viasna on patreon

Палітвязням Ягорычавай і Пазнякову абвінавачванне просіць па два з паловай гады: жонцы — калоніі, мужу — "хіміі"

2022 2022-01-24T10:57:10+0300 2022-01-24T13:27:32+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/grodna-2020-09-06-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Марш адзінства ў Гродна 6 верасня 2020 года. Фота: hrodna.life

Марш адзінства ў Гродна 6 верасня 2020 года. Фота: hrodna.life

У судзе Кастрычніцкага раёна Гародні 24 студзеня павінен быў вынесены прысуд па крымінальнай справе ў дачыненні да юрысткі Алены Ягорычавай і слесара Ігара Пазнякова. Палітвязняў абвінавачваюць у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч.1 арт 342 КК) і гвалце альбо пагрозе прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў (арт. 364 КК РБ).

Справу разглядае суддзя Віталь Лабоцкі. Дзяржабвінаваўца — пракурор Алена Дайліда.

Жыхароў Гародні мужа і жонку Алену Ягорычаву і Ігара Пазнякова затрымалі 30 верасня 2021, да суда яны ўтрымліваліся ў гарадзенскай турме №1.

Паводле абвінавачвання, Алена Ягорычава і Ігар Пазнякоў 6 верасня 2020 года па папярэдняй змове паміж сабой і іншымі неўстаноўленымі падчас следства асобамі, "адчуваючы нянавісць да існуючага палітычнага рэжыму і канстытуцыйнага ладу", прынялі ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, спалучаных з відавочным непадпарадкаваннем прадстаўнікам улады на тэрыторыі горада Гродна каля дома 10 па вуліцы Гарнавых, "натхняючы сваімі паводзінамі іншых у мэтах падахвочвання ў іх пачуцця неабходнасці ўдзелу ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве», выбудаваўшыся ў шэраг і арганізавана узяўшыся за рукі, утварылі "счэпку", дэманструючы свой намер аказваць відавочнае непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі.

Алену Ягорычаву таксама абвінавачваюць у гвалце ў дачыненні да супрацоўніка АМАПу. Паводле версіі дзяржабвінаваўцы, жанчына ўжыла гвалт «нанёсшы не менш за адзін удар правай рукой у вобласць твару і шыі, пасля чаго ажыццявіла захоп правай рукой за маску і шыю пацярпелага, прычыніўшы яму фізічны боль і пабоі».

Судовы працэс пачаўся 30 снежня. На чарговым пасяджэнні 21 студзеня вывучаліся пісьмовыя матэрыялы справы і адбыліся спрэчкі бакоў.

На відэдазапісе бачна, як абвінаваныя стаяць, узяўшыся за рукі, чутна, як скандуюць людзі.

Бачна таксама, як Ягорычава паварочваецца ў бок супрацоўніка АМАП, цягнецца да супрацоўніка, спрабуе ўзяць за маску.

Суддзя: Зыходзячы з відэа, вы цягнеце супрацоўніка за руку, зрываеце маску, можаце патлумачыць свае дзеянні?

- Я да яго нават не падыходзіла.

Суддзя: Вы давалі паказанні, што страцілі абутак і шукалі яго, але зыходзячы з відэа, вы спакойна стаіце падчас першага, другога сутыкненняў з супрацоўнікамі міліцыі, спакойна стаіце пад руку з Пазняковым.

- Ну як я магу шукаць, калі людзі вакол? Я шукала да таго, як людзі сталі шчыльна.

Пытанне Ігару Пазнякову:

- З якой мэтай вы там стаіце, прыкладна 11 хвілін, чаму не сыходзіце, калі вы кажаце, што вы там выпадкова апынуліся?

- Таму што спалохаліся, не ведалі куды ісці, з аднаго боку - плот, наперадзе затрыманні людзей, на праезнай частцы ззаду людзі напіралі, мы засталіся на месцы.

Суддзя ўдакладняе ў Ягорычавай: Вы цягнецеся да супрацоўніка міліцыі або цягнеце за сабой мужа?

- Цягну мужа з натоўпу, таму што страшна…

У Гародні сямейную пару судзяць за «счэпку» на Маршы адзінства

Па справе праходзіць пацярпелы супрацоўнік АМАП, у дачыненні да якога ўжытыя меры бяспекі ў выглядзе невыдавання звестак пра ягоную асобу.

У судзе агучаныя хадайніцтвы працоўнага калектыву ААТ "Дарожна-будаўнічы трэст", які просяць у выпадку абвінаваўчага прысуду Ігару Пазнякову не прызначаць пакаранне, звязанае з пазбаўленнем альбо абмежаваннем волі з накіраваннем у папраўчыя ўстановы закрытага тыпу, каб ён змог выконваць свае працоўныя абавязкі. Таксама прыкладаецца характарыстыка з месца працы.

Такое ж хадайніцтва і характарыстыка далучаныя за подпісам дырэктара і ад працоўнага калектыву, з месца працы Алены Ягорычавай.

Пазіцыя дзяржабвінавачання

У судовых спрэчках дзяржабвінаваўца адзначыла, што Ігар Пазнякоў, маючы нянавісць да існуючага канстытуцыйнага ладу і палітычнага рэжыму, браў удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве з прыцягненнем вялікай колькасці людзей і з відавочным непадпарадкаваннем законным прадстаўнікам улады… Сваімі наўмыснымі супрацьпраўнымі дзеяннямі Пазнякоў здзейсніў злачынства, якое прадугледжана ч.1 арт. 342 КК РБ, прыняў актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаных з відавочным непадпарадкаваннем законным прадстаўнікам улады.

Аналагічнае абвінавачванне прад'яўленае і Алене Ягорычавай. Акрамя таго, яна абвінавачваецца ў тым, што, з'яўляючыся ўдзельнікам несанкцыянаванага мерапрыемства, ужыла сілу ў дачыненні да супрацоўніка ўнутраных органаў, нанесла яму не менш аднаго ўдару правай рукой у вобласць твару і шыі, пасля чаго ажыццявіла захоп правай рукой за маску і шыю пацярпелага, тым самым здзейсніла гвалт у дачыненні да супрацоўніка, прычыніўшы яму фізічны боль.

Пад час судовага разбіральніцтва і на этапе папярэдняга расследвання, сваёй віны ў здзяйсненні злачынства яны не прызналі.

 Ягорычава прызнала факт дотыку да супрацоўніка міліцыі ў мэтах абароны самой сябе ад супрацоўніка праваахоўных органаў.

Сведкі па справе Сафонаў, Санторын, Цімафееў, Мацейка пацвердзілі правядзенне несанкцыянаванага масавага мерапрыемства па ўказаным вышэй адрасе, падчас якога грамадзяне дэманстравалі бел-чырвона-белыя сцягі і скандавалі лозунгі, на патрабаванні супрацоўнікаў УУС ніяк не рэагавалі, выкрыквалі розныя словы, станавіліся ў счэпку.

“Прашу паставіцца крытычна да слоў абвінавачанага аб тым, што яны знаходзіліся там выпадкова, таму што абодва абвінавачаных пацвярджаюць, што яны дамовіліся выйсці ў цэнтр горада ў той дзень, што можа казаць пра тое, што ў іх была папярэдняя змова на ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Да паказанняў Ягорычавай пра тое, што яна страціла красовак і не разумела дзе яна знаходзіцца, гэтак жа неабходна ставіцца крытычна, паколькі з прагледжанага запісу вынікае, што абвінавачаныя проста знаходзяцца ў натоўпе і не здзяйсняюць ніякіх дзеянняў, каб знайсці страчаны абутак,” - адзначыла пракурорка.

Таксама яна дадала, што Алена Ягорычава прыцягвалася 8.12.2020 года да адміністрацыйнай адказнасці па арт. 17. 1 КаАП, а Пазнякоў прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці па арт. 23, 34.КаАП і па арт 17.1 КаАП расклейванне налепак "Я выходжу".

Дзяржабвінаваўца запрасіла для Алены Ягорычавай два гады абмежавання волі па ч.1 арт. 342 КК і два гады пазбаўлення волі па арт. 364 КК. Па сукупнасці – два з паловай гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Ігару Пазнякову па ч.1 арт. 342 КК – абмежавання волі тэрмінам на 2 гады 6 месяцаў с накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу.

Прысуд павінен быць агучаны 24 студзеня, аднак па прычыне хваробы суддзі судовае пасяджэнне перанесенае на нявызначаны тэрмін.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства