Затрыманні і ператрусы ў Беларусі: хроніка пераследу 16 лістапада Дапоўнена
Праваабарончы цэнтр "Вясна" сабраў факты палітычнага пераследу ў Беларусі за 16 лістапада. Рэпрэсіі супраць беларусаў за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўлады не спыняюцца: іх па-ранейшаму затрымліваюць, праводзяць ператрусы і ўжываюць іншыя формы ціску на грамадзян. Тэлеграм-чаты і каналы прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і фарміраваннямі.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Раніцай 16 лістапада ў Гродне быў затрыманы Валянцін Аскірка
Валянцін-міжнародны сакратар Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада). Яго забралі з заняткаў у прыватнай школе, дзе ён выкладаў. Гэта стала вядома праваабаронцам "Вясны". Аскірка быў выкладчыкам Гродзенскага Купалаўскага ўніверсітэта і ў мінулым жніўні падпісваў заяву супраць гвалту сілавікоў. Пасля гэтага яго звольнілі.
Стала вядома, за што маглі затрымаць заснавальніка Symbal.by Паўла Белавуса
Паводле папярэдняй інфармацыі, яго затрымалі за тое, што ён перасылаў па “Белпошце” кнігу “Беларуская нацыянальная ідэя” Дзмітрыя Лукашука, якую 31 сакавіка гэтага года ўлады прызналі экстрэмісцкай. Есць меркаванне, што Паўла будуць судзіць па арт. 19.11 КаАП за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў. Нагадаем, Паўла затрымалі 15 лістапада пасля таго, як ён прыйшоў па выкліку ў міліцыю. Яго павезлі ў ізалятар на Акрэсціна ў Менску.
У доме актывісткі Алены Гурчонак у Полацку прайшоў ператрус
Праваабаронцам "Вясны" стала вядома, што пасля ператрусу Алену затрымалі. У рамках якой справы, пакуль не ўдакладняюць. У Наваполацку была затрыманая сваячка Алены Ірына Гурчонак. У яе знайшлі 50 экзэмпляраў "Віцебскага весніка". Абедзвюх затрымалі на 72 гадзіны.
Яшчэ адзін тэлеграм-чат прызналі экстрэмісцкім
Па заяве пракуратура Барысаўскага раёна інфармацыйная прадукцыя тэлеграм-чата “Барысаў-РЭП” прызнаная экстрэмісцкімі матэрыяламі.
Хваля ператрусаў у Наваполацку
Праваабаронцам "Вясны" вядома пра пяць ператрусаў. Але крыху падрабязнасцяў ёсць пакуль па двух выпадках. Так, за Іннай Саюнавай прыйшлі на працу. Яе муж - слесар завода "Палімір" Дзмітрый Саюнаў. Раней яго затрымалі за ўдзел ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.
Таксама прыйшлі да Таццяны Сцяпанавай - жонкі затрыманага электраманцёра і старшыні аддзялення незалежнага прафсаюзаў цэха 200 завода "Палімір" Аляксея Сцяпанава. 28 кастрычніка суд Наваполацка арыштаваў мужчыну па арт. 19.11 КаАП на 15 сутак за рэпост у сацсетках у 2019 годзе матэрыялаў, якія ў цяперашні час прызнаныя экстрэмісцкімі. Аляксея затрымалі адразу пасля суда. Пакаранне ён адбываў у Полацкім ІЧУ. Але пасля 15 дзён арышту яго так і не выпусцілі. Над Сцяпанавым адбыўся новы суд, зараз да яго не пускаюць нават адвакатаў.
Затрыманні у Мінску
Стала вядома пра затрыманне ў Мінску Марыны Сачыўка і Вольгі Мельнікавай. Першую жанчыну затрымалі па арт. 369 КК РБ ч. 1 (“Абраза прадстаўніка ўлады") і арт. 179 КК РБ (“Незаконнае збіранне альбо распаўсюджванне інфармацыі аб прыватным жыцці”). Ёсць дадзеныя, што яна на Акрэсціна. Звестак аб затрыманні Вольгі Мельнікавай амаль няма. Але праваабаронцам "Вясны" вядома , што жанчына на Валадарцы. Таксама вядома пра затрыманне ў Менску 37-гадовага Андрэя Цеплякова. Паведамляецца, што ў кватэру да яго ўварваліся адразу 8 чалавек. У Калодзішчах пад Мінскам затрыманыя Аляксандр Залуцкі і Сяргей Огур. Дадзеных пра іх месцазнаходжанне і прычыны затрымання пакуль што няма.
У Магілёве масава выклікаюць на допыты
Магілёўцаў масава выклікаюць у Следчы камітэт па "справе аб арганізацыі беспарадкаў". Якая мэта выклікаў - дакладна невядома, бо ў 2020-2021 годзе масавых беспарадкаў у Магілёве нават не было (у абласным цэнтры не зафіксавана ніводнай справы па арт. 293 КК РБ). У праваабаронцаў есць меркаванне, што выклік і допыты могуць быць звязаныя з дзейнасцю арганізацыі "Наш дом". Ужо вядома як мінімум пра некалькі дзясяткаў магілёўцаў, якія атрымалі тэлефонныя выклікі ў мясцовае кіраванне СК. Таксама ёсць інфармацыя, што справа ў Магілёў спусцілі з Мінска.
Блогерку Алену Янушкоўскую абвесцілі ў вышук
Віцебскую блогерку Алену Янушкоўскую, якая вяла стрымы і размяшчала іх на сваім відэаканале "Сапраўдная Беларусь", абвесцілі ў вышук, але расследаванне па крымінальнай справе па арт. 368 КК РБ, якую на яе завялі за абразу Лукашэнкі, прыпынілі. Пра гэта паведаміла дачка Алены Янушкоўскай - ёй прыйшло адпаведнае паведамленне са Следчага камітэта.
"Атрымліваецца, што на мяне завялі крымінальную справу за абразу прэзідэнта, хоць я Святлану Ціханаўскую ніколі не абражала, таму гэта хлусня чыстай вады. Справа, распачатая супраць мяне, прыпынілі, абвясціўшы мяне ў вышук", - цытуе блогера віцебская "Вясна".
14 лістапада міліцыянты ўжо з'явіліся ў яе дом у вёсцы Суйкава Віцебскага раёна. Цяпер там пражывае прыёмная дачка Алены з двума дзецьмі. Сама блогерка знаходзіцца ў бяспецы за межамі Беларусі.