Паказальна пакаралі. 21-гадоваму палітвязню прысудзілі ажно год «хіміі» за намаляваны сцяг на закінутым будынку
8 снежня вінаватым ў здзяйсненні злачынства па артыкуле 341 Крымінальнага Кодэкса Беларусі «Апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці» прызналі 21-гадовага Мікалая Слёза.
Гэтую справу з 6 па 8 снежня разглядаў суд Барысаўскага раёна. Дагэтуль праваабаронцы прызналі Мікалая Слёза палітвязнем. Хлопца затрымалі 13 верасня і ўтрымлівалі пад вартай да суда.
Судовае пасяджэнне ўзначальваў суддзя Дзмітрый Крывела. На лаве падсудных быў Мікалай Слёз. Хлопец зусім малады - 21 год, жыве ў аграгарадку Кішчына Слабада. Скончыў школу, потым будаўнічы каледж (былое ПТВ), працаваў будаўніком, але ў 2019-м звольніўся. Зараз беспрацоўны, але ў яго бацькі ажно 3 каровы, статак свіней і вялікая гаспадарка, таму ўвесь свой вольны час хлопец дапамагае па гаспадарцы.
Мікалая абвінавацілі ў тым, што 29 жніўня 2021 года разам са сваім сябрам Андрэем Мажэйкам (крымінальную справу ў адносінах да апошняга суд вылучыў у асобную вытворчасць – Рэд. ) ён намаляваў на закінутым будынку дома культуры ў аграгарадку Кішчына Слабада два бчб- сцяга. Але на наступную раніцу сцягі хтосьці замаляваў. Хлопцы вырашылі аднавіць свае малюнкі, таму 30 жніўня 2021 года яны зноў намалявалі на будынку сцягі, а па дарозе дадому размалявалі яшчэ два дрэва ды слуп электраперадач белай і чырвонай фарбамі.
Падчас суда сведка па гэтай справе паведаміў, што і размаляваны будынак, і дрэвы са слупам знаходзяцца на тэрыторыі мясцовага Парка герояў. У тым парку ўсталяваны помнік загінулым воінам Вялікай Айчыннай вайны.
Таксама стала вядома, што сам будынак дома культуры, які размалявалі хлопцы, быў закінуты яшчэ ў 2000 годзе, і з тых часоў ніякага будаўніцтва там не вядзецца. Ёсць нават рашэнне аб зносе гэтага даўгабуду, што і мусіць адбыцца ў недалёкім часе.
Сведка таксама пацвердзіў: будынак закінуты, не выкарыстоўваецца, не ўяўляе сабой ніякай каштоўнасці. Дрэвы, якія размаляваў абвінавачаны, знаходзяцца недалёка ад помніка воінам, але паркам гэтае месца назваць цяжка, бо ніхто яго не даглядае.
Вядома, што сам помнік хлопцы не размалёўвалі. У сваёй прамове адвакат сказаў, што ніякай шкоды Мікалай не нанес, таму што будынак разбураны, іншыя аб'екты не пацярпелі. Агульная шкода за два дні размалёўвання склала 51 рубель.
Сам хлопец сваю віну прызнаў цалкам. 8 верасня напісаў яўку з павіннай. Супрацоўнічаў са следствам. Падчас допытаў раскаяўся, нават напісаў прашэнне на імя суда не пазбаўляць яго волі.
Але пры гэтым пракурор запрасіў для абвінавачанага 1,5 года «хіміі».
Адвакат пасля слоў пракурора абурыўся. Маўляў, «вы ж пералічылі, што ў хлопца ажно 3 аблягчаючых: яўка з павіннай, раскаянне, супрацоўніцтва з следствам, ніводнага абцяжваючага, і тым не менш, просіце амаль найвышэйшую санкцыю»?
Адвакат папрасіў для Мікалая 2 месяцы арышту і, ўлічваючы тэрмін у СІЗА (хлопец адседзеў па сваёй справе амаль 3 месяцы), вызваліць яго і лічыць тэрмін пакарання адбытым.
8 снежня суд вынес прысуд па справе. Мікалая Слёза прызналі вінаватым ў здзяйсненні злачынства па артыкуле 341 Крымінальнага Кодэкса Беларусі за апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці і прысудзілі 1 год абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу. Хлопца вызвалілі ў зале суда.