Заява праваабарончых арганізацый Беларусі аб прызнанні 8 новых палітвязняў
Сумесная заява прадстаўнікоў беларускай праваабарончай супольнасці
13 студзеня 2022 г.
У сувязі з павелічэннем колькасці выпадкаў асуджэння і пазбаўлення волі грамадзянаў краіны па шэрагу дыфамацыйных артыкулаў Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, а таксама ў сувязі са знявагай дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь, мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці, у чарговы раз пацвярджаючы свае неаднаразова выказаныя патрабаванні па дэкрыміналізацыі дыфамацыі і недапушчальнасці пазбаўлення волі грамадзян за абразу службовых асобаў, дзяржавы, дзяржаўных органаў і сімвалаў (супольная заява ад 22 снежня 2020 г.), адзначаем наступнае:
Намі атрыманая інфармацыя пра наступных асобаў, пазбаўленых волі за абразу прэзідэнта, прадстаўнікоў улады (супрацоўнікаў міліцыі), суддзяў і знявагу дзяржаўных сімвалаў:
- Аляксандр Гаўрыленка асуджаны па арт. 369 КК за абразу прадстаўніка ўлады – абразлівыя каментары ў сацсетках ў адрас супрацоўніка КДБ Д.Федасюка, забітага подчас уварвання ў кватэру А.Зельцара, да 2 гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі і штрафу;
- Аляксандр Нікалаеў асуджаны па арт. 368, 369, 391 КК за абразу А.Лукашэнкі, прадстаўніка ўлады і суддзі да 2 гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
- Сяргей Васільеў асуджаны па арт. 367 КК за паклеп на А.Лукашэнку да 3 гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, накіраваны для адбыцця пакарання;
- Андрэй Каваленка асуджаны па арт. 369 КК за абразу прадстаўніка ўлады да 1 года і шасці месяцаў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, накіраваны для адбыцця пакарання;
- Сяргей Сак асуджаны па ч.1 арт. 368 КК за абразу А.Лукашэнкі да 2 гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, накіраваны для адбыцця пакарання;
- Вячаслаў Смірноў асуджаны па ч.1 арт. 368 КК за абразу А.Лукашэнкі да 2 гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, накіраваны для адбыцця пакарання;
- Наталля Васілевіч узята пад варту па абвінавачванні па арт. 368, 369 КК за абразу А.Лукашэнкі і службовай асобы;
- Ягор Леўчык узяты пад варту па абвінавачванні па ч.1 арт. 342, ч.1 арт.368, арт. 369 і 391 КК за абразу А.Лукашэнкі, прадстаўніка ўлады і суддзі, удзел у групавых дзеяннях, груба парушаючых грамадскі парадак.
У сувязі з гэтым мы лічым пераслед і пазбаўленне волі палітычна матываваным, звязаным з мірнай рэалізацыяй выказвання меркавання, а іх саміх палітычнымі зняволенымі ў адпаведнасці з п. 3.1(а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця “Палітычны зняволены”, і патрабуем ад уладаў Беларусі:
- Неадкладна вызваліць палітвязняў Аляксандра Гаўрыленку, Аляксандра Нікалаева, Сяргея Васільева, Андрэя Каваленку, Сяргея Сака, Вячаслава Смірнова, Наталлю Васілевіч, Ягора Леўчыка і спыніць крымінальны пераслед у дачыненні да іх.
- Прыняць захады, скіраваныя на дэкрыміналізацыю дыфамацыйных правапарушэнняў і адмену артыкулаў Крымінальнага кодэкса, якія прадугледжваюць адказнасць за абразу дзяржавы, дзяржаўных сімвалаў і службовых асобаў, а менавіта – арт. 188, 189, 367, 368, 369, 369-1, 370, 391 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, і спыніць усе раней узбуджаныя па дадзеных артыкулах крымінальныя справы.
- Неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.
Праваабарончы цэнтр "Вясна";
Беларуская асацыяцыя журналістаў;
Прававая ініцыятыва;
Lawtrend;
Беларускі ПЭН-цэнтр;
Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава.