Магніт на лядоўні прызналі доказам па справе аб удзеле ў "Маршы адзінства". За гэта гродзенка атрымала два гады "хатняй хіміі"
15 лістапада ў судзе Кастрычніцкага раёна Гродна распачаўся разгляд крымінальнай справы ў адносінах да 52-гадовай Валянціны Будрэвіч. Паводле ч. 1 арт. 342 КК Беларусі ("Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх") жанчыну вінавацяць ва ўдзеле ў "счэпцы" падчас "Маршу адзінства" 6 верасня мінулага года. Справу разглядаў суддзя Уладзімір Пазняк, дзяржаўнае абвінавачванне падтрымлівала Вераніка Ульянава.
"Падумала: а раптам тут спатрэбяцца мае прафесійныя якасці"
Валянціна Будрэвіч — медсястра-анэстэзістка лякарні хуткай медыцынскай дапамогі, маці траіх дзяцей. Сёлета ў верасні яе ўжо арыштоўвалі за ўдзел у мітынгах 2020 года і ўтрымлівалі пад арыштам у ІЧУ.
Згодна з версіяй абвінавачвання, "па папярэдняй змове жанчына стала ўдзельнікам групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак", заклікала да незаконных дзеянняў навакольных і аказвала непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі, якія прасілі разыйсціся ўдзельнікаў несанкцыянаванага мітынгу ў гучнагаварыцелі. Папярэдняя змова, на думку пракуроркі, палягала ў тым, што жанчына нібыта прытрымлівалася кіраўніцтваў тэлеграм-каналаў, на якія яна была падпісаная ў той момант, і таму 6 верасня 2020 года прыйшла менавіта ў той час і ў тое месца, дзе адбывалася акцыя пратэсту.
Падчас суда жанчына пацвердзіла, што на тым самім "Маршы адзінства" яна сапраўды была, але сваю віну прызнала толькі часткова. Валянціна настойвае, што ніякай папярэдняй змовы ў яе дзеяннях не было. Гэтак жа, як і непадпарадкавання міліцыі і заклікаў да супрацьпраўных дзеянняў з яе боку.
Падчас допыту Валянціна Будрэвіч распавяла, што ў той дзень яна выбралася ў цэнтр горада пагуляць, а заадно набыць сшытак для лабараторных работ для дзіцяці-школьніка. І менавіта з гэтай мэтай пайшла да кнігарні на вул. Савецкая. Але дайсці да яе не змагла — трапіла ў натоўп з некалькіх дзясяткаў чалавек на вул. Гарнавых. Са словаў жанчыны, прыкладна ў гэта ж час праз гучнагаварыцелі супрацоўнікі міліцыі пачалі казаць, што мерапрыемства несанкцыянаванае, і прасілі разыйсціся, а праз нейкі час пачаліся затрыманні.
"Я сышла адтуль амаль адразу, пераканаўшыся, што ў людзей няма ніякіх калецтваў. Бо я ж медсястра. Паглядзела, развярнулася і сышла па тратуары ў бок прыпынку грамадскага транспарту", — распавяла Валянціна.
На пытанне пракурора пра тое, як доўга да гэтага жанчына ішла ў натоўпе пратэстоўцаў, Валянціна сказала, што прайшла разам з імі прыкладна 50 метраў, пры гэтым нічога не выкрыквала, пратэснай атрыбутыкай не размахвала, не торгала супрацоўнікаў міліцыі за маскі і форму, не ўжывала да іх фізічнай сілы.
Сваіх падпісак на тэлеграм-каналы медык не адмаўляла, аднак запэўніла суд, што ў верасні мінулага года ніякімі інструкцыямі тэлеграм-каналаў не кіравалася. Таксама падсудная ўдакладніла, што пра крымінальную адказнасць за сваё знаходжанне на месцы падзей яна не ведала, а сваю прысутнасць у натоўпе лічыць стыхійнай рэакцыяй на падзеі таго часу.
"Падумала: а раптам тут спатрэбяцца мае прафесійныя якасці", — сказала Валянціна.
"Скарысталася правам не сведчыць супраць сябе"
Бадай, самай дзіўнай падчас гэтага судовага пасяджэння сталася падрабязнасць пра магніт з гербам "Пагоня", які, дарэчы, у гэты момант у Беларусі не прызнаны забароненым ці экстрэмісцкім. То бок як знак пратэсту і доказ віны яго інтэрпрэтаваць нельга.
Аказваецца, падчас ператрусу ў доме Валянціны Будрэвіч супрацоўнікі міліцыі знайшлі адзенне, у якім падсудная была 6 верасня мінулага года, і магніт з гербам "Пагоня", які відавочна вельмі зацікавіў бок абвінавачвання.
"Магніт з сімволікай быў у вас з сабой падчас "Марша пратэсту"? — запыталася ў Валянціны Будрэвіч пракурорка.
"Не", — адказала жанчына.
"Дзе вы звычайна захоўваеце магніт?" — працягнуў цікавіцца бок абвінавачвання.
"На лядоўні", — удакладніла падсудная.
"Колькі лядоўняў у вас дома?" — спытала пракурорка.
"Дома ў мяне ёсць лядоўня і маразільная камера", — адказала жанчына.
Канфіскаванае адзенне і магніт прызналі доказамі па справе Валянціны Будрэвіч.
Падчас даследавання пісьмовых матэрыялаў справы дзяржабвінаваўца апублікавала пратакол допыту абвінавачанай, які адбыўся падчас папярэдняга следства. Тады ў сваіх паказаннях жанчына пацвердзіла, што сапраўды стаяла ў "счэпцы". На пытанне суддзі пра тое, чым яна можа растлумачыць разыходжанне сваіх паказанняў на стадыі папярэдняга расследавання і падчас судовага следства, Валянціна Будрэвіч скарысталася сваім правам не сведчыць супраць сябе.
Таксама падчас судовага пасяджэння было прадстаўленае відэа з "Маршу адзінства". Пасля яго прагляду суддзя пацікавіўся ў дзяржабвінаваўцы, ці не жадае яна ўнесці змены ў выстаўленае абвінавачанне ў сувязі з тым, што Валянціна Будрэвіч хапала за адзенне супрацоўнікаў праваахоўных органаў, тым самым ужываючы да іх гвалт. Пракурорка адказала, што выкажацца падчас судовых спрэчак.
Апыталі і двух сведак. Абодва — супрацоўнікі міліцыі, абодва "з меркаванняў асабістай бяспекі" вырашылі даваць паказанні за шырмай.
Паказанні, якія далі тры іншыя сведкі, зачыталі падчас разгляду. Намеснік камандзіра АМАП УУС Гродзенскага аблвыканкама паведаміў, што прысутнічаць на судовым пасяджэнні гэтыя сведкі не могуць, бо ахоўваюць грамадскі правапарадак за межамі Гродна.
Дарэчы, падчас апытання сведак высветлілася, што ніводны з іх падсудную падчас "Маршу адзінства" не бачыў. Абодва далі паказанні агульнага характару з нагоды падзеяў падчас таго Маршу.
Падчас судовых спрэчак дзяржабвінаваўца папрасіла суд прызнаць чыстасардэчнае раскаянне падсуднай у якасці змякчальнай акалічнасці. Таксама ў якасці змякчальнай акалічнасці пракурорка папрасіла прыняць "наяўнасць на ўтрыманні ў Валянціны Будрэвіч непаўнагадовага дзіцяці". Абвінавачванне аб "здзяйсненні злачынства па папярэдняй змове" дзяржабвінаваўца прапанавала выключыць, бо пацверджання віны падсуднай па ім не было выяўлена. У якасці пакарання пракурорка запатрабавала "абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на 2 гады".
Адвакатка Валянціны Будрэвіч папрасіла вынесці падсуднай апраўдальны прысуд.
Абвяшчэнне прысуду адбылося 17 лістапада. Суд Кастрычніцкага раёна Гродна прызнаў Валянціну Будрэвіч вінаватай у здзяйсненні злачынства паводле ч. 1 арт. 342 КК Беларусі ("Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх") і асудзіў жанчыну да двух гадоў "хатняй хіміі".