Затрыманні і ператрусы ў Беларусі: хроніка пераследу 13-15 лістапада Дапоўнена
Праваабарончы цэнтр "Вясна" збірае факты палітычнага пераследу ў Беларусі за 13-15 лістапада. Рэпрэсіі супраць беларусаў за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўлады не спыняюцца: іх па-ранейшаму затрымліваюць, праводзяць ператрусы і ўжываюць іншыя формы ціску на грамадзян. Тэлеграм-чаты і каналы прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і фарміраваннямі.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Пераслед 15 лістапада
Сёння днём у будынку Мінскага гарадскога суда затрымалі 32-гадовую Таццяну Батуру. Яна хацела патрапіць на суд над палітзняволенай Вольгай Залатар. Але дзяўчына не прайшла кантроль на рамках перад залай суда — яе затрымалі.
Відавочцы бачылі, як яе звезлі на шэрым бусе ў невядомым накірунку. Цяпер месцазнаходжанне Таццяны невядома — у РУУСах кажуць, што яе ў іх няма.
Затрымалі Паўла Белавуса
Затрымалі дырэктара Symbal.by. Сёння яго вызвалі ў міліцыю а 11:00. Пасля гэтага ён не вярнуўся дадому. Зараз Паўла павязуць на Акрэсціна. Прычына затрымання пакуль невядомая.
«Затуманьваў свядомасць грамадзян». Справу Эдуарда Пальчыса перадаюць у суд
Паводле Следчага камітэта, 31-гадовы блогер займаўся «злачыннай дзейнасцю» з 2016 года па верасень 2020 года, калі яго затрымалі.
«Асноўнай зброяй Пальчыса з'яўляліся створаныя і кіраваныя ім інтэрнэт-рэсурсы, у тым ліку Telegram-канал і старонкі ў сацыяльных сетках, якія захапілі большую частку аўдыторыі краіны, іх давер, і выкарыстоўваліся для кіравання свядомасцю натоўпу, схілення да запланаваных злачынных дзеянняў.
Змешчаная яшчэ з 2016 года ў рэсурсах інфармацыя па сваім змесце была наўмысна накіраваная Пальчысам на распальванне сацыяльнай варожасці і варожасці па прыкмеце прафесійнай прыналежнасці, якая тычыцца супрацоўнікаў праваахоўных органаў, дзяржаўных служачых, прадстаўнікоў улады.
Адначасова з «затуманьваннем» свядомасці грамадзян Пальчыс займаўся арганізацыяй масавых беспарадкаў і групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак», ‒ гаворыцца ў прэс-рэлізе СК.
Дзеянні Эдуарда Пальчыса кваліфікаваны следствам па наступных артыкулах КК:
- ч. 3 арт. 130 (наўмысныя дзеянні, накіраваныя на ўзбуджэнне іншай сацыяльнай варожасці і варожасці па прыкмеце іншай сацыяльнай прыналежнасці, учыненыя групай асоб, якія прывялі да іншых цяжкіх наступстваў);
- ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў);
- ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак);
- ч. 3 арт. 361 (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь).
У пятніцу перазатрымалі дзяжурнага электраманцёра і старшыню суполкі незалежнага прафсаюза цэха 200 завода "Палімір" Аляксея Сцяпанава. 28 кастрычніка суддзя суда горада Наваполацка Зінаіда Балаболава арыштавала мужчыну па арт. 19.11 КаАП на 15 сутак за рэпост у сацсетках у 2019 годзе матэрыялаў, якія цяпер прызнаныя экстрэмісцкімі. Аляксея затрымалі адразу пасля суда. Пакаранне ён адбываў у полацкім ІЧУ.
Але пасля 15-сутачнага арышту яго так і не выпусцілі на волю. Вядома, што над Сцяпанавым адбыўся новы суд. Аднак да мужчыны ў полацкі ІЧУ не пускаюць адваката па прычыне эпідэміялагічнай абстаноўкі.
Палітзняволеных антыфашыстаў Дзяніса Болтуця і Цімура Піпія пазбавілі ў калоніях перадач
Паведамляецца, што пасля этапаванняў у калоніі палітвязняў Дзяніса Болтуця і Цімура Піпія праз прафілактычныя ўлікі пазбавілі перадач тэрмінам на чатыры месяцы.
У доме віцебскай блогеркі Алены Янушкоўскай правялі ператрус
Блогерка рабіла стрымы і размяшчала іх на сваім відэаканале “Настоящая Беларусь“. Алена Янушкоўская ўжо некалькі месяцаў знаходзіцца за межамі Беларусі, але 14 лістапада міліцыянты з’явіліся ў яе хату ў вёсцы Суйкава Віцебскага раёна, дзе зараз жыве прыёмная дачка блогеркі з двума дзецьмі, піша "БАЖ". Адзін з апошніх відэаролікаў і стаў прычынай ператрусу, мяркуе Алена:
"Мой відэаролік “Малітва за Беларусь з Вячаславам Барком” трапіў у пералік так званых “экстрэмісцкіх” матэрыялаў. Ініцыявала гэта ўсё пракуратура Расонскага раёна. Ксёндз Вячаслаў Барок служыў у Расонскім касцёле і таксама з’ехаў з Беларусі, бо яго вінавацілі ў “экстрэмісцкіх” выказваннях у ягоным відэаблогу".
Журналістка Ірына Слаўнікава і яе муж Аляксандр Лойка не выйшлі з Акрэсціна на волю пасля 15 сутак арышту
Пра гэта паведаміў «Новы час». Ірыну і Аляксандра затрымалі 30 кастрычніка ў мінскім аэрапорце, калі вярталіся з адпачынку. 1 лістапада іх асудзілі 15 сутак арышту па арт. 19.11 КаАП за захоўванне ў фэйсбуку матэрыялаў, якія былі прызнаныя «экстрэмісцкімі». Падчас працэсу Аляксандр распавёў, што іх з Ірынай затрымалі на пашпартным кантролі, надзелі кайданкі і нават не далі забраць багаж.
У лекара-тэрапеўта Ігара Габруковіча з Нароўлі быў ператрус, у выніку якога вынялі тэлефон і кампутар. Магчыма прычынай вобшуку сталася выява Пагоні, якая ляжала пад шклом у ягоным кабінеце, піша "Гомельская Вясна".
Лекар-тэрапеўт з Нароўлі 58-гадовы Ігар Габруковіч паведаміў сайту “Гомельская вясна”, што вобшук у яго кватэры адбыўся 3 лістапада па пастанове следчага Нараўлянскага СК Дрэвілы. Прычына – абраза прадстаўнікоў РАУСу. Падчас вобшуку былі канфіскаваны: ноўтбук, кампутар, тэлефон Габруковіча і жонкі. На допыце ў намесніка начальніка міліцыі Міхасёва Ігар Габруковіч сказаў, што аніякіх канфліктаў з супрацоўнікамі Нараўлянскага РАУСу ў яго не было.
Пасля вобшуку ў Габруковіча рэзка пагоршыўся стан здароўя. У яго інваліднасць III групы. У 2017 годзе перанёс інфаркт. Лекар – ліквідатар аварыі на ЧАЭС. Працуе ў Нараўлянскім шпіталі з 1987г.
Затрыманы вакаліст мазырскага гурта «Ня Варта»
Фёдара Чаранкова затрымалі ў ДАІ і накіравалі ў аддзел па барацьбе з кіберзлачынствамі. Пазней па месцы жыхарства Фёдара адбыўся ператрус, міліцыянты забралі кампутары.
Папярэдне, падставай для затрымання стала яго падпіска на «Б**сат» у Instagram.
Змясцілі ў брэсцкае СІЗА Дзмітрыя Шчурко
Пра гэта паведамляе брэсцкая "Вясна". У снежні 2020 яго асудзілі за "скрадзеную ў амапаўца рацыю" — атрымаў "хатнюю хімію". Пасля затрымліваўся прэвентыўна (на гадавіну выбараў, перад Днём незалежнасці-2021). Дзмітрыя штрафавалі па арт. 19.11 КаАП за рэпост у сацсетках. Таксама ў Дзмітрыя са жніўня 2020 прайшло не менш за пяць ператрусаў.
У гэты раз прэтэнзіі да Дзмітрыя паўсталі па артыкуле 368 Крымінальнага кодэкса (абраза прэзідэнта). 9 лістапада 2021 яго забралі ў ІЧУ, і праз пару дзён перавялі ў СІЗА-7. У мужчыны дома засталіся двое дзяцей.
Інфармацыя дапаўняецца.