viasna on patreon

Каго і за што ў Беларусі пераследуюць па артыкуле "здрада дзяржаве"

2022 2022-02-01T22:41:00+0300 2022-02-02T12:47:23+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/shout-helping_the_enemy_1954-koretsky_b._low.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі паводле асабліва цяжкага артыкулу "здрада дзяржаве" ў следчых ізалятарах і калоніі ўтрымліваюцца 12 палітвязняў. Гэта асуджаны да 18 гадоў калоніі капітан Генштаба Дзяніс Урад, дзевяць фігурантаў справы "Рабочага руху", журналісты Дзяніс Івашын і Андрэй Аляксандраў. Здымак сакрэтнага ліста ў Генштабе і перадача яго тэлеграм-каналу Nexta, падрыхтоўка журналісцкіх расследаванняў для замежных СМІ, дзейнасць стачкамаў і незалежных прафсаюзаў на заводах — усё гэта ў Беларусі можа кваліфікавацца як здрада дзяржаве. Артыкул 356 Крымінальнага кодэкса, які перайшоў па спадчыне з савецкіх часоў, прадугледжвае пазбаўленне волі ад 7 да 15 гадоў, а вайскоўцу — да 20 гадоў калоніі. Гэтыя справы ў Беларусі вядуць органы дзяржаўнай бяспекі. "Вясна" распавядае, што ў Беларусі лічыцца здрадай дзяржаве, узгадвае кейсы палітвязняў па гэтым артыкуле, а юрыст Павел Сапелка разважае, як "здрада дзяржаве" зрабілася зброяй улады ў барацьбе з апанентамі, і прагназуе пашырэнне артыкула.

Ад сямі да пятнаццаці ці тэрмін за здраду Беларусі

Артыкул 356 КК. Здрада дзяржаве

1. Выдача замежнай дзяржаве, міжнароднай або замежнай арганізацыі ці іх прадстаўнікам дзяржаўных сакрэтаў Рэспублікі Беларусь, а роўна звестак, што складаюць дзяржаўныя сакрэты іншых дзяржаў, перададзеных Рэспубліцы Беларусь у адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, або шпіянаж, або пераход на бок ворага падчас вайны ці ўзброенага канфлікту, або іншае аказанне дапамогі замежнай дзяржаве, міжнароднай або замежнай арганізацыі ці іх прадстаўнікам у правядзенні дзейнасці, накіраванай на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, наўмысна здзейсненыя грамадзянінам Рэспублікі Беларусь (здрада дзяржаве), —

караюцца пазбаўленнем волі на тэрмін ад сямі да пятнаццаці гадоў са штрафам ці без штрафу.

2.Здрада дзяржаве, здзейсненая службовай асобай, якая займае адказнае становішча, ці асобай, на якую распаўсюджваецца статус вайскоўца, —

караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад дзесяці да дваццаці гадоў са штрафам ці без штрафу.

Што (не) змянілася з часоў Савецкага Саюза

У Савецкім Саюзе існаваў аналагічны артыкул — "здрада Радзіме", які прадугледжваў ў якасці пакарання расстрэл. Менавіта ён стаў "бацькам" сучаснага артыкула 356 КК. У КК БССР 1928 года ён быў пад нумарам 63-1. Згодна з ім, пад "здрадай Радзіме" меліся на ўвазе "дзеянні, здзейсненыя грамадзянамі Саюза ССР у шкоду ваеннай моцы Саюза ССР, яго дзяржаўнай незалежнасці ці недатыкальнасці яго тэрыторыі, у тым ліку: шпіянаж, выдача ваеннай ці дзяржаўнай таямніцы, пераход на бок ворага, уцёкі ці пералёт за мяжу". Караліся гэтыя дзеянні "вышэйшай мерай крымінальнага пакарання — расстрэлам з канфіскацыяй усёй маёмасці, а пры змякчальных акалічнасцях — пазбаўленнем волі на тэрмін 10 гадоў з канфіскацыяй усёй маёмасці".

Паводле КК БССР 1960 года, "здрадай Радзіме" (артыкул 61) лічылася "дзеянне, наўмысна зробленае грамадзянінам СССР у шкоду дзяржаўнай незалежнасці, тэрытарыяльнай недатыкальнасці ці ваеннай моцы СССР: пераход на бок ворага, шпіянаж, выдача дзяржаўнай ці ваеннай таямніцы замежнай дзяржаве, уцёкі за мяжу ці адмова вярнуцца з-за межы ў СССР, аказанне замежнай дзяржаве дапамогі ў правядзенні варожай дзейнасці супраць СССР, а роўна змова з мэтай захопу ўлады". Пакаранне прадугледжвала зняволенне ад 10 да 15 гадоў з канфіскацыяй маёмасці, высылку на тэрмін ад двух да пяці гадоў ці смяротнае пакаранне.

У Беларусі дагэтуль захоўваецца смяротнае пакаранне, але па артыкуле "здрада дзяржавы" яно не прадугледжанае. Паводле артыкулу "здрада Радзіме" была рэпрэсаваная вялікая колькасць вядомых дзеячаў БССР, якія пасля былі рэабілітаваныя. Савецкія ўлады таксама выкарыстоўвалі гэты артыкул у барацьбе з іншадумцамі.

Адвольнае ўжыванне беларускімі ўладамі артыкула 356 КК

У юрыста Паўла Сапелкі выклікаюць пытанні фармулёўкі беларускага заканадаўца па артыкуле 356 КК.

"Іншае аказанне дапамогі замежнай дзяржаве, міжнароднай або замежнай арганізацыі ці іх прадстаўнікам у правядзенні дзейнасці, накіраванай на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь" — гэта яркі прыклад прававой нявызначанасці ў дыспазіцыі, якая дазваляе адвольна ўжываць закон да самых розных па характары і змесце сітуацый.

Каб зразумець, пра што наогул ідзе гаворка, што такое "прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы", трэба звярнуцца да Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі". 

Згодна з гэтым дакументам, пагроза нацыянальнай бяспекі — "патэнцыйная ці рэальна існуючая магчымасць нанясення шкоды нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь", нацыянальныя інтарэсы — "сукупнасць патрэбаў дзяржавы па рэалізацыі збалансаваных інтарэсаў асобы, грамадства і дзяржавы, якія дазваляюць забяспечваць канстытуцыйныя правы, свабоды, высокую якасць жыцця грамадзян, незалежнасць, тэрытарыяльную цэласнасць, суверэнітэт і ўстойлівае развіццё Рэспублікі Беларусь". А спіс нацыянальных інтарэсаў — гэта каля пяцідзесяці розных пазіцый: ад забеспячэння "абароны незалежнасці, тэрытарыяльнай цэласнасці, суверэнітэту рэспублікі ў выпадку ўжывання супраць яе ваеннай сілы ці пагрозы сілай" да пазіцыянавання "Рэспублікі Беларусь за мяжой у якасці дэмакратычнай прававой дзяржавы, адказнага і прадказальнага партнёра, донара міжнароднай і рэгіянальнай бяспекі".

"Гэта ўсё пакідае вялікае поле для следчых і ўладаў і дае вялікі інструмент для пераследу грамадзянаў па палітычных матывах, што адбываецца ў рэчаіснасці".

Як адзначае Павел Сапелка, у сучаснай гісторыі Беларусі па гэтым артыкуле раней каралі за шпіянаж у ваеннай сферы. Але, паколькі такія справы заўсёды разглядаліся ў закрытым пасяджэнні суда, звестак пра гэта — пра колькасць спраў і пра абгрунтаванасць абвінавачванняў — вельмі мала.

Дзяніс Урад — адзіны асуджаны палітвязень па гэтым артыкуле 

urada_82.jpeg
Дзяніс Урад на судзе

Пра кейс 30-гадовага Дзяніса Урада вядома няшмат — толькі тое, што агучвалі дзяржорганы і прадзяржаўныя СМІ. Да затрымання 15 сакавіка 2021 года Дзяніс займаў пасаду спецсувязіста Генштаба Узброеных Сіл. Паводле інфармацыі праўладных СМІ, 14 сакавіка на дзяжурстве Урад сфатаграфаваў сакрэтны ліст ад міністра ўнутраных спраў міністру абароны пра ўцягванне вайскоўцаў Узброеных Сіл у дзейнасць па падтрымцы правапарадку і "адправіў польскаму тэлеграм-каналу". Верагодна, гаворка ідзе пра прызнаны ўладамі экстрэмісцкім тэлеграм-канал Nexta. У лісце міністр унутраных спраў прасіў накіраваць 50 вайскоўцаў "для аховы аб'ектаў, якія належаць дзяржаўнай ахове і забяспечваюць жыццядзейнасць насельніцтва і функцыянаванне транспарту, і аб'ектаў, што ўяўляюць падвышаную небяспеку для жыцця і здароўя людзей" у вёсцы Бараўляны і Копішча Мінскага раёна, дзе насамрэч былі сканцэнтраваны ачагі мірнай пратэснай актыўнасці грамадзян.

14 траўня стала вядома, што Вярхоўны суд асудзіў Дзяніса Урада паводле ч. 2 арт. 356 Крымінальнага кодэкса (здрада дзяржаве, асобай, на якую распаўсюджваецца статус вайскоўца) да 18 гадоў зняволення ва ўмовах узмоцненага рэжыму за "здраду дзяржаве" (ч. 2 арт. 356 КК). Таксама пастановай Вярхоўнага суда яго пазбавілі звання капітана.

Суд праходзіў у закрытым рэжыме. Прысуд набыў моц з моманту абвяшчэння. Абскарджанню, апратэставанню ў апеляцыйным парадку не падлягае.

Праваабаронцы прызналі Дзяніса палітвязнем. У іх не выклікала сумневаў, што Дзяніс дзейнічаў у грамадскіх інтарэсах, а міністр унутраных спраў маніпуляваў нормамі закона. 

Тэрмін Дзяніс адбывае ў наваполацкай калоніі №1. Былыя зняволеныя, якія былі з Дзянісам у адной калоніі, распавядаюць "Вясне":

"Дзяніс трымаецца, хоць і з такім тэрмінам. Усміхаецца, жартуе".

Падтрымаць былога вайскоўца па адрасе:

ПК №1, 211440, г. Наваполацк, вул. Тэхнічная, 8

Таксама праваабаронцам "Вясны" нядаўна стала вядома, што ў Мінскім гарадскім судзе да 19 гадоў калоніі асудзілі падпалкоўніка Галоўнага разведвальнага кіравання Міністэрства абароны Дзмітрыя Самсонава. Сярод артыкулаў, паводле якіх асудзілі мужчыну, —– ч. 1 арт. 356 ("здрада дзяржаве"). Аднак сутнасць абвінавачванняў падпалкоўніку невядомая, бо суд праходзіў у закрытым рэжыме. Невядома, ці мае справа супраць падпалкоўніка палітычную афарбоўку.

Журналісты — здраднікі дзяржаве?

Артыкул 356 Крымінальнага кодэкса інкрымінуюць таксама двум журналістам — Дзянісу Івашыну і Андрэю Аляксандраву.

Медыяменеджар Андрэй Аляксандраў і BY_Help

Андрей Александров. Фото из социальных сетей.
Андрэй Аляксандраў. Здымак з сацыяльных сетак

Журналіст і медыяменеджар з Мінска Андрэй Аляксандраў утрымліваецца пад вартай у СІЗА-1 ужо больш за год. Ён быў затрыманы 12 студзеня супрацоўнікамі МУС разам з ягонай дзяўчынай Ірынай Злобінай, з якой яны разам жылі.

15 студзеня ў афіцыйным паведамленні намеснік міністра ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь Генадзь Казакевіч заявіў, што Аляксандраў і Злобіна былі затрыманыя “па падазрэнні ў фінансаванні пратэснай дзейнасці”. Паводле яго слоў, Аляксандраў і Злобіна са жніўня 2020 года займаліся фінансаваннем асобаў, якія бралі ўдзел у пратэстах у Мінску, у тым ліку "шляхам аплаты штрафаў і пакрыццём сродкаў на ўтрыманне ў ЦІП і ІЧУ". Паводле паведамлення МУС, Аляксандраў з 22 жніўня па 9 лістапада аплаціў 250 штрафаў. Спісы і грошы на аплату штрафаў Аляксандраву перадаваў Фонду салідарнасці BY_Help. 14 снежня ініцыятыва салідарнасці BY_help прызнаная экстрэмісцкім фармаваннем.

30 чэрвеня Аляксандраву выставілі новае абвінавачванне — паводле ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэкса ("здрада дзяржаве"), аднак у чым канкрэтна абвінавачваецца паводле гэтага артыкулу журналіст — інфармацыі зусім няма.

Андрэй з Ірынай хацелі ажаніцца ў СІЗА-1, але пакуль гэта немагчыма, бо яны знаходзяцца пад следствам па адной крымінальнай справе. Палітвязень за кратамі піша вершы і нават стаў лаўрэатам прэміі імя Францішка Аляхновіча. Вось як ён успрыняў гэту навіну:

"Гэта абсалютна нечаканая навіна! Я штосьці чуў пра намінацыю на прэмію, але пра перамогу — гэта неверагодны сюрпрыз. Мы ж з нацыі паэтаў, і выдатных паэтаў у нас шмат, таму такое прызнанне — шчырая нечаканасць.

Кажуць, што паэзія не патрабуе чытачоў, але я ўсцешаны, што мае думкі і словы аказаліся патрэбнымі і, спадзяюся, дапамаглі камусьці хоць б трошкі прайсці гэту нашу восень. І я з вамі абсалютна згодзен: усё будзе добра! Пішам далей!"

Падтрымаць журналіста па адрасе:

 СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Журналіст Дзяніс Івашын і InformNapalm

Журналист Денис Ивашин. Фото spring96.org
Журналіст Дзяніс Івашын. Фота spring96.org

Журналіста з Гродна Дзяніса Івашына затрымалі 12 сакавіка мінулага года паводле арт. 365 Крымінальнага кодэкса — "умяшанне ў дзейнасць супрацоўніка органаў унутраных спраў".  Ён працаваў як рэдактар-валанцёр сайта Міжнароднай расследавальніцкай супольнасці InformNapalm, пазаштатным карэспандэнтам  газеты "Новы Час".

Журналіст Івашын вядомы сваімі расследаваннямі пра ўплыў "рускага свету" на Беларусь і Сірыю, пра скандальную забудову ў Курапатах, а таксама пра пераход былых украінскіх беркутаўцаў у сілавыя структуры Беларусі.

Пасля стала вядома, што Дзянісу Івашыну прад'явілі абвінавачванне паводле ч. 1 арт. 356 КК. Вось што казалі пра сутнасць абвінавачвання журналісту па гэтым артыкуле ў прадзяржаўных тэлеграм-каналах: 

"Падчас уласнага расследавання сайт InformNapalm у сутнасці з'яўляецца філіяй украінскага 72-га цэнтра інфармацыйна-псіхалагічных аперацый Мінабароны Украіны, які ў нядаўнім мінулым атрымаў новую назву Галоўнага цэнтра інфармацыйна-псіхалагічных аперацый УСУ. У такім разе прэтэнзіі КДБ да Дзяніса Івашына, які спраўна працаваў на InformNapalmе з 2014 года, а да гэтага добра зарэкамендаваў сябе на барыкадах Еўрамайдана, могуць быць больш як абгрунтаванымі".

Як вынікае з гэтых матэрыялаў, Дзянісу Івашыну інкрымінуюць артыкул "здрада дзяржаве" за факт супрацоўніцтва з InformNapalm.

Амаль дзесяць месяцаў Дзяніс утрымліваецца ў гродзенскай турме №1, дзе ўвесь час сутыкаецца з ціскам: яго перыядычна закідваюць у карцар, трымаюць у халоднай камеры, блакуюць перапіску, абмяжоўваюць у медыцынскім абслугоўванні.

На нацыянальнай праваабарончай прэміі Дзяніс Івашын прызнаны журналістам 2021 года. 

Падтрымаць журналіста па адрасе:

Турма №1, 230023, г. Гродна, вул. Кірава, 1

Фігуранты справы "Рабочага руху" і патрабаванні ўладам

rabochy_ruh_0q.jpeg
Фігуранты справы "Рабочага руху"

Летась у красавіку была ўтвораная ініцыятыва "Рабочы рух", якая аб'ядноўвае працаўнікоў Беларусі з мэтай абароны сваіх грамадзянскіх і працоўных правоў і свабод. Яны выставілі дзейснай уладзе Беларусі шэраг патрабаванняў:

  • спыніць ужыванне гвалту і пераслед з боку сілавых ведамстваў у дачыненні да мірных грамадзян;
  • вызваліць усіх палітычных зняволеных, скасаваць вынесеныя ў дачыненні да іх судовыя прысуды;
  • адстаўка Лукашэнкі А.Р. з пасады прэзідэнта.

Праз пяць месяцаў па Беларусі пракацілася хваля затрыманняў актывістаў "Рабочага руху" — завадчан і стачкамаўцаў з "Гродна Азот", БМЗ, "Беларускай чыгункі" і "Нафтана". 13 чалавек былі ўзятыя пад варту паводле арт. 356 Крымінальнага кодэкса ("здрада дзяржаве"). Пра іх затрыманне тады выказваўся Лукашэнка:

"Мы проста не маем права падаць. Трэба ўтрымацца на гэтым узроўні, чаго б нам ні каштавала. Я ведаю, вы ва ўрадзе прынялі шэраг рашэнняў па мінімізацыі ўздзеяння санкцый на нашу эканоміку. Але паглядзіце на сваіх супрацоўнікаў на прадпрыемствах. У мяне ёсць інфармацыя, што мярзотнікаў некалькі там яшчэ дзе-нідзе засталося і яны ставяць перад сабой мэту праінфармаваць "калектыўны Захад" пра тое, як Пархомчык з Назаравым спрабуюць абыйсці санкцыі. Шпіёняць фактычна і здаюць інфармацыю туды.

Некалькіх мы выявілі. Сядуць, і надоўга. Гэты я шчыра кажу. Але, тым не менш, мы іх павінны бачыць. Адзінкі, але яшчэ засталіся. І гэта не проста людзі, якія выяўляюць сваю грамадзянскую пазіцыю. Гэта людзі, якія ўсвядомлена за грошы спецслужбаў Захаду шкодзяць нашай эканоміцы, а роўна нашай дзяржаве. На гэта звярніце асаблівую ўвагу дырэктараў і самі глядзіце за гэтымі працэсамі".

Як вядома з фільма "Нерабочы рух" на АНТ, затрыманых завадчан вінавацяць у "зборы закрытай інфармацыі на прамысловых прадпрыемствах па заданні замежных спецслужбаў (Літвы і ЗША)". Верагодна, у гэтым і палягае сутнасць абвінавачванняў па "здрадзе дзяржавы" трынаццаці палітвязням. 

"Рабочы рух" прызнаны экстрэмісцкім фармаваннем, а ягоныя сацсеткі — экстрэмісцкімі матэрыяламі. Згодна з інфармацыяй, агучанай у фільме, затрыманым фігурантам гэтай справы таксама ставяць у віну артыкул 361-1 Крымінальнага кодэкса — "удзел у экстрэмісцкім фармаванні".

Андрей Погерило в СИЗО КГБ. Скриншот из фильма ОНТ
Палітзняволены Андрэй Пагерыла ў СІЗА КДБ. Скрыншот з фільма АНТ

На гэты момант пад вартай утрымліваюцца дзевяць фігурантаў справы "Рабочага руху". Чатыром палітвязням — завадчанам БМЗ Дзмітрыю Елісееву і Святлане Зыль, супрацоўніку "Беларускай чыгункі" Максіму Саковічу, дэфектолагу Наталлі Белабехавой — змянілі меру стрымання на падпіску аб нявыездзе, заклад, паручальніцтва. Яны знаходзяцца на волі ў статусе абвінавачаных і з'яўляюцца фігурантамі справы "Рабочага руху".

У гомельскім СІЗА-3 па справе "Рабочага руху" цяпер утрымліваюцца былы апаратчык цэха "Аміяк-3" Сяргей Шэлест, былы слесар-рамонтнік цэху "Аміяк-3" Андрэй Пагерыла, былы аператар ДПК цэху "Аміяк-3" Уладзімір Жураўка, памочнік майстра на заводзе "Хімвалакно" (які ўваходзіць у склад "Гродна Азота"), намеснік старшыні Беларускага незалежнага прафсаюза "Гродна Азота" Валянцін Цераневіч, супрацоўнік БМЗ Аляксандр Гашнікаў, супрацоўнікі "Беларускай чыгункі" Сяргей Дзюба і Ганна Аблаб, былы юрысконсульт ААТ "Нафтан" Аляксандр Капшуль, супрацоўнік "Нафтана" Ігар Мінц.  

Падтрымаць фігурантаў справы "Рабочага руху" па адрасе:

СІЗА-3, 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А

"Крызіс прававой сістэмы можа прывесці да вяртання адказнасці за "ўцёкі"

Паводле юрыста Паўла Сапелкі, нельга было раней спрагназаваць, што дадзены артыкул КК зробіцца дзейсным інструментам пераследу беларусаў па палітычных матывах, але цяпер можна меркаваць, што ўлады могуць пайсці на пашырэнне гэтага артыкула дзеля пераследу іншадумцаў: 

"Пра тое, што артыкул 356 КК раптам зробіцца актуальным інструментам для рэпрэсій у дачыненні да апанентаў рэжыму, наўрад ці можна было меркаваць, але, з іншага боку, гэта цалкам укладаецца ў парадыгму сучаснай улады. Усе тыя, хто замінаюць ажыццяўленню недэмакратычных працэсаў, — гэта ворагі дзяржавы, бо менавіта сябе рэакцыйная ўлада атаясамляе з дзяржавай, а свае інтарэсы — з інтарэсамі дзяржавы.

Імклівае падзенне каштоўнасці правоў чалавека і свабодаў у разуменні ўладаў Беларусі, крызіс прававой сістэмы можа прывесці і да таго, што будуць вернутыя і іншыя рудыменты савецкага мінулага — ад адказнасці за "ўцёкі" да адказнасці членаў сям'і — сёння гэта яшчэ пакуль здаецца неверагодным, а заўтра можа і не здзівіць". 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства