Мікіту Емяльянава зноў кінулі ў ШІЗА. Агулам ён прабудзе там 30 сутак
Як стала вядома праваабаронцам “Вясны”, адміністрацыя турмы №4 ізноў тройчы пакарала палітзняволенага анархіста Мікіту Емяльянава суткамі ў штрафным ізалятары.
17 лістапада (праз тыдзень пасля выхаду з ШІЗА) палітвязню зноў вынеслі спагнанне ў 10 сутак за тое, што ён адмовіўся выканаць патрабаванне адміністрацыі прыбраць дворык для шпацыру.
Варта адзначыць, што згодна з арт. 57.6 Правілаў унутранага распарадку папраўчых устаноў, асуджаныя абавязаныя ўтрымліваць ў чысціні жылыя памяшканні і працоўныя месцы, але абавязку прыбіраць дворык для шпацыра ў ПУР не замацавана. Акрамя таго, Правілы забараняюць прыцягваць асуджаных да пазбаўлення волі, што ўтрымліваюцца ў турмах, да працы па гаспадарчым абслугоўванні (арт. 334 ПУР). Відавочна, што выстаўленыя патрабаванні да Емяльянава з боку адміністрацыя былі незаконныя.
Пасля гэтага на палітзняволенага было накладзенае яшчэ адно спагнанне ў выглядзе 10 сутак ШІЗА за тое, што ён ляжаў на падлозе ў камеры ізалятара. А 7 снежня Мікіту Емяльянаву прызначылі яшчэ 10 сутак утрымання ў ШІЗА за міжкамерную сувязь.
Такім чынам, палітвязень прабудзе ў штрафным ізалятары 30 сутак запар, і павінен выйсці адтуль 17 снежня.
Таксама Мікіта заўважыў, што порцыі ежы ў турме зрабілі значна меншымі. Хлопцу і раней не хапала ежы, каб наесціся. Але калі Емяльянаў папрасіў паболей ежы, то атрымаў адмову. Тады на знак пратэсту палітзняволены аб’явіў галадоўку і нічога не еў пяць з паловай дзён. 7 снежня хлопец ужо павячэраў, але порцыі ежы дагэтуль выдаюць маленькія.
Больш за тое, адміністрацыя папраўчай установы беспадстаўна забрала ў Мікіты Емяльянава ружанец для малітвы. Яшчэ 3 лістапада хлопца ў турме наведаў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі. Тады біскуп выдзяліў Мікіту святыя сакрамэнты і пакінуў яму ружанец, які пасля адміністрацыя і выняла. Аднак, згодна з Правіламі ўнутранага распарадку, асуджаныя могуць мець пры сабе прадметы культу, вырабленыя з некаштоўных металаў (дадатак 3 пункт 17 ПУР).
Нагадаем, гэта не першыя раз, калі адміністрацыя турмы накладае на палітзняволенага анархіста спагнанні і карае суткамі ў ШІЗА. Так, Мікіта Емяльянаў знаходзіўся ў карцары з 11 кастрычніка па 10 лістапада нібыта за парушэнні правілаў унутранага распарадку. Там ён трымаў 20-дзённую галадоўку.
Да гэтага палітвязень утрымліваўся 42 сутак у ШІЗА: адміністрацыя турмы склала тады на яго шэсць пратаколаў. Хлопца ўжо пазбавілі кароткатэрміновага спаткання з роднымі, якое на строгім турэмным рэжыме прадугледжанае раз на год. Яго таксама абмяжоўваюць у атрыманні лістоў ад родных, сяброў і нават вымаюць малюнкі малодшага брата.
Падтрымаць палітвязня тэлеграмамі, лістамі і паштоўкамі можна па адрасе: Турма №4, 212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99А Емяльянаву Мікіту Уладзіміравічу |