viasna on patreon

Дзевяць пацярпелых, амаль 15 тысяч кампенсацыі: былога пілота асудзілі да трох гадоў “хатняй хіміі” за "абразы" ў каментарах

2021 2021-11-18T10:31:26+0300 2021-11-18T12:04:34+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/telegram_9034.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

17 лістапада ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска да трох гадоў “хатняй хіміі” асудзілі Аляксея Асташэвіча. Яго прызналі вінаватым паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса. Пакаранне паводле арт.188 КК – год “хатняй хіміі”, паводле арт.391 КК – год “хатняй хіміі”, паводле арт.369 КК – тры гады “хатняй хіміі”. Канчатковае пакаранне складзенае шляхам паглынання менш строгага больш строгім.

Таксама суддзя Дзмітрый Карсюк абавязаў спагнаць з Асташэвіча кампенсацыю маральнай шкоды пацярпелым. Маральную шкоду Паршыну ў восем тысяч рублёў – перавесці Беларускаму дзіцячаму хоспісу, як і прасіў пацярпелы. 1500 рублёў ён мусіць сплаціць Хітрыку. 1500 рублёў спагнаныя на карысць Карпянкова раней. Таксама 3800 рублёў абвінавачаны кампенсаваў пацярпелым раней. Такім чынам, абвінавачаны мусіць выплаціць на пакрыццё маральнай шкоды амаль 15 тысяч рублёў.

Бок дзяржабвінавачання падтрымліваў памочнік пракурора Цэнтральнага раёна Арцём Цвяткоў.

Асташэвіча прызналі вінаватым у тым, што з кастрычніка 2020 года да сакавіка 2021 года на розных тэлеграм-каналах ён пакідаў каментары, каб публічна абразіць і зняважыць прадстаўнікоў улады. У каментарах для негатыўнай ацэнкі супрацоўнікаў ён выкарыстоўваў ненарматыўную лексіку.

Што казаў абвінавачаны?

Аляксею Асташэвічу 60 год, ён пенсіянер, былы пілот-інструктар боінга. Ён звольніўся з працы, таму што пасля першага допыту ў яго пагоршыўся стан здароўя і ён не прайшоў медкамісію. Дагэтуль на працы не было ніводнага інцыдэнта. Даглядае за маці і цешчай. Падчас суда не знаходзіўся пад вартай.

Абвінавачаны выбачыўся за каментары і сказаў, што ўбачыў у залі сімпатычных добрых людзей, якіх просіць прыняць яго шчырыя выбачэнні. Асташэвіч прызнаў, што ў каментарах ён выказваў сваё меркаванне адносна дзеянняў, якія здзейснілі гэтыя людзі ў якасці службовых асобаў.

Ён распавёў, што ўбачыў у тэлеграм-каналах пасты з дадзенымі пра супрацоўнікаў міліцыі, суддзяў і г.д. Адказваючы пра мэту каментароў, распавёў, што сам “бязмозглы дурак, статкавае пачуццё”. Калі Дзмітрый Карсюк удакладніў, ці па глупстве былі пакінутыя каментары, Асташэвіч пагадзіўся. Ён разумеў, што каментары зневажальныя і сказаў: “Будзь пракляты той дзень, калі я падпісаўся на гэтыя каналы!” На момант напісання каментароў ён не думаў, што будуць такія наступствы, і нават у следчага не мог узгадаць, што там пісаў.

Што казалі пацярпелыя?

Пацярпелыя – дзевяць чалавек: супрацоўнік Фрунзенскага РАУС Дзенісеня, Юрый Азарэвіч, Дзеравяшка, Паршын, Самалётаў, Манахаў, Гаўрылаў, капітан міліцыі Меленяка, суддзя Кастрычніцкага раёна Віцебска Буткевіч. Таксама Асташэвічу не ставілася ў віну абраза Карпянкова, але пазоў на ягоную карысць у памеры 1500 рублёў Асташэвіч кампенсаваў. Таксама абвінавачаны нібыта наўмысна стварыў і распаўсюдзіў інфармацыю пра тое, што Дзеравяшка – садыст.

Азарэвіч – супрацоўнік ГУБАЗіК. Асташэвіч кампенсаваў яму пазоў у памеры 500 рублёў. Ён лічыць, што абвінавачаны асэнсаваў, што паступіў няправільна, таму пакаранне яму неабходнае нястрогае.

Аляксандр Дзенісеня распавёў, што даведаўся пра пост пра сябе ад калегаў, бачыў каментар абвінавачанага, але не ведае яго асабіста. Упэўнены, што каментар пакінуты праз негатыўны настрой да супрацоўнікаў міліцыі ў сувязі з прафесійнай дзейнасцю. Дзенісеню Асташэвіч кампенсаваў 1000 рублёў.

Уладзімір Дзеравяшка распавёў, што каментар знеслаўляе ягоныя гонар і годнасць, а таксама лічыць паклёпам каментар, што ён гвалтоўнік і садыст. Асташэвіч кампенсаваў яму 1000 рублёў. Ён папрасіў пакараць абвінавачанага нястрога.

Меленяка – участковы з Гродна, якому Асташэвіч ужо кампенсаваў 300 рублёў.

Паршын папрасіў кампенсацыю дзесяць тысяч рублёў – накіраваць яе ў Беларускі дзіцячы хоспіс.

Хітрык папрасіў кампенсацыю 1500 рублёў.

Віталь Самалётаў – камандзір мінскага АМАПу, папрасіў накіраваць тысячу рублёў у дзіцячы дом, іншых патрабаванняў не меў. Абвінавачаны выплаціў кампенсацыю на перапынку.

Матэрыялы справы разглядаліся ў закрытым рэжыме. Сведкай на судзе таксама выступіла жонка абвінавачанага Таццяна Асташэвіч. Яна распавяла, што муж – галоўная апора ў сям’і, а таксама што яна не ведае больш добрага і адказнага перад блізкімі чалавека.

Што казалі падчас спрэчак?

Цвяткоў запрасіў для абвінавачанага тры гады “хатняй хіміі”: паводле арт.188 КК – год “хатняй хіміі”, паводле арт.391 КК – год “хатняй хіміі”, паводле арт.369 КК – тры гады “хатняй хіміі”. Канчатковае пакаранне скласці шляхам паглынання менш строгага больш строгім. Менавіта такі прысуд і вынесены Асташэвічу.

Адвакат падкрэсліў, што абвінавачаны амаль поўнасцю кампенсаваў пазоўныя патрабаванні, раскайваецца і прызнае віну. Ён папрасіў прызначыць мінімальнае пакаранне.

Падчас апошняга слова Аляксей Асташэвіч сказаў:

“Высокі суд, мне было вельмі прыемна тут сёння знаходзіцца, я бачу стаўленне да сябе. Я быў рады выказаць прабачэнні перад рабятамі, якія тут былі. Не хачу распавядаць, які я добры пілот. Глыбока перажываю, разумею, што здзейсніў крымінальнае злачынства і гатовы панесці любое пакаранне, якое прызначыць мне суд”. Таксама ён абавязаўся выплаціць пазоў Хітрыку і кампенсаваць шкоду Паршыну, якую прызначыць суд.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства