“Памятаеце і ведайце, што турмамі ўжо нічога не выправіць!” Пра што ў апошніх словах у судзе казалі анарха-партызаны
У тэлеграм-канале “Права на паўстанне” апублікавалі апошнія словы анарха-партызанаў Ігара Аліневіча, Дзмітрыя Рэзановіча і Дзмітрыя Дубоўскага, асуджаных на вялікія тэрміны пазбаўлення волі па шэрагу артыкулаў крымінальнага кодэкса. Суд над імі праходзіў у закрытым рэжыме, таму аніякай інфармацыі з працэсу няма, аднак палітзняволеныя здолелі перадаць на волю тэксты сваіх выступаў у залі суда, дзе яны патлумачылі сваю пазіцыю і матывы ўчынкаў.
Апошняе слова ў судзе Ігара Аліневіча
“Медыя ахрысцілі нас "групай Аліневіча" – ці нават "бандай" – але гэты ярлык не адпавядае рэчаіснасці. Мы называемся "Чорны Сцяг" [рус. «Черное Знамя»], у гонар аднайменнай Федэрацыі анархістаў, якія змагаліся на гэтай зямлі за свабоду яшчэ ў царскія часы. Кожны ўдзельнік нашага калектыву аўтаномны і здольны весці барацьбу самастойна, што было даказана рызыковымі справамі, турэмнымі тэрмінамі, жыццём на нелегальным становішчы, падполлем, часам... Кожны – асоба, са сваім меркаваннем і характарам. Рашэнні мы прымаем на роўных, без усялякіх галоўных, і тым больш, без верхаводаў. Калі мы і банда, то такіх банд яшчэ не было. Для мяне гонар паўстаць перад судом у коле такіх самых годных таварышаў.
Рэспубліка Беларусь – аскепак таталітарнай імперыі, якая капрызам гісторыі праіснавала яшчэ 30 гадоў. Гісторыя вучыць, што любыя аскепкі імперый у спробах прыпадобніцца былой магутнасці непазбежна дэградуюць. РБ не стала выключэннем, і цяпер мы назіраем поўнае стратэгічнае, эканамічнае і ідэалагічнае банкруцтва рэжыму. Улада агаліла сваю першабытную драпежную сутнасць і ўсё больш скочваецца ў адкрытае варварства.
Падзеі жніўня 2020-га я расцэньваю як пачатак сацыяльнай рэвалюцыі, якая ў канчатковым выніку памяняе не толькі кіруючую эліту, але і ўвесь грамадска-палітычны лад.
Гаворка ідзе, як мінімум, аб адхіленні постсавецкай бюракратыі ад улады, што адкрые магчымасці для мноства сацыяльных альтэрнатыў.
Я не мог прапусціць гэтыя пераломныя гістарычныя часы – я чакаў іх 20 гадоў свайго жыцця – і вырашыў далучыцца да паўстання. У рэвалюцыі ўсе ролі важныя, але кожны чалавек павінен унесці свой уклад згодна з уласным сілам, якасцях і ўменням. Я абраў шлях паўстанца Супраціву.
Чаго я хацеў? Галоўнай праблемай любой рэвалюцыі анархісты лічаць перахоп ініцыятывы новымі правадырамі. У выніку лозунгі выпустошваюцца і справа абмяжоўваецца толькі зменай элітаў і невялічкай падачкай народу.
Ва ўмовах беларускага аўтарытарызму Рэвалюцыя стала магчымай менавіта дзякуючы дэцэнтралізацыі. Я хацеў паспрыяць далейшаму развіццю падзей у дэцэнтралізаваным рэчышчы, каб рэжым паў пад націскам народнага згуртавання, а не падчас закулісных перамоваў і саступак. Такім чынам, мэтай майго ўдзелу ў падпольнай барацьбе было зусім не застрашванне людзей, не спроба паўплываць на ўладу, не дэстабілізацыя і без мяне дэстабілізаванага грамадства. Наадварот, я імкнуўся да натхнення народа, каб праз смелыя ўчынкі людзі паверылі ва ўласныя сілы. Я хацеў разняволення рэвалюцыйнай асобы, радыкалізацыі свядомасці, каб чалавек пераадолеў звыклыя шаблоны падпарадкавання і аўтарытарныя догмы. Я хацеў, каб чалавек не глядзеў у рот правадырам, а імкнуўся браць ініцыятыву ў свае рукі і стаў смялей, больш амбіцыйны ў сваіх палітычных жаданнях і самаарганізаваўся разам з іншымі людзьмі.
Да таго ж, было важна адцягнуць увагу сілавікоў і карнікаў на паўстанцаў Супраціву і тым самым даць больш магчымасцяў рэвалюцыйнаму грамадству ўмацаваць інстытуты самакіравання, якія зараджаліся.
Я хацеў, каб грамадзянскія ініцыятывы з'ядналіся па сеткавым прынцыпе ў агульнанацыянальную Канфедэрацыю і вылучылі ўласную праграму палітычных пераўтварэнняў, накіраваную ў бок прамой партысіпатыўнай дэмакратыі і грамадзянскага самакіравання, без правадыроў і партый-пасярэднікаў.
Паўстанне жыве надзеямі. Мая надзея, як анархіста, у тым, што ў гэтай сацыяльнай вайне мацней рабскіх кайданоў ўсё ж апынецца воля да свабоды.
Няхай жыве Рэвалюцыя!
Няхай жыве дэцэнтралізацыя і муніцыпальная Канфедэрацыя!
Няхай жыве прамая дэмакратыя!
І, у канчатковым рахунку, няхай жыве Анархія!”
Апошняе слова ў судзе Дзмітрыя Рэзановіча
“Палітычнай сітуацыяй у краіне і палітыкай у цэлым зацікавіўся пасля прэзідэнцкіх выбараў 2006 года.
Прыкладна ў гэта ж час далучыўся да анархічнага руху. Ідэя анархізму грунтуецца на прынцыпах свабоды, незалежнасці і самакіравання. Анархіст – гэта нешта сярэдняе паміж лібералам і сацыялістам. Ад лібералізму мы бярэм свабоду, ад сацыялізму – сацыяльную справядлівасць. Анархісты перакананыя, што ўлада ў Рэспубліцы павінна належаць толькі народу, а не манарху або групе алігархаў, напрыклад. У той жа час мы не прыхільнікі прэзідэнцкай рэспублікі, бо дадзеная форма прыводзіць да дыктатуры прэзідэнта. Нам блізкія ідэі дэмакратыі. Па сутнасці, ад тыповых дэмакратаў нас адрознівае, напэўна, толькі тое, што мы больш крытычна ставімся да дзяржавы як такой. Анархісты выступаюць за выбарнасць улады там, дзе яна неабходная, а таксама за дэцэнтралізацыю.
У лютым 2014 года я на ідэйным узроўні прымаў удзел у рэвалюцыі ў Украіне. Я — паляшук, і мае карані са Столінскага раёна Брэсцкай вобласці. Таму мне не абыякавы лёс Украіны. Але галоўнае – гэта тое, што ўкраінскі народ мае права на незалежнасць. І ў 2014, пасля звяржэння рэжыму Януковіча, украінцы (за выключэннем Данбаса і Крыма) упершыню па-сапраўднаму змаглі адарвацца ад расейскай дзяржавы, ад улады маскоўскага крамля ў рэшце рэшт! Цяпер у іх адкрываюцца небывалыя магчымасці, і на адрэзку 20-40 гадоў мы ўбачым, што з гэтага атрымаецца.
У жніўні 2020 года я вырашыў праявіць салідарнасць з паўсталай часткай беларускага народа, са змагарамі ды барацьбітамі за Новую Беларусь, а таксама падтрымаць несістэмныя апазіцыйныя дэмакратычныя сілы. Я знаёмы з усімі абвінавачанымі. Гэта мае аднадумцы.
Далей я буду казаць выключна пра свае матывы, якія тычацца сацыяльна-палітычнай абстаноўкі, што склалася ў краіне
Сілавікі, галоўным чынам міліцыя і ўнутраныя войскі, пасля заканчэння галасавання 9 жніўня і ў наступныя дні пратэсту, дэманстратыўна збівалі і калечылі мірных пратэстоўцаў, якія адважыліся выказаць сваю нязгоду з вынікамі перавыбараў прэзідэнта. Я лічу, што пратэсты ў Беларусі, асабліва ў першыя дні, былі ў меру мірныя. Я быў на кіеўскім майдане і ведаю, аб чым кажу. Таму Тарайкоўскага ў Мінску застрэлілі неабгрунтавана, і гэтае забойства пакінула на мне глыбокі след.
Пасля ўсяго таго, што здарылася ў першыя дні пратэсту па ўсёй краіне, я не мог заставацца ў баку, тым больш не мог падтрымаць альбо як-небудзь апраўдаць дзеянні ўладаў. Мітынг ЗА Лукашэнку 16 жніўня, на якім выступаў сам пан Лукашэнка, паказаў, колькі рэальна грамадзян яго падтрымлівае – гэта быў найсур'ёзнейшы маркер, як кажуць аналітыкі. Мае маральныя прынцыпы расцанілі гэта ўсё як набат да рашучай барацьбы за новую будучыню без абрыдлай дыктатуры. Але мэта НЕ апраўдвае сродкі, і галоўнымі крытэрамі барацьбы з'яўляліся адэкватнасць і справядлівасць, недапушчэнне чалавечых ахвяраў. І на сённяшні дзень, аналізуючы сваё мінулае, я спакойны, што на маіх руках няма людскіх смерцяў.
Наша анархісцкая група называецца "Чорны Сцягк. Мы з'яўляемся ўдзельнікамі супраціву, задача якога складаецца ў вызваленні Беларусі ад дэспатызму Лукашэнкі і кантролю Пуціна.
На жаль, нас затрымалі памежнікі. Дарэчы, тыя самыя памежнікі, што нядаўна паўгода не заўважалі тысячы парушальнікаў у памежных зонах і палосах. На заставе "Хаменкі" вайсковай часткі 1257 да нас ставіліся горш, чым да замежных нелегалаў. І ў канчатковым выніку работнікі камітэта дзяржбяспекі з нас "зляпілі" "тэрарыстаў". Хоць сапраўдныя тэрарысты гвалтуюць у дзяржаўных ведамствах і ўстановах, аддаючы загады сілавікам для падтрымання жалезнага страху ў грамадстве. Усе таталітарныя дыктатуры трымаюцца выключна на страху. Сёння гэта называецца дзяржаўны тэрарызм.
Я суду не давяраю. Закрытае судовае пасяджэнне пазбаўляе нас магчымасці адкрыта даносіць нашу пазіцыю народу. Артыкул 289 кажа аб тым, што справа палітычная. У сувязі з гэтым лічу, што рашэнне па нас ужо прынятае і высокі суд толькі агучыць ўстаноўку зверху.
Высокі суд, вы мяне, канешне, прабачце, але рэальнасць такая. Калі-небудзь мы яшчэ вернемся да гэтай нашумелай справы.
Гэта павінна спыніцца. За намі прыйдуць іншыя. І велізарныя тэрміны рэвалюцыю, якая ўжо здарылася ў галовах людзей, не спыняць.
Няхай жыве анархізм! Няхай жыве вольная, незалежная Беларусь!”
Апошняе слова ў судзе Дзмітрыя Дубоўскага
“Я, Дзмітрый Дубоўскі, з'яўляюся прыхільнікам паўстанцкага анархізму. Падчас беларускага паўстання прадстаўляў і дзейнічаў ад фракцыі "Чорны сцяг". Звяртаюся з гэтым словам да трох адважных і гордых паплечнікаў, братаў – анархістаў Ігара, Дзімы і Сяргея, што сядяць побач са мной.
Воляю лёсу і абставінаў, што склаліся, мне даводзіцца агучваць гэтае слова тут, у судзе. Гэта не апошняе маё слова – як таго хоча судовая ўлада. Яно не можа быць апошнім толькі таму, што любыя дзеянні заўсёды гучаць гучней слоў – яны будуць чутныя вечна, нягледзячы на рашэнне суда і незалежна ад таго, дзе кожны з нас будзе знаходзіцца.
Ужо ўсё роўна, хто з нас быў датычны да гэтых дзеянняў, і ці быў датычны наогул? Беларуская рэвалюцыя запісала і ўпісала нас у гісторыю менавіта такімі, якімі хацеў бачыць нас паўсталы народ: партызанамі і паўстанцамі, якія ўсталі на абарону рэвалюцыі і свабоды, народнымі смельчакамі, якія кінулі выклік тыраніі!
Таму, паважаныя браты-анархісты, усё што нам цяпер застаецца і што мы можам захаваць, дык гэта менавіта гэты наш вобраз – рэвалюцыянераў-паўстанцаў і анархістаў справы!
Я вельмі рады, што ў сваіх словах і зваротах тут, у судзе, вы горда і з годнасцю падтрымалі і выступілі ад фракцыі "Чорны сцяг". Таксама хачу выказаць павагу за ваша рашэнне байкатаваць большую частку пасяджэнняў гэтага судовага працэсу. Гэта было правільным і абгрунтаваным рашэннем з вашага боку.
Я ж, у сваю чаргу, заставаўся і знаходзіўся ў залі суда з цікаўнасці. Мне хацелася на свае вочы пераканацца і прааналізаваць, як гэта працуе, і ці працуе наогул, у які бок будзе пераважвацца чаша вагаў "сляпой" багіні правасуддзя Феміды, і як разыгрываецца гэты спектакль? Хоць першапачаткова было зразумела, што знаходзячыся ў палоне лукашэнкаўскага рэжыму, спадзявацца на справядлівасць і гуманнасць судоў не даводзіцца!
Таму ў мяне няма сумненняў у тым, што суд вынесе абвінаваўчы прысуд і прызначыць максімальна суровыя тэрміны, запрошаныя пракурорам кожнаму з нас.
Далей выкажуся і скажу пра тое, чаму, як і за што мяне і трох астатніх абвінавачаных анархістаў з цалкам сфабрыкаваным і заказным з боку ўлады абвінавачваннем падвергнулі суду.
Нашы лёсы і пакаранні былі перадвырашаныя і вызначаныя яшчэ задоўга да пачатку нашага разгляду справы ў судзе. Сам жа судовы працэс – усяго толькі фармальнасць і спектакль, які не мае ніякага дачынення да правасуддзя і тым больш не звязаны са справядлівасцю.
Як толькі я і трое іншых абвінавачаных анархістаў апынуліся ў руках КДБ, следчае ўпраўленне вырашыла выкарыстоўваць наша затрыманне ва ўласных мэтах і інтарэсах. У прыватнасці, атрыманне прэферэнцый ад улады за злоў і раскрыццё нібыта небяспечнай групы тэрарыстаў.
Але праўда ў тым, што ў нашфм злове і затрыманні заслугі КДБ няма ніякай! Усё, на што КДБ аказаўся здольным, дык гэта на подлае і цынічнае абвінавачанне ў дачыненні да нас. Пры гэтым нават не прадставіўшы важкіх доказаў для гэтага, толкам не разабраўшыся, хто і як у рэчаіснасці здзяйсняў падпалы названых у абвінавачванні аб'ектаў і транспартных сродкаў, КДБ проста выканаў палітычны заказ улады, які быў абумоўлены мерамі па падаўленні пратэстнага руху ў краіне. У апраўданне легітымнасці падобных мераў уладам патрэбна была важкая падстава. І такая падстава знайшлася ў выглядзе барацьбы і процідзеяння экстрэмізму і тэрарызму. Адпаведна, патрэбныя былі і рэальныя тэрарысты: альбо іх трэба было прыдумаць, альбо прызначыць з тых, хто быў схоплены ў палон (затрыманы і пасаджаны ў турму) памагатымі лукашэнкаўскага рэжыму.
У сувязі з гэтым, на прыкладзе і з нагоды затрымання мяне і яшчэ трох анархістаў каля мяжы з Украінай, КДБ, заручыўшыся падтрымкай дзяржсмі, неадкладна і напляваўшы на так званую “прэзумпцыю невінаватасці”, пачалі мэтанакіравана і наўмысна ствараць і раскручваць з нашых асобаў вобраз тэрарыстаў, а тыя дзеянні, што ставіліся нам у віну і якія заключаліся ў знішчэнні маёмасці, падаваць як "акт тэрарызму", застрашванне грамадства; адкрыта трансляваць гэтыя наратывы аб тэрарызме і анарха-тэрарыстах беларускаму грамадству.
Увесь гэты інфармацыйны ўкід і спекуляцыі, звязаныя з нашым затрыманнем, былі накіраваныя на стварэнне і нагнятанне яшчэ большай атмасферы страху ў краіне, з мэтай далейшага ціску на грамадства, падрыву даверу паміж людзьмі, якія з'ядналіся і аб'ядналіся ў барацьбе супраць нелегітымнай улады. Але ў першую чаргу, мабыць, для таго, каб стварыць ілюзію ў вачах грамадскасці аб правамернасці і неабходнасці жорсткіх мер і рэпрэсій у дачыненні да пратэстна настроеных грамадзян, ініцыятыў, незалежных СМІ і інш.
Я мяркую, калі б у тыя самыя дні кастрычніка 2020 года мы не былі затрыманыя памежнікамі, то тэрарыстамі быў бы прызначаны нехта іншы, а горш і страшней за ўсё, калі б замест гэтага КДБ і іншым сілавым ведамствам прыйшлося б самім займацца і здзяйсняць правакацыі і акты тэрарызму, то ў гэтым выпадку трагічных наступстваў магчыма было б не пазбегнуць!
Сумнявацца ў тым, што сілавы блок і спецслужбы гатовыя на падобнага роду правакацыі, не прыходзіцца. Узяць хоць бы свежы прыклад: справа па т. зв. змове з мэтай звяржэння ўлады і ліквідацыі яе верхавіны і самога прэзідэнта, дзе сярод змоўшчыкаў быў правакатар.
Не варта таксама забывацца пра тое, што выбух у мінскім метро 2011 года, які пацягнуў рэальныя ахвяры, да гэтага часу не зачыніў пытання аб магчымай датычнасці да арганізацыі гэтага жудаснага тэракту людзей у пагонах. Не выключана, што падобных прыкладаў больш, як і рэальных дзеянняў, у якіх могуць быць замяшаныя самі ж сілавікі і камітэтчыкі. Бо нездарма КДБ у народзе ўжо даўно сталі называць як "Камітэт дзяржаўнага бязмежжа"! Такой характарыстыцы яны былі ўдастоеныя за рознага роду крымінальныя справы падобна нашай. З прадузятымі і фальшывымі абвінавачваннямі. За асаблівы цынізм і подласць, з якімі яны выслужваюцца перад дыктатарам, у сваім рабалепстве яму, яны спусціліся да такога стану, пры якім паняцці доблесці і гонару, служэння на карысць і бяспеку народа насельніцтва – зніклі!
Я таксама мяркую і перакананы ў тым, што ўся судовая сістэма ўжо даўно не працуе на тое, каб перамагла праўда і справядлівасць. Суды і прадстаўнікі т. зв. "Феміды" ў прынцыпе не закліканыя разбірацца ў першапрычынах і першакрыніцах дзеяў, якія здзяйсняюцца, улічваць сітуацыю, якая склалася ў краіне ў перыяд здзяйснення намі дзеянняў, што ставяцца нам у віну, і што гэтаму папярэднічала. А варта было б!
Варта было б разгледзець усе звёны ланцуга падзей, што склаліся, так як віна за зробленае ляжыць зусім не на мне і не на трох астатніх абвінавачаных анархістах, а на тых, хто пасеяў недавер паміж людзьмі, на тых, хто стварыў і павялічыў раскол у грамадстве. Гэтая віна ляжыць на тым і на тых, хто прыкрываючыся нібыта любоўю і клопатам пра народ, думаў толькі аб захаванні ўласнай улады над гэтым народам. Гэтая віна цалкам на тым, хто вырашыў сілай і штыкамі ўтрымліваць сваё пануючае становішча над усім астатнім беларускім грамадствам.
Але такая віна і яе сапраўдныя вінаватыя, па вызначэнні судоў, не выкрываюцца і не караюцца. Таму шта гэта аўтаматычна паставіць пад сумнеў існаванне як саміх судоў (судовай улады), так і дзяржавы ў цэлым, а таксама іх карысці для грамадства ў абароне правоў і свабодаў асобы і бяспекі грамадзянаў. Супраць саміх сябе, сваіх заступнікаў, вы не будзеце ўжываць законы і крымінальны пераслед, па якіх судзіце і ўтрымліваеце ў турмах апанентаў і праціўнікаў дзеючай улады.
Закрытае пасяджэнне па нашай справе з'яўляецца адным з відавочных прыкладаў, што пацвярджае мае словы. Бо такім чынам мы былі пазбаўленыя права на справядлівае і публічнае разбіральніцтва справы "бесстароннім судом". Не кажучы ўжо пра тое, што з самага пачатку, як толькі нас затрымалі, былі парушаныя і не выкананыя працэсуальныя нормы, а таксама ўжытыя гвалтоўныя метады, фізічнае і псіхалагічнае ўздзеянне падчас дазнання.
Таксама магу з упэўненасцю сцвярджаць, што КДБ, суды, дзярж. СМІ і іжэ з імі ў рэаліях беларускай дзяржавы з'яўляюцца ўсяго толькі інструментамі для захавання і ўтрымання ўлады.
Ну а мы, як зрэшты і любы іншы просты чалавек з народа, які трапіў у жорны іх сістэмы, выкарыстоўваюцца гэтымі інструментамі, як сродак, каб запалохаць іншых.
Суды, як і многія іншыя дзяржаўныя інстытуты, ўцягнутыя нелегітымнай уладай у праводзімую гэтымі ж уладамі палітыку тэрору. Па-іншаму гэта ніяк не назавеш.
Адпаведна, судовы працэс над намі з'яўляецца паказальнай расправай, "судзілішчам" па замове цяпер дзеючай улады.
Добраахвотны ўдзел у такім "судзілішчы" асобаў, якія ўсталі на бок абвінавачвання і працягваюць абслугоўваць нелегітымную ўладу, аўтаматычна ставіць іх у адзін шэраг з тымі, каго цалкам справядліва і апраўдана называюць у народзе карнікамі, акупантамі і прыгнятальнікамі!
Падобнымі эпітэтамі прадстаўнікоў рэжыму назвалі за тое, што яны звярталіся да бесчалавечнага абыходжання, катаванняў, актаў гвалту, незаконных/злачынных дзеянняў, якія пацягнулі цялесныя пашкоджанні, траўмы і нават гібель людзей у дні да, падчас і пасля “Прэзідэнцкіх выбараў-2020”, а таксама на ўсім працягу існавання лукашэнкаўскага рэжыму і яго аднаасобнага праўлення і дамінавання над беларускім грамадствам.
Таму я не лічу неабходным апраўдвацца і прасіць прабачэння перад тымі, хто так ці інакш працуе на існуючую ўладу ў т. зв. Рэспубліцы Беларусь і свядома ўдзельнічае ў развязаным у адносінах да сваіх уласных грамадзян дзяржаўным тэрарызме!
Адзінае, пра што я магу шкадаваць, і за што прасіць прабачэння, дык гэта за тое, што мне не ўдалося аказаць у поўнай меры адпаведную падтрымку паўсталаму народу і ўсім тым людзям, хто хоць і не быў уключаны ў пратэсты і барацьбу наўпрост, але гэтак жа сама чакаў і жадаў пераменаў.
Я шкадую аб тым, што мне не ўдалося аказаць гэтую падтрымку ў поўным аб'ёме, як таго патрабуе рэвалюцыйная барацьба, а толькі часткова і тымі метадамі, да якіх мне прыйшлося звярнуцца.
Я таксама рэкамендую баку абвінавачвання і ўсім, хто зацікаўлены і жадае, каб мяне і астатніх абвінавачаных анархістаў асудзілі на доўгія гады зняволення, і ўсім тым, хто слепа прыводзіць у выкананне гэты і многія іншыя палітычныя заказы ўлады, задумацца над тым, на што я звяртаю ўвагу.
Задумацца над тым, што адбывалася і адбываецца ў рэчаіснасці, хто па-сапраўднаму ўяўляе пагрозу грамадству і хто рэальны тэрарыст.
Задумацца над тым, у чыіх інтарэсах вы судзіце, каго абараняеце, а каго асуджаеце!
Памятаеце і ведайце, што турмамі ўжо нічога не выправіць. Нельга забараніць і абмежаваць рэвалюцыйныя ідэі і жаданні ўсяго астатняга грамадства вызваліцца і пазбавіцца ад тыранічнага рэжыму.
Памятаеце і ведайце, што ні адна з рэпрэсіўных мераў, якія ўжываюцца ўладамі, не дасць ім патрэбнага эфекту ў плане застрашвання і падпарадкавання грамадзянаў. Усё наадварот!
Уладам рана ці позна давядзецца змірыцца з непазбежным і адступіць, прызнаць сваё бяссілле ў барацьбе з рухам народнага супраціву.
Усе крокі і рэакцыя ўлады толькі падштурхоўваюць грамадства да радыкалізацыі – замест падпарадкавання і страху. Сіла і страх добрыя там, дзе гадуюць рабоў, але яны абсалютна бяздзейнасць там, дзе народ гатовы і жадае весці рашучую барацьбу з прыгнятальнікамі, імкнецца да свабоды.
Супраціўляцца тыраніі з'яўляецца неад'емным складнікам чалавечай дзейнасці. І калі забараняць людзям дзейнічаць адкрыта, яны будуць вымушаныя "сысці" ў падполле. Пратэстны рух будзе дзейнічаць падпольна да таго часу, пакуль ціск улады на людзей не паменшыцца, не адпадзе неабходнасць супраціўляцца.
Так і ў выпадку са мной. Калі б не ціск уладаў, некалі аказаны на анархічны рух, калі б улада не выцясняла нас з краіны, не блакавала нашай міратворчай і негвалтоўнай дзейнасці, практык і ініцыятыў унутры самой Беларусі, то мне не давялося б пераходзіць на нелегальнае становішча. Як, магчыма, і не прыйшлося б звяртацца да тых дзеянняў, да якіх я быў вымушаны звярнуцца восенню 2020 г.
Я вярнуўся і зайшоў у гарады, некалі пакінутай мной краіны, не як тэрарыст і зусім не для таго, каб палохаць грамадства.
Я прыйшоў і апынуўся ў краіне ў тыя самыя дні, калі дзяржава і яе сілавікі ішлі ў атаку на ўласных грамадзян і тэрарызавалі насельніцтва.
Я апынуўся тут, у Беларусі, у дні абвастрэння палітычнай сітуацыі. Тады, калі абстаноўка ў краіне ўжо была дэстабілізаваная.
Калі нават сам сумнеўна абраны прэзідэнт прама і адкрыта пагражаў людзям, кажучы і заяўляючы наступнае: “Нікога больш у палон не браць, а пакідаць іх (пратэстоўцаў) як мінімум без рук...”
А пасля і зусім узброены аўтаматам, са сваім непаўналетнім сынам (таксама узброеным) фактычна абвясціў вайну свайму народу!
Я ўжо не кажу пра многія іншыя выпадкі, не толькі пагроз, але і канкрэтных дзеянняў злачыннага характару з боку сілавых ведамстваў і ўсёй дзяржсістэмы ў цэлым.
Бачачы і назіраючы ўсё гэта, няўжо бок абвінавачвання думае і мяркуе, што чалавек, які мае сумленне і маральны стрыжань ўнутры сябе, які адчувае сваё дачыненне да лёсу сваіх таварышаў і аднадумцаў (якія знаходзіліся на той момант альбо ў турмах, альбо пад жорсткім прэсінгам і кантролем сілавых ведамстваў), які перажывае за лёс сваіх родных і блізкіх і ўсяго народа ў цэлым, будзе заставацца ў баку і бяздзейнічаць?!
Вось і я не змог быць у баку ад усяго, што адбываецца ў Беларусі!
Сілавое вырашэнне праблем і ўзніклага канфлікту паміж народам і ўладай канчаткова пазбавілі мяне перакананасці ў справядлівым упарадкаванні беларускай дзяржавы і яе здольнасці забяспечваць належнае права на жыццё і бяспеку сваіх уласных грамадзянаў.
Менавіта сама цяпер дзеючая ўлада сваім стаўленнем да народу і парушэннем законнасці прымусіла мяне выйсці з падполля тады, калі гэтага патрабавала сітуацыя. У зоне маёй маральнай адказнасці было і ёсць змагацца і супрацьстаяць падобным праявам дзяржаўнага тэрарызму і бязмежжа з боку сілавікоў.
Я пераследваў зусім супрацьлеглыя абвінавачванню мэты, а менавіта:
- змагацца ўсімі даступнымі спосабамі і сродкамі з аўтарытарнай сістэмай;
- абараняць сябе і астатніх грамадзянаў ад агрэсіі дзяржавы і яе сілавікоў;
- выказаць салідарнасць і падтрымаць паўсталую частка грамадства.
Я выступіў на баку пацярпелага ад дзеянняў уладаў – народа! На баку народа і грамадзянаў, у якіх меліся і маюцца да гэтага часу аргументаваныя сумневы ў законнасці дзеючай улады.
Я быў вымушаны звярнуцца да тых дзеянняў і партызанскай тактыкі барацьбы, якія былі абумоўленыя той сацыяльнай нормай, што ўсталявалася ў грамадстве на той момант.
Я выбраў тую форму дзеянняў, якая рэзаніравала з пачуццямі і жаданнямі многіх людзей у Беларусі і за яе межамі. Таму я не лічу сябе вінаватым у тым, што супрацьстаяў гэтай сістэме.
Я ўдзельнічаў і ўнёс свой унёсак у барацьбу, якую пачала частку грамадства гэтай краіны супраць акупацыйнага рэжыму, на чале якога знаходзіцца сумнеўна абраны прэзідэнт.
Я ўдзельнічаў у гэтай барацьбе з мэтай падтрымаць паўсталы беларускі народ, яго імкненні пазбавіцца ад дыктатуры!
І я абсалютна перакананы ў тым, што гэты народ, рана ці позна, дасягне пастаўленых мэтаў у сваёй барацьбе за новую і свабодную Беларусь!
Беларусь будзе вольнай!
Тыранія будзе пераможана!
Мы, анархісты, заўсёды былі і застаемся з народам у яго барацьбе супраць дэспатычнай улады!
Мы яшчэ вернемся!
Няхай жыве Анархія!”