За снежань па "пратэсных" крымінальных справах асуджана не менш за 118 чалавек
Праваабарончы цэнтр "Вясна" ажыццяўляе маніторынг пераследу грамадзян за рэалізацыю сваіх асноўных правоў і свабод. Пачынаючы з кампаніі па выбарах прэзідэнта ў 2020 годзе, беларускія ўлады актыўна выкарыстоўваюць судовую сістэму дзеля таго, каб спыніць любую крытыку прадстаўнікоў улады і дыскусію адносна далейшага развіцця дзяржавы.
За лістапад па "пратэсных" крымінальных справах асуджана не менш за 143 чалавекі
ПЦ "Вясна" ў снежні зафіксаваў не менш за 210 грамадзян, якіх пераследвалі па палітычных матывах у судовым парадку. Геаграфія па колькасці грамадзян, у дачыненні да якіх вёўся судовы пераслед у снежні, выглядае наступным чынам:
- Мінск — 58 чалавек
- Гомельская вобласць — 35 чалавек (Гомель, Гомельскі раён, Жлобін, Мазыр, Рэчыца, Светлагорск, Добруш, Рагачоў)
- Мінская вобласць — 33 чалавекі (Мінскі раён, Салігорск, Маладзечна, Клецк, Дзяржынск, Вілейка, Жодзіна, Мар’іна Горка, Мядзел)
- Брэсцкая вобласть — 32 чалавекі (Брэст, Баранавічы, Ляхавічы, Лунінец, Каменец, Пінск, Івацэвічы)
- Гродзенская вобласць — 24 чалавекі (Гродна, Гродзенскі раён, Ваўкавыск, Іўе, Астравец, Шчучын)
- Магілёўская вобласць — 16 чалавек (Магілёў, Бабруйск, Асіповічы, Глуск)
- Віцебская вобласць — 12 чалавек (Віцебск, Наваполацк, Полацк, Орша, Бешанковічы, Докшыцы)
Праваабаронцам вядома пра тое, што ў дачыненні да чатырох грамадзян судовы разгляд адкладзены на студзень у сувязі са знаходжаннем суддзяў на лістку непрацаздольнасці. "Вясна" даведалася пра двух грамадзян, якіх абвясцілі ў вышук у сувязі з адсутнасцю паважлівай прычыны нез'яўлення для ўдзелу ў судовым пасяджэнні.
За снежань ПЦ "Вясна" зафіксаваў асуджэнне не меней за 118 грамадзян па палітычна матываваных крымінальным справах. Колькасць палітычных зняволеных за месяц павялічылася на 80 чалавек. Суадносіны асуджаных у снежні мужчын і жанчын складае 83,9% і 16,1% адпаведна.
У снежні 2021 года суды ў пераважнай большасці выпадкаў выносілі прысуды па "пратэсных" крымінальных справах грамадзянам за рэалізацыю імі сваіх асноўных правоў на свабоднае выказванне меркавання і на свабоду мірных сходаў.
Аналіз вядомых ПЦ "Вясна" прысудаў у снежні паказвае, што па дыфамацыйных артыкулах КК, на выключэнні якіх настойвае доўгі час праваабарончая супольнасць Беларусі (188, 367, 368, 369, 370, 391), асуджана 42,4 % грамадзян.
Паводле артыкулаў аб арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўным удзеле ў іх (342 КК) і арганізацыі масавых беспарадкаў (293 КК) у снежні асуджана 39 % грамадзян ад вядомых праваабаронцам прысудаў. 2,5 % грамадзян асудзілі па прысудах, дзе ў абвінавачванні фігуруюць дыфамацыйныя артыкулы і арт. 342 Крымінальнага кодэкса.
Віды і памеры пакарання па "пратэсных" крымінальных справах
Маніторынг судовых працэсаў дазваляе прыйсці да высновы пра тое, што судовая сістэма ўжывае да фігурантаў справаў самыя суровыя віды пакарання, звязаныя з абмежаваннем і пазбаўленнем волі. Сумарна за снежань, па вядомых ПЦ "Вясна" справах, суды вынеслі:
- 284 гады і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў дачыненні да 51 чалавека
- 49 гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хімія") у дачыненні да 23 чалавек
- 76 гадоў і 4 месяцы абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хатняя хімія") у дачыненні да 37 чалавек
- 5 месяцаў арышту для 2 чалавек
- 160 базавых велічынь штрафу ў якасці асноўнага віду пакарання для 2 чалавек
- 100 базавых велічынь штрафу ў якасці дадатковага пакарання для 1 чалавека разам з абмежаваннем волі без накіравання ў ПУАТ
- прымусовыя меры бяспекі і лячэння ў дачыненні да 6 чалавек (у дачыненні да траіх з іх ужытыя разам з асноўным відам пакарання)
Па вядомых праваабаронцах прысудах паводле "пратэсных" крымінальных спраў у снежні суды ўжывалі пакаранне, звязанае са зняволеннем, у 43,2% выпадкаў. Абмежаванне волі з накіраваннем у ПУАТ ("хімія") суды выкарыстоўвалі ў якасці пакарання ў 19,5% выпадкаў. Абмежаванне волі без накіравання ў ПУАТ ("хатняя хімія") ужывалася ў 31,4% выпадкаў асуджэння грамадзян. Арышт у якасці пакарання ўжываўся ў 1,7% выпадкаў, прымусовыя меры бяспекі і лячэння — у 2,5% выпадкаў асуджэння. Штраф ужываўся судамі ў 1,7% выпадкаў вынясення прысуду.
Такім чынам, пакаранне па палітычна матываваных крымінальных справах, звязанае з пазбаўленнем волі, яе абмежаваннем у выглядзе "хіміі", "хатняй хіміі", прымусовымі мерамі бяспекі і арышту суды ўжывалі ў 98,3% выпадкаў асуджэння фігурантаў "пратэсных" спраў у апошнім месяцы 2021 года.