viasna on patreon

Да пяці гадоў калоніі. Прапановы пенсіянера па канстытуцыйнай рэформе кваліфікавалі як распальванне варожасці

2022 2022-01-24T10:56:33+0300 2022-01-24T11:01:19+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/mikalaj_vicikau.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

14 студзеня ў вёсцы Церуха на Гомельшчыне затрымалі 68-гадовага пенсіянера і былога сельскага дэпутата Мікалая Віцікава. Падставай для затрымання стаў ягоны ліст у раённую газету «Маяк» з нагоды абмеркавання зменаў у Канстытуцыю. Следчыя кваліфікавалі ліст пенсіянера па ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса — распальванне сацыяльнай варожасці, а раёнка адрэагавала абразлівым артыкулам. Дзесятыя суткі пенсіянер утрымліваецца за кратамі ў гомельскім СІЗА-3, інфармацыі пра прад'яўленне абвінавачвання ў родных няма. "Вясна" распавядае падрабязнасці гэтай справы. 

Мікалай Віцікаў
Мікалай Віцікаў

Ператрус за тыдзень да арышту

Як распавяла дачка Мікалая, у вёсцы ён мае сваю гаспадарку. Працуе на зямлі, займаецца вырошчваннем расады, мае пасеку. З ператрусам да мужчыны прыйшлі яшчэ 6 студзеня. Следчыя шукалі "экстрэмізм і сімволіку", але ў выніку нічога не знайшлі. У пастанове на ператрус было пазначана, што Віцікаў «„нелицеприятно“ выказаўся пра Усебеларускі народны сход».

Акрамя гэтага, як распавялі "Радыё Свабодзе" крыніцы, пенсіянер хацеў арганізаваць у вёсцы дыялогавую пляцоўку па абмеркаванні Канстытуцыі.

"Ня ведаю, ці звязана гэта з ягоным затрыманнем, ці не. Ён чалавек з актыўнай пазіцыяй", — дадала крыніца.

14 студзеня Мікалая затрымалі і змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання. Пазней яго перавялі ў статусе падазраванага па ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса ў гомельскі СІЗА-3. Па гэтым артыкуле мужчыне пагражае да пяці гадоў калоніі. На дадзены момант у родных Мікалая няма інфармацыі пра прад'яўленае яму абвінавачвання. 

Што было ў лісце ў раёнку "Маяк"?

Пра змест ліста Віцікава ў мясцовую раёнку вядома толькі са словаў яго знаёмых і з артыкула "«Минута славы» любой ценой", якім адрэагавала на сітуацыю, газета. Па словах знаёмых пенсіянера, ён яшчэ летась запісаў свае разважанні пра Усебеларускі народны сход, а сёлета вырашыў падзяліцца імі з рэдакцыяй раённай газеты "Маяк".

З артыкула мясцовай газеты вядома, што ліст Віцікава называўся "прапановамі па канстытуцыйнай рэформе".

"Творчасць" вяскоўца мае шмат стандартнымі беспадстаўнымі абвінавачваннямі і абразамі прадстаўнікоў улады і самой дзяржаўнай сістэмы. А як па-іншаму ўспрымаць тое, што чалавек называе дзеючы дзяржаўны лад "лукашызмам", прыхільнікаў улады "ябацькамі", дзеянні праваахоўных органаў "зверствамі амапаўскіх вылюдкаў", — распавядаецца пра змест ліста ў раёнцы.

Як гаворыцца ў артыкуле, Усебеларускі народны сход Віцікаў параўнаў з "шабашем" и "гнойником".

Раённая газета "Маяк" не стрымлівала сябе ў выразах у адрас пенсіянера. Ягоны ліст з прапановамі наконт праекту Канстытуцыі выданне назвала "падобным да кляўзы", а самога Віцікава — "правінцыйным інтэлігентам пенсійнага ўзросту", "сельскім правакатарам", які "разносіць свае пасквілі па ўсім раёне".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства