Прысуд палітвязню Кірылу Салееву — тры гады "хіміі" за ўдзел у нядзельных маршах
Суд Фрунзенскага раёна Мінска 11 студзеня вынес прысуд па крымінальнай справе 23-гадовага гукааператара Тэатра юнага гледача, палітвязня Кірыла Салеева. Мужчыну абвінавацілі у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным ўдзеле у іх па ч.1 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса РБ.
Справу разглядала суддзя Наталля Бугук, дзяржаўнае абвінавачанне падтрымліваў Дзмітрый Хаваўка.
Кірыла Салеева затрымалі 14 верасня 2021 года, 23-га верасня ў дачыненні да яго была абраная мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту. Гукааператара абвінавачваюць па двух эпізодах удзелу ў нядзельных маршах у Мінску 27 верасня і 25 кастрычніка 2020 года.
У ходзе судовых спрэчак прадстаўнік абвінавачання Дзмітрый Хаваўка запрасіў для Салеева тры гады абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу (“хімія”).
У Мінску палітвязня судзяць за ўдзел у двух нядзельных маршах, якія прайшлі восенню 2020 года
Сёння абвешчаны прысуд: абмежаванне волі ва ўстанове адкрытага тыпу тэрмінам на тры гады.
Таксама вынесці прыватнае вызначэнне ў бок кіраўніцтва Тэатра юнага гледача аб тым, каб у калектыве праводзілася прафілактычная праца па недапушчэнню парушэння супрацоўнікамі заканадаўства аб масавых мерапрыемствах.
Матэрыяльны пазоў "Мінсктранса" ў памеры 96 680 рублёў 46 капеек пакінуць на разгляд у парадку грамадзянскай судавытворчасці,
Кірыл Салееў вызвалены з-пад варты ў зале суда да вызначэння парадку адбыцця пакарання.