viasna on patreon

Яшчэ больш ператрусаў, допытаў і затрыманняў. Хроніка пераследу 24 - 26 лістапада Дапоўнена

2021 2021-11-26T16:52:10+0300 2021-11-27T10:59:27+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/original_b2d9ac5366da6fd1694d7c98acd92f0a.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ілюстрацыйнае фота.

Ілюстрацыйнае фота.

Праваабарончы цэнтр «Вясна» сабраў факты палітычнага пераследу ў Беларусі за 24-26 лістапада. Рэпрэсіі супраць беларусаў за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўлады не спыняюцца: іх па-ранейшаму затрымліваюць, праводзяць ператрусы і ўжываюць іншыя формы ціску на грамадзян. Тэлеграм-чаты і каналы прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і фарміраваннямі.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

24 лістапада

Павел Сімончык.
Павел Сімончык.

Раніцай у Століне затрымалі Паўла Сімончыка. Мужчына паведаміў сябрам, што да яго дамоў прыехалі супрацоўнікі міліцыі. Яго затрымалі і павезлі ў РАУС. Вечарам Павел на волю не выйшаў. У якім статусе ён знаходзіцца - невядома. Раней Павел ужо быў асуджаны па «народным» артыкуле 23.34 КаАП РБ у верасні 2020 году, пасля таго, як выйшаў на пікет у Століне. Тады ён правёў суткі ў РАУС, а пасля атрымаў штраф у 30 базавых, паведамляе «Медыя-Палессе».

25 лістапада

Андрэй Кузьнечык
Андрэй Кузьнечык

У Мінcку затрымалі фрылансера «Радыё Свабода» Андрэя Кузьнечыка. Жонка Андрэя расказала журналістам, што каля 17-й гадзіны ён паехаў на ровары на прагулку, а яна з двума дзецьмі засталася дома. Даволі хутка Андрэй вярнуўся з чатырма мужчынамі ў цывільным.

«Адзін, які, верагодна, быў галоўным, прадставіўся Іванам. Ні хто яны, ні адкуль, не паведамілі. Мне загадалі ісці ў іншы пакой і займацца дзецьмі, не перашкаджаць. Ператрус быў даволі «інтэлігентны» — мае рэчы і рэчы дзяцей не чапалі. Забралі ўсю тэхніку і тэлефон Андрэя, мой мабільны тэлефон і мой пляншэт, грошы. Андрэю загадалі апранацца і ісці з імі. З рэчаў нічога не дазволілі ўзяць з сабой, акрамя запасных штаноў. Сказалі, што забіраюць яго ненадоўга, на пару дзён», — распавяла жонка Андрэя Алеся Рак. Яна толькі падпісала паперу з пералікам забраных рэчаў. На якой падставе затрымалі мужа, Алеся не ведае.


Увечары супрацоўнікі ГУБАЗіКу затрымалі Генадзя Бухеля – сына магілёўскага праваабаронцы Барыса Бухеля. Дома сілавікі правялі агляд, пасля чаго адвезлі ў Кастрычніцкі РАУС у Магілёве. Ва ўпраўленні на Генадзя склалі пратакол па арт. 19.11 КаАП за рэпост з "Нехта" больш за паўтары гады таму. 26 лістапада над Бухелем малодшым адбыўся суд. Справу разглядала суддзя Таццяна Міхайлава. Падчас паседжання Генадзь паспеў паведаміць, што ў двухмясцовай камеры ІЧУ, куды яго змясцілі на ноч да суда, было вельмі холадна, таму двум яго сукамернікам нават прыйшлося спаць разам на адных "нарах", каб сагрэцца. Потым яго перавялі ў іншую двухмясцовую камеру, дзе акрамя Генадзя было яшчэ чатыры арыштанта. Суддзя Міхайлава прызнала Генадзя вінаватым у "распаўсюджванні экстрэмісцкіх матэрыялаў" і пакарала яго 15-сутачным арыштам.

Ігар Банцэр
Ігар Банцэр

Праваабаронцам «Вясны» стала вядома, што палітзняволенага Ігара Банцара адправілі ў ШІЗА на 10 сутак за тое, што ен запісаў відэа «Медыязоне» пра ўмовы ўтрымання на «хіміі», дзе адбывае пакаранне, і паказаў, як яму праз краты перадаюць ежу. Гэта супрацоўнікі ПУАТ №9 палічылі парушэннем рэжыму.


У Беларусі стала больш на 7 новых палітвязняў. Гэта Уладзімір Макарэвіч, Максім Мікуліч, Сяргей Сакавец, Антон Нечыпаровіч, Барыс Несцяровіч, Ігар Санкевіч і Сяргей Шаўчэнка. Хто гэтыя людзі і чаму праваабарончыя арганізацыі лічаць іх справы палітычна матываванымі, можна даведацца па спасылцы. Усяго, па дадзеных праваабарончага цэнта «Вясна» на 26 лістапада, у Беларусі 887 вязняў.

26 лістапада

Новыя ператрусы, пераследы і затрыманні

Вячаслаў Сікора
Вячаслаў Сікора

Стала вядома, што Магілёўскага актора Вячаслава Сікору абвінавачваюць у «распальванні сацыяльнай варожасці» — мужчыну абвясцілі ў міжнародны вышук. Па версіі СК, са жніўня па верасень мінулага года Вячаслаў на сваіх старонках у сацсетках публікаваў відэаролікі, накіраваныя на ўзбуджэнне варожасці. У іх мужчына абражаў Лукашэнку і сілавікоў, а таксама заклікаў да дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і непадпарадкавання органам улады. Яму прад'яўлена абвінавачанне ў распальванні сацыяльнай варожасці, паклёпе, абразе Лукашэнкі і сілавікоў.

Анатоль Шалковіч
Анатоль Шалковіч

З Акрэсціна не выпусцілі Анатоля Шалковіча, які стаў папулярным праз сваю заяву ў пакаяльным відэа МУС, у якой казаў пра любоў да белага і чырвонага колераў. Яго затрымалі 11 лістапада, а пазней пакаралі 15-сутачным арыштам. 26 лістапада стала вядома, што 65-гадовага інжынера зноў арыштавалі на 15 сутак. Пра гэта на сваёй старонцы ў Facebook паведаміў cябра затрыманага Аляксандр Знак.


Уладзімір Корсак
Уладзімір Корсак

Праваабаронцам “Вясны" стала вядома, што ў Століне затрымалі Уладзіміра КорсакаАлену Цупу, Таццяну Свірскую, Алену Панасюк (апошнюю пазней адпусцілі).

У полацкай кватэры Гаянэ Ахціян, маці анархіста Рамана Халілава, прайшоў ператрус. Дзверы ў кватэру жанчыны выламалі, а саму Гаянэ затрымалі. Крыху пазней стала вядома, што жанчына ў Полацкім ГАУС і будзе там да суда па адміністрацыйнай справе. Сам Раман знаходзіцца за мяжой, ён абвешчаны ў вышук па шэрагу артыкулаў КК.

У Мазыры быў затрыманы Аляксандр Засінец. Дома ў яго быў праведзены ператрус. Аляксандр – адзін з намеснікаў Вольгі Кулыбы, былой старшыні прафкаму НПЗ, якая нядаўна была пакарана штрафам у 20 базавых і канфіскацыяй тэлефона за падпіску на «экстрэмісцкі» акаўнт Zerkalo.

Затрыманы віцебскі актывіст і арганізатар  культурніцкій праектаў Уладзімір Булаўскі. Ен знаходзіцца ў віцебскім СІЗА.


Навіны з-за кратаў

На сваёй старонцы ў Facebook маці анархіста Ігара Аліневіча Валянціна Аліневіч паведаміла, што яе сына, а таксама Дзмітрыя Дубоўскага, Сяргея Раманава і Дзмітрыя Разановіча перавялі з СІЗА КДБ ў СІЗА на Валадарскага. Нагадаем, з 15 лістапада ў закрытым рэжыме над вышэйпералічанымі ідзе суд. Усе чацвера - фігуранты справы «анарха-партызан». Іх вінавацяць па шэрагу крымінальных артыкулаў за падпал службовых аўтамабіліяў, будынку ДАІ і дзяржаўнага камітэта экспертыз у Гомельскай вобласці.

Стала вядома, што адміністрацыя ПУАТ-9 у Віцебску паставіла палітзняволенага Дзмітрыя Абрамука на новы ўлік як «схільнага да самавольнага сыходу з установы». Па словах супрацоўнікаў, ім паступіла інфармацыя, што Дзмітрый нібыта збіраецца збегчы ў Расію. Пры гэтым, супрацоўнікі ПУАТ неаднаразова правакавалі Дзмітрыя пытаннямі, калі ён ужо ўцячэ і чаму дагэтуль не збег. Палітвязень ім адказваў: “Я нікуды не збіраюся, мне і тут добра”. Акрамя гэтага, палітвязня ўжо паўгады не дапускаюць да працы.

Дзмітрый Абрамук – фігурант берасцейскай  «справы карагодаў». 15 сакавіка суд пакараў Дзмітрыя двума гадамі "хіміі" па арт. 342 КК. Праз некалькі месяцаў яго асудзілі да двух гадоў "хіміі" яшчэ і па арт. 368 КК за абразу Лукашэнкі. З улікам неадбытага пакарання, шляхам складання прызначылі тры гады «хіміі».

Анжаліна Борыс
Анжаліна Борыс

Таксама праваабаронцы даведаліся, што палітзняволенай старшыні Саюзу палякаў Беларусі Анжаліцы Борыс працягнулі тэрмін утрымання пад вартай на тры месяцы — да 25 лютага 2022 году Яна знаходзіцца за кратамі ўжо 8 месяцаў.


Ціск на СМІ і тэлеграм-чаты

Сайт orsha.еu заблакаваны па рашэнні пракуратуры. Рэдакцыя пакуль не ведае дакладнай прычыны. Пра блакіроўку паведамілі ў Рэспубліканскім унітарным прадпрыемстве па наглядзе за электрасувяззю.

МУС прызнала Telegram-чат «Полоцк Новополоцк Страна Для Жизни Чат Свободу Сергею Тихановскому» экстрэмісцкім фарміраваннем.

260489754_155109210146027_14566592976556
"Брэсцкая газета"

Інфармацыйная прадукцыя інтэрнет-рэсурса «Брестская газета» прызнаная экстрэмісцкімі матэрыяламі.

Ірына Слаўнікава
Ірына Слаўнікава

Стала вядома, што журналістка Ірына Слаўнікава стала падазраванай паводле артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак або актыўны удзел у іх»). Пра гэта стала вядома ад сваякоў жанчыны.

Нагадаем, журналістку "Белсату" Слаўнікаву затрымалі 30 кастрычніка ў аэрапорце, калі яны вярнуліся з Егіпта, іх адвезлі ў ізалятар на вуліцы Акрэсціна.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства