viasna on patreon

Прызналі вінаватым. Андрэю Лінніку прысудзілі 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму

2021 2021-11-11T17:15:28+0300 2021-11-11T19:17:43+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/w_ab86bbc3.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Андрэй Ліннік

Андрэй Ліннік

8 лістапада ў судзе Маскоўскага раёна сталіцы вынеслі абвінаваўчы прысуд па справе чарговага беларускага палітвязня. У клетцы моўчкі ходзіць Андрэй Ліннік.

32-гадовага Андрэя трымаюць за кратамі з 4 жніўня 2021 года. У той дзень хлопца затрымалі як падазраванага па крымінальнай справе аб удзеле ў масавых беспарадках. Андрэя перавялі ў СІЗА і прад'явілі абвінавачванне па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса - "Удзел у масавых беспарадках".

Андрэй Ліннік - удзельнік акцый пратэстаў, якія адбыліся пасля выбараў прэзідэнта-2020. Праваабаронцы ацэньваюць яго пераслед і пазбаўленне волі палітычна матываванымі.

4 лістапада адбылося першае судовае пасяджэнне па яго справе. Справу разглядала суддзя Кацярына Мурашка, дзяржабвінаваўца - Раман Бізюк.

Са звестак, якія былі агучаны падчас пасяджэння, стала вядома, што Андрэй - індывідуальны прадпрымальнік, халасты, дзяцей не мае. Некалькі запытаў у інтэрнет - і па старонках у сацсетях становіцца зразумела, што ў звычайным жыцці Андрэй займаўся машынамі, любіў адпачываць на прыродзе, сустракацца з сябрамі. Тым не менш, падчас пасяджэння суда яго трымалі ў кайданках.

Дзяржабвінаваўца Раман Бізюк паведаміў, што пачынаючы з дзевяці гадзін вечара 9 жніўня 2020 года на скрыжаванні праспектаў Машэрава і Пераможцаў “Андрэй Ліннік узяў удзел у масавых беспарадках, якія суправаджаліся гвалтам, пагромамі, падпаламі, знішчэннем маёмасці і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады».

"Ні ў якіх масавых беспарадках ўдзельнічаць не планаваў"

9 жніўня 2020 года. Фота: rubryka.com

Сам Андрэй Ліннік, калі яму далі слова, сцвердзіў, што 9 жніўня з 21.20 ён сапраўды знаходзіўся на скрыжаванні праспектаў Машэрава і Пераможцаў: "Калі прыехаў, там ужо было шмат людзей і ачапленне міліцыі. Было некалькі тысяч чалавек. У асноўным людзі знаходзіліся на дарозе і тратуарах. Варожага настрою ні ў каго не было. Выкрыквалі толькі лозунгі. Сцягоў і вымпелаў не бачыў".

Андрэй растлумачыў, што ў той дзень на скрыжаванне Машэрава і Пераможцаў ён прыехаў таму, што напярэдадні ў СМІ прачытаў навіну пра тое, што ў гэтым месцы пройдзе мірны мітынг нязгодных з вынікамі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі.

"Ні ў якіх масавых беспарадках я ўдзельнічаць не планаваў", - удакладніў падсудны. - Звестак пра тое, што мітынг забаронены, я не бачыў”.

Таксама Андрэй распавёў, што ніякіх заклікаў разысціся з боку міліцыі ён не чуў.

"Калі я туды прыехаў, барыкады ўжо былі сфармаваныя, - тлумачыў падсудны. - У асноўным гэта былі пластыкавыя смеццевыя бакі. У пабудове барыкад ўдзелу я не прымаў. Але потым выкаціў бетонны кветнік, бо з боку натоўпу пачаліся заклікі. Кветнік складаўся з дзвюх частак, ён не быў умантаваны ў зямлю. Я дастаў яе з ўкладыша і перамясціў. Хтосьці побач стаяў і накіроўваў куды яго цягнуць".

Крыху пазней Андрэй таксама пацвердзіў, што выкрыкваў лозунгі, звязаныя са сваёй нязгодай з вынікамі прэзідэнцкіх выбараў, некалькі дзясяткаў разоў ударыў па смеццевых кантэйнерах і паказаў у бок міліцыі знак з сярэднім пальцам.

"Гэта было са злосці, бо яны кідалі светлашумавыя гранаты і адна трапіла мне пад ногі", - расказаў Андрэй. Ён жа паведаміў суду, што не згодны з кваліфікацыяй артыкула, таму што не лічыць свае дзеянні пагромамі. – “ Нічога не граміў і не паліў, удзельнічаць у масавых беспарадках не планаваў, а з самой акцыі пратэсту сышоў пасля таго, як на месцы падзей з'явілася шмат супрацоўнікаў міліцыі". 

У ролі сведкі на судзе прысутнічала маці абвінавачанага - Валянціна Ліннік. Але ад дачы паказанняў яна адмовілася.

Не стаў адмаўляць абставіны справы і выказаў раскаянне

У якасці рэчавага доказу віны Лінніка былі прадстаўленыя асабістыя рэчы мужчыны, якія канфіскавалі ў яго дома падчас затрымання: сінія джынсы, чорныя красоўкі. У іх Андрэй быў апрануты 9 жніўня на акцыі пратэсту.

Экспертыза мабільнага тэлефона, які ў Андрэя канфіскавалі падчас ператрусу, следства выявіла перапіскі і фота, у тым ліку выдаленыя. Бок абвінавачвання паведаміў, што фатаграфіі на мабільным тэлефоне Андрэя «носяць пратэсны характар», у тым ліку ў тэлефоны знайшлі паведамленні з лагатыпам забароненага тэлеграм-канала, а таксама звесткі з чат-бота «Голас». Напрыканцы пракурор паведаміў, што ў абвінавачвання есць “файл з відыёзапісам памерам 4 секунды, на якім можна пабачыць мужчыну, падобнага на Лінніка, які наносіць удары па скрыні, а таксама фота Лінніка непасрэдна каля барыкад”. 

Андрэй Ліннік апазнаў сябе на гэтым відэа і прызнаў іск на карысць “Мінсктранса” у памеры 3 621 рубель 94 капейкі. Паводле версіі дзяржабвінавачання, менавіта такую шкоду сваімі дзеяннямі Андрэй нанёс “Мінсктрансу” ў сувязі з прыпынкам працы грамадскага транспарту падчас акцыі пратэсту.

Абставіны справы, якія яму прад'явілі, Андрэй адмаўляць таксама не стаў. Мужчына пацвердзіў, што сапраўды выкочваў бетонны кветнік, якую да гэтага ён жа сам і расцерушыў.

Падчас спрэчак пракурор заявіў, што віна абвінавачанага цалкам даказана і прапанаваў суду пакараць Андрэя Лінніка 4 гадамі пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, а таксама задаволіць заяўленыя іскавыя патрабаванні «Мінсктранса».

Абарона з абвінавачваннямі не пагадзілася.

"У перыяд знаходжання Лінніка ў натоўпе масавыя беспарадкі не наступалі. Тыя дзеянні не падпадаюць пад масавыя беспарадкі. Улічваючы абстаноўку, у якой знаходзіўся Ліннік, лічу, што можна казаць толькі пра грубае парушэнне грамадскага парадку, прадугледжанае артыкулам 342, - выступіў адвакат Андрэя Лінніка. - У абвінавачанні сказана, што Ліннік ўчыніў пагром шляхам таго, што выкаціў кветнік. Аднак гэта не падпадае пад вызначэнне пагрому. Цэласнасць скрыні не была пашкоджана, а была толькі парушаная. Гэта таксама нельга расцэньваць як пагром. Усё, што адбывалася далей, было без удзелу майго падабароннага. Прашу перакваліфікаваць артыкул у “дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак” і прызначыць пакаранне, звязанае з абмежаваннем волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу".

Падчас свайго апошняга слова Андрэй Ліннік выказаў словы раскаяння і папрасіў суд прыслухацца да абаронцы.

Рашэнне суда па справе Андрэя Лінніка было зачытана 8 лістапада. Як і запытваў пракурор, Андрэю прысудзілі 4 гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Утрыманне пад вартай у перыяд з 4 жніўня да 8 лістапада 2021 года  суд пастанавіў залічыць у тэрмін адбыцця пакарання з разліку 1 дзень утрымання пад вартай да 1,5 дзён адбыцця пакарання. Адвакат і пракурор з прысудам пагадзіліся.

Праваабаронцы працягваюць настойваць на тым, што сходы грамадзян, у якіх удзельнічаў Ліннік, не ўяўлялі пагрозы ні нацыянальнай, ні грамадскай бяспекі. А гэта значыць, што па законе яго дзеянні не могуць быць кваліфікаваныя як “масавыя беспарадкі”. Андрэй Ліннік прызнаны палітычным зняволеным.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства