viasna on patreon

Хроніка палітычнага пераследу за выходныя, 11-12 снежня Дапоўнена

2021 2021-12-12T18:56:39+0300 2021-12-13T19:05:47+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/arysht-amap.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабарончы цэнтр "Вясна" збірае факты палітычнага пераследу ў Беларусі за выходныя, 11-12 снежня. Рэпрэсіі супраць беларусаў за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўлады перад рэферэндумам, які мае адбыцца, узрастаюць: іх па-ранейшаму затрымліваюць, праводзяць ператрусы і ўжываюць іншыя формы ціску на грамадзян. Тэлеграм-чаты і каналы прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і фарміраваннямі.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

11 снежня

Арыштаваны сістэмны адміністратар гарадзенскай паліклінікі

Стала вядома, што АМАП арыштаваў сістэмнага адміністратара гарадзенскай паліклінікі №3 Паўла Улевіча. Яго сілавікі забралі проста з працы.

Затрыманне Паўла Улевіча.

Сілавікі уварваліся ў кабінет Улевіча, дзе ён працаваў за кампутарам і гвалтоўна затрымалі яго. Далей яго прымусілі сказаць на камеру, што затрымалі за “распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў”.

Улевіча вінавацяць у тым, што ён “пісаў гнеўныя каментары і быў падпісаны на экстрэмісцкія тэлеграм-каналы”, паведамляе “Гарадзенская праваабарона”.


З'явіліся падрабязнасці затрымання маці анархіста Рамана Халілава

У Беларусі нядаўна распачалі крымінальную справу супраць маці анархіста Рамана Халілава, які з’ехаў з краіны. 56-гадовую жыхарку Полацка Гаянэ Ахціян падазраюць  нібыта “ў грубым парушэнні парадку”.

Яе затрымалі пасля ператрусу напрыканцы лістапада. Цяпер яна знаходзіцца ў менскім ізалятары на вуліцы Акрэсціна, паведамляе «Медыязона». У адным з тэлеграм-каналаў, які, па дадзеных інтэрнэт-выдання, вядуць сілавікі, з’явілася відэа, якое, як мяркуецца, знятае падчас ператрусу. Кадры, на якіх жанчына ў акулярах стаіць на каленях, аўтары роліка суправаджалі каментаром „Бацькі ў адказе за сваіх дзяцей…”.

У канцы Гаянэ Ахціян кажа, што сілавікі прыйшлі за ёй „па падазрэнні ў масавых беспарадках” і прызнае сваю віну.


Палітзняволенай Вользе Гарбуновай прад'явілі абвінавачванне па двух артыкулах

Праваабаронцам "Вясны" стала вядома, што актывістку Вольгу Гарбунову абвінавачваюць адразу па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу: ч.1, 2 і 3 арт. 293 і ч.1 і 2 арт. 342. Справу супраць актывісткі вядзе маёр следчай групы УСК па Мінску Кудрэйка.

Нагадаем, 9 лістапада экс-кіраўніцу арганізацыі "Радзіслава" затрымалі па падазрэнні ў арганізацыю жаночых маршаў у 2020 годзе. З моманту затрымання яна трымала галадоўку ў ІЧУ на Акрэсціна. Пасля дзесяці дзён яе перавялі ў СІЗА-1.

12 снежня

У Маладэчна супрацоўнікі міліцыі яшчэ 6 снежня затрымалі Вольгу Чарняк і Руслана Шапунова. Па папярэдняй інфармацыі іх абвінавачваюць у арганізацыі масавых беспарадкаў. Стала вядома, што Вользе інкрымінуюцца адразу тры артыкулы Крымінальнага кодэкса: ч.1 арт. 339 (хуліганства), ч.1 арт. 342 (арганізацыя або актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і ч.1 арт. 364 (гвалт альбо пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка міліцыі). Шапунову – арт 342 КК.

Інфармацыя дапаўняецца і абнаўляецца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства