viasna on patreon

Супраць бяздомнага, якога 10 разоў арыштоўвалі па «народным артыкуле», завялі крыміналку за неаднаразовае «несанкцыянаванае пікетаванне»

2021 2021-12-27T17:20:33+0300 2021-12-27T17:46:51+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kutas.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Аляксандр Кутас

Аляксандр Кутас

У Следчым камітэце заявілі, што ўзбудзілі дзве справы паводле артыкула 342-2 Крымінальнага кодэкса за «неаднаразовае парушэнне правядзення масавых мерапрыемстваў». Гэта першыя вядомыя выпадкі пасля зменаў улетку гэтага года ў Крымінальны кодэкс, калі за неаднаразовы ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах беларусаў прыцягваюць да крымінальнай адказнасці. Па гэтым артыкуле прадугледжваецца адказнасць у выглядзе арышта, абмежвання ці пазбаўлення волі тэрмінам до трох гадоў.

Артыкул 342-2 Крымінальнага кодэкса. Неаднаразовае парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў

Парушэнне ўстаноўленага парадку арганізацыі або правядзення сходу, мітынгу, вулічнага шэсця, дэманстрацыі, пікетавання, іншага масавага мерапрыемства, у тым ліку публічныя заклікі да арганізацыі або правядзення сходу, мітынгу, вулічнага шэсця, дэманстрацыі, пікетавання, іншага масавага мерапрыемства з парушэннем устаноўленага парадку іх арганізацыі або правядзення (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў), калі гэта дзеянне здзейснена неаднаразова, –

караецца арыштам, ці абмежаваннем волі на тэрмін да трох гадоў, або пазбаўленнем волі на той жа тэрмін.

Заўвага. Для мэт гэтага артыкула дзеянне прызнаецца здзейсненай асобай неаднаразова, калі гэта асоба двойчы на працягу аднаго года падвяргалася адміністрацыйнаму спагнанню за здзяйсненне адміністрацыйных правапарушэнняў, прадугледжаных артыкулам 24.23 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, і на працягу года пасля накладання другога адміністрацыйнага спагнання за такія дзеянні зноў парушыла парадак арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў.

Следчы камітэт у прэс-паведамленні не называе імя і прозвішча абвінавачанага, але пад апісанне цалкам падыходзіць 59-гадовы бяздомны з Мінску Аляксандр Кутас, якога ўжо 10 разоў кідалі на «суткі» па арт. 24.23 КаАП (несанкцыянаванае пікетаванне) у 2021 годзе. Пратаколы на яго складалі за плакаты, на якіх звычайна быў намалёваны сцяг БССР і напісаныя просьбы аб дапамозе. Але аднойчы яго затрымалі за БЧБ-плакат з надпісам: «Вярніце мне дзяцінства, юнацтва мне вярніце, і першае каханне. Дапамажыце забыць лагера і няхай жыве Народная Рэспубліка Беларусь». На Акрэсціна Кутас правёў мінімум 130 сутак арышту. Звычайнае месца затрымання Аляксандра — станцыя метро «Каменная Горка». Там яго месца «заробку». Цэлы дзень ён сядзеў з ламініраванымі таблічкамі, дзякуючы якім і «зарабляў» сабе на жыццё. Аляксандра часам можна было сустрэць з маленькімі жывёламі. Вядома, што Кутас правёў 22 гады ў месцах пазбаўлення волі.

У Беларусі сілавікі выкарыстоўваюць ганебную практыку падсажвання бяздомных людзей да «палітычных» арыштантаў, каб пагоршыць умовы іх утрымання. Як правіла, у іх вошы і іншыя праблемы з гігіенай, а часам нават маюць псіхічныя захворванні. Але сукамернікі Кутаса неаднаразова распавядалі «Вясне», што Аляксандр вельмі акуратны, а перад сном нават чытаў ім свае ўласныя вершы.

Аляксандр Кутас. Фота spring96.org

Таксама Следчы камітэт піша, што гэта не адзіная крымінальная справа па гэтым артыкуле. Другая была заведзена на 48-гадовую жанчыну, якую таксама падазраюць у неаднаразовым парушэнні парадку правядзення масавых мерапрыемстваў.

«Яе месцазнаходжанне на цяперашні момант выяўляецца праваахоўнікамі», — паведамляе ведамства.

Юрыст «Вясны» Павел Сапелка адзначыў, што Аляксандр Кутас у сувязі з пераследам па новым крымінальным артыкуле будзе прызнаны палітычным зняволеным:

«Змены ў Крымінальным Кодэксе набылі моц у гэтай частцы з 18 чэрвеня 2021 года, да гэтага часу ён ужо меў непагашаныя спагнанні па гэтым артыкуле, і яму досыць было адзін раз парушыць парадак правядзення масавых мерапрыемсвтваў, каб узбудзілі крымінальную справу. Гэта з пункту гледжання літары недэмакратычнага закона. З пазіцыі праў чалавека — гэта грубае парушэнне волі выказвання меркавання і мірных сходаў. У тым, што пікеты, якія праводзіў гэты чалавек, падкрэсліна былі мірнымі, сумнявацца не варта, таму ён дакладна будзе прызнаны палітвязнем».

Як жыве бяздомны з Мінску, якога арыштавалі па "народным артыкуле" амаль на 100 сутак

"Вясна назірае" даведалася ў яго сукамерніка па "сутках па народным артыкуле", як цяпер змянілася жыццё мужчыны, які стаў "БЧБ-пагрозай" для мінскіх міліцыянтаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства