У Гомелі судзяць праграміста і нафтавіка, якія нібыта дзейнічалі ў складзе групы, хаця паміж сабой незнаёмыя
У судзе Цэнтральнага раёна Гомеля 15 снежня пачаўся разгляд крымінальнай справы палітвязняў Станіслава Мачалава і Дзмітрыя Грышчанкі. Іх абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным ўдзеле у іх (ч.1 арт 342 КК), а Мачалава дадаткова яшчэ і ў гвалце альбо пагрозе ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў (арт. 364 КК РБ).
Справу разглядае суддзя Віктар Казачок.
Справу ўзбудзілі па падзеях 20 верасня, калі ў Гомелі праходзіла акцыя пратэсту. Удзельнікі акцыі, ратуючыся ад амапаўцаў, перабеглі праз праезную частку вуліцы Савецкай. Следства кваліфікавала гэта як “блакаванне дарогі".
Да затрымання Грышчанка і Мачалаў не былі знаёмыя адзін з адным, аднак у працэсе следства іх зрабілі саўдзельнікамі, якія нібыта дзейнічалі ў складзе групы.
Што вядома пра абвінавачаных?
Станіслаў Валер'евіч Мачалаў – актывіст з Гомеля, працаваў праграмістам. Быў затрыманы 28 траўня. У яго кватэры, дзе ён жыве са сваімі бацькамі, сілавікі зрабілі ператрус. Пасля 72 гадзін яго перавялі ў гомельскі СІЗА і прад'явілі абвінавачванне па артыкуле 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя альбо актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Праз некалькі месяцаў яму выставілі абвінавачванне яшчэ паводле арт. 364 КК. Да суда ўтрымліваўся ў СІЗА №3 Гомеля.
Дзмітрый Мікалаевіч Грышчанка – былы супрацоўнік ВА "Беларуснафта" з Гомеля. Быў затрыманы спачатку 14 траўня пасля ператрусу і змешчаны ў ізалятар, а 28 траўня затрымалі паўторна і перавялі ў гомельскі СІЗА. Разам з ім былі затрыманыя яшчэ некалькі працаўнікоў "Беларуснафты".
Дзмітрый разам з іншымі супрацоўнікамі прадпрыемства прымаў удзел у запісу звароту супраць гвалту і за перамовы. Таксама напрыканцы кастрычніка 2020 года запісаў для TUT.BY зварот да калег і кіраўніцтва "Беларуснафты", у якім асуджаў рэпрэсіі, заклікаў не замоўчваць сітуацыю і адкрыта заяўляць пра сваю пазіцыю. За пару тыдняў да затрымання ў яго праводзіўся вобшук у межах праверкі па справе аб абразе (абвінавачванні па гэтым артыкуле яму прад'яўлены не былі).
Яму прад'яўлена абвінавачванне па артыкуле 342 Крымінальнага кодэксу.
Судовы працэс праводзіўся ў маленькай залі, куды змаглі патрапіць толькі чатыры чалавекі. Таму падрабязнасці справы і дата працягу суда высвятляюцца.