viasna on patreon

29 лістапада — Міжнародны дзень жанчын-праваабаронцаў

2021 2021-11-29T19:19:42+0300 2021-11-29T19:19:44+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/marfa_637.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У гэты дзень Антыдыскрымінацыйны цэнтр "Мемарыял" імкнецца прыцягнуць адмысловую ўвагу да становішча жанчын-праваабаронцаў у Беларусі. З вясны 2020 года на грамадзянскую супольнасць у гэтай краіне абрынуліся рэпрэсіі ўсёй моцы дзяржаўнага апарату. На сёння ў Беларусі 98 жанчын-палітвязняў, адна з іх — каардынатарка валанцёрскай службы "Вясны" Марфа Рабкова, якой, як толькі што стала вядома, прад'явілі абвінавачванне паводле 11 артыкулаў КК і пагражае зняволенне да 20 гадоў.


У межах кампаніі "16 дзён супраць гендарнага гвалту" 29 лістапада ўшаноўваюць праваабаронцаў, якія адстойваюць правы жанчын і выступаюць супраць гендарнай дыскрымінацыі.


Цяпер у Беларусі ў працэсе прымусовай ліквідацыі знаходзіцца 284 арганізацыі, з іх каля 20 адстойвалі правы жанчын. Сярод ліквідаваных такія вядомыя НКА, як Цэнтр па прасоўванні правоў жанчын "Яе правы", створаная ў канцы 90-х БСЖГА "Правінцыя", дабрачынная платформа "Імёны", Беларуская асацыяцыя жанчын-юрыстаў, Жаночы клуб "КЛЕА", "Цэнтр асабістага развіцця жанчын", Жаночы незалежны дэмакратычны рух і інш. У выніку ліквідацыі арганізацыі "Гендарныя перспектывы" з 15 ліпеня 2021 года прыпыніла працу агульнанацыянальная гарачая лінія для пацярпелых ад хатняга гвалту, якая працавала амаль 10 гадоў. Кіраўніца МЦГІ "Наш дом" Вольга Карач 3 верасня 2021 года была ўнесеная у спіс асобаў, "датычных да тэрарыстычнай дзейнасці". Шматлікія праваабаронцы і актывісткі арганізацый і ініцыятываў былі вымушаныя пакінуць краіну з-за пагроз і рызыкаў крымінальнага пераследу.

Вольга Гарбунова, праваабаронца, менеджарка арганізацыі "Радзіслава"

Вольга Гарбунова. Фота: spring96.org

Былая кіраўніца грамадскага аб'яднання дапамогі жанчынам, якія пацярпелі ад гвалту,  "Радзіслава" шмат гадоў ініцыявала акцыю "16 дзён супраць гендарнага гвалту" ў Беларусі, абаронца правоў ЛГБТІК+.

Затрыманая 9 лістапада 2021 года па абвінавачванні ў арганізацыі "Жаночых маршаў", якія праходзілі ўлетку-ўвосень 2020 года ў Мінску. Знаходзіцца ў СІЗА.

Таццяна Гацура-Яворская, праваабаронца, дырэктарка грамадскага аб'яднання "Звяно"

hatsura-t.jpg

Аб'яднанне займаецца адукацыяй у галіне правоў чалавека і адвакацыяй, а таксама дапамагае людзям, якія аказаліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, з дапамогай збору сродкаў і грамадскіх кампаній, праводзіць штогадовы фестываль дакументальных фільмаў пра правы чалавека Watch Doc Belarus. «Звяно» — адзін з аўтараў дакладу аб парушэнні правоў чалавека ў перыяд 7-14 жніўня 2020 года і ўдзельнік Міжнароднага камітэта па расследаванні катаванняў у Беларусі. 5 кастрычніка Вярхоўны суд РБ ліквідаваў асветніцка-сацыяльнае грамадскае аб'яднанне "Звяно".

15 красавіка 2021 года праваабаронцу Таццяну Гацура-Яворскую вызвалілі з СІЗА №1 у Мінску пасля 10 сутак утрымання пад вартай. Праваабаронца застаецца ў статусе падазраванай паводле абвінавачвання ў "арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак", і знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе.

Таццяна Ласіца, праваабаронца, валанцёрка гомельскага аддзялення "Вясны"

lasica_tatsiana_pltz.jpg

Выступала за адмену спісу забароненых для жанчын прафесій, актыўна ўдзельнічала ў вырашэнні мясцовых гарадскіх праблем у Рэчыцы, дапамагала апрацаваць інфармацыю для падрыхтоўкі індывідуальных скаргаў і зваротаў у суд ад асобаў, чые правы былі парушаныя.

Была затрыманая 21 студзеня 2021 года. 3 лістапада 2021 года рашэннем суда Цэнтральнага раёна г. Гомеля прызнаная вінаватай у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 КК), і навучанні і падрыхтоўцы асобаў для ўдзелу ў такіх дзеяннях, а таксама іх фінансаванні ці іншым матэрыяльным забеспячэнні (ч. 2 арт. 342 КК) і прысуджаная да двух з паловай гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Пакуль знаходзіцца ў СІЗА.

Юлія Гарачка, праваабаронца, валанцёрка МЦГІ "Наш дом".

Юлия Горячко

Займалася дакументаваннем сведчанняў пацярпелых ад катаванняў і іншых відаў жорсткага абыходжання ў дачыненні да затрыманых удзельнікаў акцый пратэстаў 2020 года і аказаннем ім псіхалагічнай дапамогі.

Затрыманая 14 ліпеня 2021 года падчас ператрусаў у праваабаронцаў па ўсёй краіне. Абвінавачваецца паводле крымінальнай справы аб групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Знаходзіцца ў СІЗА.

Марфа Рабкова, праваабаронца, каардынатарка валанцёрскай службы "Вясны".

Марфа Рабкова

Ажыццяўляла назіранне за правядзеннем мірных сходаў у жніўні-верасні 2020 года, займалася дакументаваннем сведчанняў катаванняў і іншых відаў жорсткага абыходжання ў дачыненні да затрыманых удзельнікаў акцый пратэсту, брала актыўны ўдзел у кампаніі незалежнага назірання за выбарамі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”.

Была затрыманая 17 верасня 2020 года і з тых часоў знаходзіцца ў следчым ізалятары. У лістах родным яна паведаміла, што ёй выставілі канчатковыя абвінавачванні паводле 11 артыкулаў КК: арганізацыя масавых беспарадкаў, заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь з выкарыстаннем СМІ ці сеткі Інтэрнэт, стварэнне экстрэмісцкага фармавання, кіраўніцтва злачыннай арганізацыяй, распальванне сацыяльнай варажнечы, злоснае і асабліва злоснае хуліганства, апаганенне збудаванняў, знішчэнне або пашкоджанне чужой маёмасці, незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, паражальнае дзеянне якіх заснаванае на выкарыстанні гаручых рэчываў, здзейсненыя групай асобаў. Марфе Рабковай пагражае да 20 гадоў пазбаўлення волі.

Становішча жанчын-праваабаронцаў патрабуе адмысловай увагі, іх гендарная ідэнтычнасць часта выкарыстоўваецца ў рэпрэсіях супраць іх, яны часта зазнаюць пераслед за сваю барацьбу з дыскрымінацыйнымі сацыяльнымі і культурнымі нормамі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства