viasna on patreon

Заява аб прызнанні праваабаронцы Алеся Капуцкага палітвязнем

2022 2022-01-19T13:19:08+0300 2022-01-19T13:28:53+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kapucki_1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сумесная заява прадстаўнікоў беларускай праваабарончай супольнасці

19 студзеня 2022 г.

Мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці, з глыбокай занепакоенасцю адзначаем, што пераслед у межах адміністрацыйнага працэсу ўжываецца ўладамі дзеля падаўлення свабоды выказвання меркаванняў, уключаючы свабоду шукаць, атрымліваць і распаўсюджваць усялякага кшталту інфармацыю і ідэі, незалежна ад дзяржаўных межаў, вусна, пісьмова ці з дапамогай друку ці мастацкіх формаў выказвання, ці іншымі спосабамі на свой выбар.

Праваабаронца Алесь Капуцкі быў затрыманы 17 снежня 2021 года і тры разы запар пакараны адміністрацыйным арыштам за публікацыі ў сацыяльных сетках, якія ўлады прызналі экстрэмісцкімі. На гэты момант ён знаходзіцца ў зняволенні больш за 30 сутак.

Варта адзначыць, што заканадаўства аб процідзеянні экстрэмізму адвольна выкарыстоўваецца беларускімі ўладамі ў мэтах барацьбы з іншадумствам і свабодай выказвання меркаванняў, што з'яўляецца недапушчальным у дэмакратычным грамадстве, паколькі мае іншыя мэты, чым прызнаныя Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах дапушчальныя абмежаванні права на свабоду выказвання меркаванняў.

Практыка асуджэння адразу да некалькіх адміністрацыйных арыштаў запар і раней выкарыстоўвалася беларускімі ўладамі ў мэтах палітычна матываванага ціску, у сувязі з чым праваабарончая супольнасць выступала з заявамі з асуджэннем падобнай практыкі. Арышт Алеся Капуцкага мы таксама звязваем з пераследам вядомага ў сваім рэгіёне праваабаронцы за шматгадовую дзейнасць па абароне і прасоўванні правоў чалавека і асноўных свабод.

Нагадваем, што паводле п. 3.1 Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця "палітычны зняволены", зацверджанага беларускай праваабарончай супольнасцю на III Праваабарончым форуме, пазбаўленне волі (у тым ліку і адміністрацыйны арышт) у сувязі з негвалтоўным ажыццяўленнем свабод, гарантаваных міжнароднымі нормамі права ў галіне правоў чалавека, з'яўляецца падставай для прызнання такой асобы палітычным зняволеным з патрабаваннем неадкладнага вызвалення.

Гэтыя крытэры ў поўнай ступені тычацца ўсіх адміністрацыйна арыштаваных за ажыццяўленне сваіх грамадзянскіх правоў і свабод. Адпаведна, усе пакараныя адміністрацыйным арыштам за рэалізацыю сваіх прызнаных міжнароднай супольнасцю правоў і свабод, у тым ліку Алесь Капуцкі, прызнаюцца намі палітычнымі вязнямі на перыяд іх ізаляцыі.

Мы, прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацый, выказваем свой пратэст з нагоды палітычнага пераследу і арышту Алеся Капуцкага і патрабуем:

  • адмены вынесеных у дачыненні да яго судовых пастановаў са спыненнем  адміністрацыйнага працэсу;
  • спынення рэпрэсій у дачыненні да праваабаронцаў, іншадумцаў і ўдзельнікаў мірных сходаў; вызвалення ўсіх адміністрацыйна арыштаваных за рэалізацыю сваіх грамадзянскіх правоў і свабод;
  • неадкладнага вызвалення ўсіх палітычных зняволеных і спынення палітычных рэпрэсій супраць грамадзянаў краіны.

Праваабарончы цэнтр "Вясна";

Прававая ініцыятыва;

Lawtrend;

Беларускі ПЭН-цэнтр;

Беларускі Хельсінкскі камітэт;

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства