Акцыя падтрымкі беларускіх палітвязняў прайшла ў Гамбургу
Беларуская дыяспара ў Гамбургу далучылася да Дня салідарнасці з беларускімі палітычнымі зняволенымі і правяла акцыю іх падтрымкі 27 лістапада.
Удзельнікі акцыі трымалі ў руках бела-чырвона-белы сцяг з імёнамі палітвязняў, а таксама выявы некаторых з іх, у тым ліку зняволеных прадстаўнікоў ПЦ “Вясна”.
Менавіта ў Гамбургу ў гэтыя ж дні было запланавана ўручэнне прэміі Марыён Дзёнхаф, куды былі запрошаныя і вясноўцы, аднак цырымонія была адмененая праз каранавірус.
“Было жудаснае надвор’е, аднак мерапрыемства адбылося. Я ганаруся тымі людзьмі, якія прыйшлі на акцыю. Мы бачым, што з-за сітуацыі на мяжы, якая таксама вельмі тужлівая для людзей, што мёрзнуць там, людзі, што мёрзнуць у беларускіх турмах, адыходзяць на другі план. Таму гэтая акцыя была вельмі для нас важная.
Мы хацелі напомніць, што сітуацыя з рэпрэсіямі ў Беларусі не вырашаная, а галоўны віноўнік гэтаму – адна асоба”, – сказала адна з удзельніц акцыі Наталля.
З прамовамі ў падтрымку палітвязняў і з асуджэннем катаванняў у Беларусі выступілі актывіст Libereco – Партнёрства за правы чалавека Мануэль Хасэль, дэпутатка фракцыі Зялёных Альске Фрэтэр, пастар Евангелічнай царквы Паўночнай Германіі Кай Фелер і жанчына-біскуп Паўночнай царквы Кірстэн Фэрс. Агулам у акцыі прыняло ўдзел каля 15 чалавек.
Таксама прагучалі чатыры абраныя арганізатарамі гісторыі палітвязняў, у іх ліку і гісторыя зняволення каардынатаркі Валанцёрскай службы “Вясны” Марфы Рабковай.
А вечарам актывісты падпісалі і адправілі паштоўкі для палітзняволеных.
Больш інфармацыі ў інстаграм-акаўнце беларускай дыяспары ў Гамбургу.