viasna on patreon

“Няма такіх прававых нормаў”. Марфе Рабковай блакуюць лісты і не даюць прайсці УГД

2021 2021-12-08T13:46:59+0300 2021-12-08T14:24:37+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/rabkova_sacsetki.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У палітзняволенай праваабаронцы Марфы Рабковай ізноў не атрымліваецца дамагчыся медыцынскай дапамогі, а ейныя лісты блакуюць праз згадванне ў іх выстаўленых крымінальных артыкулаў.

Марфа Рабкова. Фото из социальных сетей
Марфа Рабкова. Здымак з сацыяльных сетак

На працягу апошняга тыдня (канец лістапада — пачатак снежня) Марфа Рабкова спрабавала дамагчыся прызначэння УГД, дзеля чаго напісала шэсць заяваў. Аднак пасля гэтага не было "ніякай рэакцыі", як паведаміла Марфа ў адным са сваіх лістоў.

"У мяне ж не так даўно зноў была амаль непрытомнасць ад спазматычных боляў", — напісала Марфа.

Акрамя таго, адміністрацыя СІЗА не выпускае лісты Рабковай, у якіх яна паведамляе пра колькасць прад'яўленых ёй крымінальных артыкулаў ці агучвае некаторыя з іх. Гэтыя лісты адміністрацыя папросту ёй вяртае.

"Прынцыпова адпраўляю іх назад без зменаў, бо гэта не з'яўляецца таямніцай следства, — распавяла Рабкова пра сваю рэакцыю. — Уклала ўчора ў ліст запіску цэнзару, дзе распісала, што няма такіх прававых нормаў, паводле якіх я не магу напісаць артыкулы. Я ж не пішу пра сутнасць абвінавачвання, у чым канкрэтна мяне абвінавачваюць".  

Як стала вядома "Вясне" раней, Марфе Рабковай прад'яўлена 11 артыкулаў Крымінальнага кодэкса РБ. Паводле іх праваабаронцы пагражае да 20 гадоў зняволення.

Каардынатарку Валанцёрскай службы "Вясны" Марфу Рабкову затрымалі 17 верасня 2020 года ў Мінску. Спярша ў дачыненні да яе фігураваў толькі адзін артыкул Крымінальнага кодэкса — арт. 293 (Навучанне ці іншая падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках, або фінансаванне такой дзейнасці). 11 лютага праваабаронцы выставілі новыя абвінавачванні паводле ч. 3 арт.130 (распальванне сацыяльнай варожасці да ўлады групай нявысветленых асобаў) і ч. 2 арт. 285 Крымінальнага кодэкса (удзел у злачыннай арганізацыі). А на пачатку снежня 2021 года Марфе ўдалося напісаць у адным са сваіх лістоў на волю пра тое, што ёй прад'яўляюць 11 артыкулаў Крымінальнага кодэкса РБ. Марфа Рабкова ўжо 14 месяцаў знаходзіцца ў СІЗА-1.

Падтрымайце Марфу Рабкову лістамі салідарнасці!

Адрас для лістоў: СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Марыі Аляксандраўне Рабковай

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства