viasna on patreon

Яшчэ адна справа міліцыянта Вольніча: гэтым разам два гады “хатняй хіміі” 57-гадовай жанчыне за яго абразу

2021 2021-12-24T13:24:43+0300 2021-12-24T13:24:44+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/volnich.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ігар Вольніч затрымлівае ўдзельніка мірнай акцыі.

Ігар Вольніч затрымлівае ўдзельніка мірнай акцыі.

23 снежня суд Рагачоўскага раёна вынес вырак па крымінальнай справе аб абразе прадстаўніка ўлады

На лаве падсудных была 57-гадовая Надзея Башкова. Жанчыну абвінавачваюць у абразе прадстаўніка ўлады па арт. 369.

Вядома, што вобшук у падазраванай правялі яшчэ ў траўні гэтага года. Тады ж у яе ўзялі паказанні, канфіскавалі тэлефон і больш яе не краналі да лістапада, пакуль справу не перадалі ў суд. Крымінальную справу распачалі ў Віцебску, а потым перадалі ў Рагачоў.

Судзебнае пасяджэнне ўзначальвала суддзя Ірына Прадун. Дзяржабвінавачванне падтрымліваў пракурор Папоў.

Пацярпелы – ужо вядомы па шматлікіх тыповых справах міліцыянт Вольніч. У суд на Надзею Башкову, таксама як і на астатніх сваіх крыўдзіцеляў, ён падаў за абразу. Абвінавачаная, як і яшчэ амаль дзве тысячы чалавек, аставіла свой каментар пад пастом Вольгі Карач у Аднакласніках. У гэтым пасце было змешчана відэа, на якім старэйшы лейтэнант Вольніч са сваімі калегамі на вуліцы жортска затрымліваюць хлопца.

Каментар авбінавачанай прайшоў праз лінглвістычную экспертызу, якая ахарактарызавала словы Надзеі Башковай пад пастом як “ненарматыўную форму моўнага выразу”. Падчас суда абвінавачаная патлумачыла, што свой каментар яна аставіла, знаходзячыся ва ўзрушаным эмацыйным стане.

Пацярпелага Ігара Вольніча на судовым пасяджэнні апрасілі па скайпу. Міліцыянт патлумачыў суду, што сваім каментаром Надзея Башкова нанесла яму маральную шкоду, "сапсавала яго аўтарытэт, выклікала пачуццё ўнутранага діскомфорта”. У якасці маральнай кампенсацыі пацярпелы запрасіў 1500 рублёў.

У пасяджэнні быў аб'яўлены невялікі перапынак, пасля чаго прысуд абвінавачанай вынеслі на выязным пасяджэнні суда ў будынку РАУСа.

23 снежня Надзею Башкову прызналі віннай ў здзяйсненні злачынства па арт. 369 «Абраза прадстаўніка ўлады» і прысудзілі два гады абмежавання волі без накіравання у папраўчую установу і пастанавілі выплаціць маральную кампенсацыю Вольнічу ў памеры 700 рублеў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства