства. Часова прыпыніць перасячэнне Дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь на выезд з Рэспублікі Беларусь грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, а таксама замежнікамі, якія маюць дазвол на сталае ці часовае пражыванне на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, у пунктах пропуску, паказаных у частцы 1 пункта 1 гэтай пастановы. У выключных выпадках, звязаных з надзвычайнымі акалічнасцямі, а таксама ў мэтах забеспячэння нацыянальных інтарэсаў Рэспублікі Беларусь па рашэнні Старшыні Дзяржаўнага памежнага камітэта ці ўпаўнаважанай ім службовай асобы можа быць дазволена перасячэнне Дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь на выезд з Рэспублікі Беларусь асобамі, паказанымі ў частцы 1 гэтага пункту, у пунктах пропуску, паказаных у частцы 1 пункта 1 гэтай пастановы.

П. 18 Заўвагі агульнага парадку № 27 сцвярджае: “Ужыванне абмежаванняў, дапушчальных у адпаведнасці з палажэннямі пункта 3 артыкула 12, не павінна супярэчыць ажыццяўленню іншых правоў, якія гарантуюцца Пактам, а таксама асноватворным прынцыпам роўнасці і недыскрымінацыі. Гэтак, абмежаванне правоў, замацаваных у пунктах 1 і 2 артыкула 12, пасродкам правядзення любых адрозненняў, напрыклад, па прыкмеце расы, колеру скуры, полу, мовы, рэлігіі, палітычных ці іншых перакананняў, нацыянальнага ці сацыяльнага паходжання, маёмасці, нараджэння ці іншага статусу, уяўляла б сабой відавочнае парушэнне Пакта". Паводле арт. 22 Канстытуцыі, усё роўныя перад законам і маюць права без усякай дыскрымінацыі на роўную абарону правоў і законных інтарэсаў. У адпаведнасці з арт. 23 Канстытуцыі, ніхто не можа карыстацца перавагамі і прывілеямі, якія супярэчаць закону.

Аднак права свабодна пакідаць Рэспубліку Беларусь адрозніваецца ад спосабу выезду з краіны. Напрыклад, грамадзянін, які мае магчымасць набыць квіток на самалёт і які не баіцца лётаць, без цяжкасцяў скарыстаецца правам выезду з Рэспублікі Беларусь, бо прадугледжаныя пастановай Урада абмежаванні распаўсюджваюцца выключна на наземныя пункты пропуску. Такім чынам, права на свабоду перамяшчэння абмяжоўваецца, і ажыццяўляць гэтае права могуць толькі грамадзяне з пэўным маёмасным становішчам, адукацыяй, сямейным становішчам і г. д. Такім чынам, пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 7 снежня 2020 г. № 705 дыскрымінуе людзей з нізкім узроўнем прыбытку, з праблемамі са здароўем і з аэрафобіяй.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства