viasna on patreon

Жанчыну пакаралі двума гадамі "хатняй хіміі" за "абразу" Касьянчык у каментары

2021 2021-11-10T17:34:37+0300 2021-11-10T18:23:14+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kasjanchyk_21.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

10 лістапада ў судзе Мінскага раёна вынесены прысуд 42-гадовай жыхарцы Фаніпаля Анастасіі Баранавай. Суддзя Новікава прызнала яе вінаватай паводле дыфамацыйнага арт.369 Крымінальнага кодэкса за абразу памочніцы пракурора Фрунзенскага раёна Мінска Аліны Касьянчык і вынесла пакаранне ў выглядзе двух гадоў абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ – “хатняй хіміі”. Пракурор запрошваў 1,5 гады "хіміі". Таксама ў яе канфіскаваны тэлефон у даход дзяржавы.

Анастасія была затрыманая на 9-12 жніўня 2021 года за непрыстойны па форме з нецэнзурнай лексікай каментар у бок Аліны Касьянчык у адным з тэлеграм-каналаў. Згодна з паказаннямі абвінавачанай падчас папярэдняга следства, каментар утрымліваў выраз “Як зямля носіць такую гніду?” Лінгвістычная экспертыза, каб пацвердзіць абразлівы характар каментара, не праводзілася.

Пацярпелая на паседжанне не з’явілася.

Жанчына часткова прызнала віну. Яна распавяла, што зайшла ў тэлеграм-канал падчас абедзеннага адпачынку, дзе ўбачыла інфармацыю пра тое, што адна грамадзянка падала на іншую грамадзянку ў суд з нагоды непрацягнення дамовы арэнды жылля. Прозвішчы жанчын яна не памятае. Пакінула каментар “без задняй думкі” і не хацела пакрыўдзіць чалавека: дзяўчына на здымку была маладзенькая, а яе форма нагадвала чыгуначную. Калі б яна ведала, што дзяўчына – супрацоўнік пракуратуры, яна б не пакідала каментар, але тады ў яе быў “паэтычны парыў”. Часткова прызнае віну, таму што пісала яго грамадзянцы, а не прадстаўніку ўлады і нават не адкрывала сам тэкст матэрыяла.

На 2 гады "хатняй хіміі" асудзілі мінчанку за высяленне з кватэры "палітычнай" памочніцы пракуроркі

Суд праходзіў у закрытым рэжыме "у сувязі з неабходнасцю абараніць асабістыя дадзеныя Касьянчык і дадзеныя яе сям'і ад разгалошвання".

Згодна з паказаннямі падчас следства, Баранава распавядала, што ёй стала шкада жанчыну, на якую Касьянчык падала ў суд.

Падчас спрэчак абвінаваўца палічыў, што віна Анастасіі цалкам даказаная і папрасіў пакараць яе абмежаваннем волі з накіраваннем у ПУАТ тэрмінам на 1,5 гады – “хіміі”.

Абаронца падкрэсліла, што ў дзеяннях Баранавай адсутнічае склад злачынства, таму што абраза прадстаўніка ўлады не была нанесеная пры выкананні ім службовых абавязкаў. У загалоўку артыкула ўтрымліваліся звесткі аб тым, што жыллёвыя адносіны склаліся паміж дзвюма грамадзянкамі, то бок Касьянчык выступала ў якасці грамадзянкі. Лінгвістычная экспертыза таксама не праводзілася, таму адвакатка папрасіла апраўдаць Баранаву.

Суд вынес пакаранне ў выглядзе двух гадоў “хатняй хіміі”.


Хто такая Аліна Касьянчык?

Памочніца пракурора Фрунзенскага раёна Мінска Аліна Касьянчык падтрымлівала дзяржаўнае абвінавачванне ў многіх "палітычных" справах, удзельнічала ў працэсах па крымінальных справах супраць пратэстоўцаў. Яна была дзяржабвінаваўцам у справе журналістак «Белсата» Кацярыны Андрэевай і Дар’і Чульцовай, якіх за стрым з «Плошчы пераменаў» асудзілі на два гады калоніі. Таксама Касьянчык прадстаўляла абвінавачванне ў справе аб надпісах «Не забудзем» каля месца гібелі Аляксандра Тарайкоўскага.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства