Суды за абразы міліцыянтаў і Лукашэнкі не спыняюцца. Якія тэрміны атрымалі беларусы па дыфамацыі за мінулы тыдзень
Праваабаронцы і валанцёры "Вясны" працягваюць маніторыць судовыя пасяджэнні па крымінальных справах, звязаных з нецярпімасцю беларускіх уладаў да любых формаў праяваў пратэсту. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, самым распаўсюджаным інструментам рэпрэсій сёння з'яўляецца крымінальны пераслед па дыфамацыйных артыкулах: за абразу прэзідэнта, прадстаўнікоў улады, суддзяў, а таксама за здзек з дзяржаўных сімвалаў (арт. 368, 369, 370, 391 КК). На мінулым тыдні больш за ўсё судзілі за абразы і здзекі з дзяржаўных сімвалаў.
Два з паловай гады “хатняй хіміі” за “клас” у “Аднакласніках”
У судзе Баранавіцкага раёна і г. Баранавічы 1 лістапада вынеслі прысуд па крымінальнай справе ў дачыненні да Алега Міхальцэвіча, якога вінавацілі ў паклёпе (арт. 188 КК) і абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК).
Справу разглядала суддзя Юліяна Шчэрба, бок дзяржабвінавачання прадстаўляла Святлана Пасемка. Пацярпелым па справе быў прызнаны супрацоўнік ДАІ Аляксандр Лісіца.
Паводле абвінавачання, 15 жніўня Алег Міхальцэвіч, маючы намер на распаўсюд заведама ілжывых звестак, якія ганяць камандзіра ўзвода ДПС ДАІ Баранавіцкага гарвыканкама Аляксандра Лісіцу, у нявызначаны час і ў нявызначаным месцы, выкарыстоўваючы свой мабільны тэлефон, наўмысна, абраўшы спосаб распаўсюду такіх звестак, разлічаны на азнаямленне шырокага нявызначанага кола асобаў, у сацыяльнай сетцы “Аднакласнікі” пасля прагляду старонкі карыстальніка “Саша Плескацэвіч” адзначыў адзнакай “клас” фотавыяву Лісіцы А. з тэкстам “Антыгерой горада Баранавічы!!! Дарагія жыхары горада Баранавічы, калі вы ведаеце гэтага чалавека ці яго сваякоў, прашу перадаць, што такія м*** не павінны спаць спакойна! Ён вельмі небяспечны для грамадства! Збівае жорстка дзяцей і жанчын, затрымлівае простых мінакоў. Такія м*** як ён не заслугоўваюць спакойна жыць у грамадстве!” і размясціў на сваёй персанальнай старонцы інфармацыю, якая ўтрымлівае звесткі, якія ганяць, і абвінавачанні ў здзяйсненні цяжкага злачынства паводле ч. 3 арт. 426 КК, якая не адпавядае рэчаіснасці, істотна прыніжае гонар і годнасць асобы, дыскрэдытуе пацярпелага ў вачах грамадскасці. Такім чынам, Алег Міхальцэвіч здзейсніў злачынства, прадугледжанае арт. 188 КК.
Ён жа, маючы намер на публічную абразу прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў, разлічваючы на наступнае ўспрыманне іншымі асобамі абразлівай інфармацыі, усведамляючы публічны і зневажальны характар размешчанай інфармацыі, з мэтай прычынення шкоды аўтарытэту дзяржаўнай улады і кіравання, пасля публікацыі з фотавыявай Аляксандра Лісіцы на сваёй старонцы ў “Аднакласніках” размясціў абразлівы каментар на адрас супрацоўніка міліцыі — “П***”, які, паводле высноваў судова-лінгвістычнай экспертызы, мае негатыўную ацэнку пацярпелага і з'яўляецца ненарматыўнай формай маўленчага выказвання, а таксама з'яўляецца грубым і абразлівым. Тым самым Міхальцэвіч здзейсніў злачынства, прадугледжанае арт. 369 КК.
Алег Міхальцэвіч віну прызнаў цалкам. Суду растлумачыў, што раней пацярпелага ён не ведаў. Летась у жніўні была непрыязнасць з-за прозвішча Лісіцы: праз тры гады прыйшло апавяшчэнне за подпісам Лісіцы аб неабходнасці сплаціць штраф-стаянку машыны, якой кіраваў абвінавачаны. Калі Алег пабачыў публікацыю ў “Аднакласніках”, дзе было напісана, што супрацоўнік міліцыі А. Лісіца збівае дзяцей і жанчын, то абвінавачаны са злосці паставіў лайк, зрабіў рэпост допісу і пакінуў абразлівы каментар у адно слова.
“Для мяне гэта непрымальна — калі мужчына збівае дзяцей і жанчын”, — растлумачыў Міхальцэвіч.
У той момант не ўсведамляў, што ягонае дзеянне можа быць дасяжнае шырокаму колу асобаў. Цяпер да свайго ўчынку ставіцца вельмі негатыўна, хоць пісаў каментар як да грамадзяніна, а не да супрацоўніка міліцыі.
Пацярпелы Аляксандр Лісіца ў судзе распавёў, што пра абразлівы каментар даведаўся ад ГУУБ і калегаў па працы. Згодна з ягонымі словамі, публікацыя ў “Аднакласніках” не адпавядала рэчаіснасці, а пакінуты абвінавачаным каментар прычыніў Лісіцу і ягонай сям'і маральныя пакуты, таму ён заявіў пазоў аб кампенсацыі маральнай шкоды ў памеры 1000 рублёў.
Падчас спрэчак бакоў пракурорка прасіла суд прызнаць Алега Міхальцэвіча вінаватым паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса і прызначыць яму пакаранне ў выглядзе аднаго года і шасці месяцаў абмежавання волі паводле арт. 188 і двух гадоў абмежавання волі паводле арт. 369. Канчаткова прызначыць пакаранне ў выглядзе двух гадоў і шасці месяцаў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, тэлефон канфіскаваць у прыбытак дзяржавы, а заяўленае пацярпелым патрабаванне аб кампенсацыі маральнай шкоды задаволіць у межах разумнага і справядлівага.
Суддзя падтрымала пазіцыю дзяржабвінавачання і прызначыў Алегу Міхальцэвічу 2,5 гады “хатняй хіміі”, а таксама пастанавіў спагнаць з абвінавачанага заяўлены пазоў у поўным аб'ёме.
Чарговая “хатняя хімія” за абразу міліцыянта
У судзе Салігорскага раёна 4 лістапада да 2 гадоў "хатняй хіміі" асудзілі Яўгена Лубнеўскага, якога вінавацілі ў абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК).
Справу разглядаў суддзя Валерый Рабы, бок дзяржабвінавачання прадстаўляў Дзмітрый Міхалковіч. Пацярпелым па справе быў прызнаны Сяргей Салавей.
Паводле абвінавачвання, 15 красавіка 2021 года Яўген Лубнеўскі, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап'янення, з дапамогай мабільнага тэлефона пакінуў каментар у сацыяльнай сетцы "ВКонтакте" пад публікацыяй пра намесніка начальніка салігорскага УУС, начальніка міліцыі грамадскай бяспекі Сяргея Салаўя. Пры гэтым ён наўмысна выкарыстоўваў непрыстойную, зневажальную, абразлівую лексіку, хацеў выставіць пацярпелага ў зневажальным становішчы ў вачах шырокай грамадскасці, адпаведна, прынізіў гонар і годнасць Салаўя ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў.
Яўген Лубнеўскі прызнаў віну цалкам. Суду растлумачыў, што Салавей быў участковым, калі абвінавачваны вучыўся ў школе: міліцыянер паставіў яго на ўлік за дрэнныя паводзіны. Калі Лубнеўскі пабачыў у групе "Салігорск.орг” публікацыю пра Салаўя, узгадаў дзіцячыя крыўды, прачытаў пад допісам каментары іншых карыстальнікаў і таксама вырашыў напісаць.
Лубнеўскі сказаў, што не браў удзелу ў мітынгах. Калі пакідаў каментар, не меў злога намеру, проста праз глупства абазваў міліцыянта адным нецэнзурным словам — "мудак". Цяпер раскайваецца, зрабіў для сябе высновы. Адзначыў, што не быў п'яны, але, магчыма, піў піва і падчас гэтага напісаў каментар.
Пацярпелы ўдзельнічаў у працэсе праз “скайп”, але кабінет, у якім была дасяжная сувязь, не прадугледжваў месцы для слухачоў. Якія менавіта былі нанесеныя маральныя пакуты Сяргею Салаўю, стала вядома толькі ўдзельнікам працэсу, аднак ён заявіў кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры 2000 рублёў.
Падчас спрэчак бакоў пракурор Дзмітрый Міхалковіч адзначыў, што дапытаны пацярпелы растлумачыў, што знаёмы з абвінавачваным: ён курыраваў школу, дзе вучыўся Лубнеўскі. Яўген прынёс публічныя выбачэнні пацярпеламу. Дзяржабвінавачанне прасіла прызначыць Лубнеўскаму пакаранне ў выглядзе 1 года і 6 месяцаў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, канфіскаваць мабільны тэлефон, а заяўлены пазоў задаволіць з улікам разумнасці і справядлівасці.
Лубнеўскі у спрэчках паўтарыў, што прызнае віну, абяцаў, што такога больш не паўторыцца, прасіў па магчымасці абмежавацца штрафам.
4 лістапада суддзя Валерый Рабы агучыў прысуд: прызнаць Яўгена Лубнеўскага вінаватым паводле арт. 369 КК і прызначыць яму пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову тэрмінам на два гады, спагнаць з яго на карысць пацярпелага 2000 рублёў кампенсацыі маральнай шкоды, а тэлефон канфіскаваць у прыбытак дзяржавы як сродак здзяйснення злачынства.
Жыхарку Заслаўя за абразу прэзідэнта судзілі закрытым судом
Суд Цэнтральнага раёна Мінска 2 лістапада завяршыў разгляд крымінальнай справы жыхаркі Заслаўя Алены Курныш, якую абвінавацілі ў абразе прэзідэнта Беларусі па арт. 368 Крымінальнага кодэкса.
Справу разглядала суддзя Юлія Густыр, дзяржабвінаваўца — пракурор Нічыпарук.
Курныш Алена Генадзьеўна, 1984 года нараджэння, зарэгістраваная і пражывае ў Заслаўі, не замужам, выхоўвае непаўнагадовае дзіця. Да суда мела падпіску аб нявыездзе.
На самым пачатку разбіральніцтва суд разгледзеў пытанне аб правядзенні пасяджэння ў закрытым рэжыме з мэтай прадухілення распаўсюджвання інфармацыі, якая зневажае гонар і годнасць удзельнікаў працэсу, бо такія звесткі ёсць у справе.
Суддзя прыняла рашэнне зрабіць працэс закрытым, таму падрабязнасцяў з яго практычна няма.
2 лістапада быў вынесены прысуд: прызнаць Курныш вінаватай і вынесці пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на два гады.
Таксама прымяніць для Алены Курныш меры прымусовага лячэння ад алкагалізму.
Маладзечна: паўтара года “хатняй хіміі” бацьку траіх дзяцей
У судзе Маладзечанскага раёна 5 лістапада вынесены прысуд Андрэю Несцярчуку, якога абвінавацілі ў абразе прадстаўніка ўлады па артыкуле 369 Крымінальнага кодэкса.
Справу разглядала суддзя Іна Каханоўская, дзяржабвінаваўца — пракурор Жук. У якасці пацярпелага па справе выступіў сяржант АМАПу УУС Брэсцкага аблвыканкаму Шукайла.
Пацярпелы на суд не з’явіўся, Несцярчуку прад’явіў пісьмова матэрыяльную прэтэнзію ў памеры 1000 рублёў.
Абвінавачаны цалкам прызнаў сваю віну ў размяшчэнні абразлівага каментару ў сацыяльных сетках.
Андрэй Несцярчук — бацька траіх дзяцей, у сям’і неўзабаве чакаецца нараджэнне чацвертага.
Дзяржабвінаваўца ў спрэчках заявіў, што віна Несцярчука падчас судовага разбіральніцтва цалкам даказаная прызнаннем абвінавачанага і пісьмовымі доказам, і прапанаваў пакараць яго абмежаваннем волі тэрмінам на паўтара года без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу.
5 лістапада суддзя Каханоўская пастанавіла прызнаць Несцярчука вінаватым і вынесла пакаранне ў выглядзе абмежавання волі тэрмінам на паўтара года без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу. Менавіта столькі для абвінавачанага запрасіў прадстаўнік дзяржабвінавачвання.
Таксама за пацярпелым прызнанае права на спагнанне матэрыяльнай кампенсацыі ў памеры 1000 рублёў.
Паўтара года "хіміі" за абразу гродзенскага міліцыянта, які ўпаў перад затрыманнем Ціханоўскага
У судзе Аршанскага раёна 5 лістапада разгледзелі крымінальную справу ў дачыненні да 55-гадовага муляра Аляксандра Анташкевіча. Яго прызналі вінаватым у публічнай абразе прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім сваіх службовых абавязкаў і прызначылі пакаранне ў выглядзе абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу на тэрмін 1,5 года.
Таксама з яго абавязалі спагнаць кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры 1 тысячы рублёў і дзяржаўную мыту ў памеры 87 рублёў. Маёмасць пакінутая пад арыштам у мэтах забеспячэння выканання грамадзянскага пазову. Суддзя папярэдзіў абвінавачванага, што ў выпадку нез'яўлення ў месца адбывання пакарання або ўхілення ад адбывання пакаранне будзе змененае ў бок стражэйшага, і нічога, акрамя пазбаўлення волі, не прадугледжана.
Старшынявала па справе суддзя Юлія Вяршыніна, дзяржаўнае абвінавачванне падтрымлівала Ганна Шумарава. Абвінавачваны абараняў сябе сам, ад паслугаў адваката адмовіўся.
Паводле абвінавачвання, Аляксандр Анташкевіч 19 студзеня гэтага года з 9:05 да 23:24 у стане алкагольнага ап'янення, маючы намер на публічную абразу прадстаўніка ўлады капітана Ленінскага РАУС Гродна Казлоўскага ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў у сацыяльнай сетцы "Аднакласнікі" размясціў публікацыю абразлівага зместу. У ёй змяшчаецца зняважлівая абраза на адрас Казлоўскага, якая негатыўна ацэньвае апошняга, утрымлівае ненарматыўную форму маўленчага выказвання, прыніжае аўтарытэт, гонар і годнасць прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў. Сваімі дзеяннямі абвінавачваны здзейсніў злачынства, прадугледжанае артыкулам 369 КК (тэкст каментара не прыводзіўся).
Пацярпелы ўдзельнічаў у працэсе па відэасувязі праз скайп з мабільнага тэлефона сакратара судовага пасяджэння. Казлоўскі прад'явіў пазоўныя патрабаванні аб спагнанні кампенсацыі маральнай шкоды ў памеры 1,5 тысячы рублёў, адзначыўшы, што ў сувязі з каментаром абвінавачанага адчуў глыбокае пачуццё зневажання, а таксама "адчуў эмацыйныя перажыванні негатыўных пачуццяў".
Абвінавачваны віну прызнаў цалкам за выключэннем фармулёўкі пра тое, што ён нібыта знаходзіўся ў стане алкагольнага ап'янення. Анташкевіч растлумачыў, што ў той вечар было Вадохрышча, ён з жонкай наведаў царкву, пасля чаго выпіў шклянку 12-градуснага віна, сам не ўжывае спіртных напояў, акрамя піва і віна, на працягу 25 гадоў.
Абвінавачаны растлумачыў, што камп'ютар, з якога ажыццяўляў ўваход у сацыяльную сетку і пакідаў каментар, ён выкінуў пасля таго, як заліў клавіятуру кавай, бо ноўтбук не падлягаў аднаўленню.
Аляксандр Анташкевіч распавёў, што выхоўвае 22-гадовую дачку з інваліднасцю 1 групы.
Абвінавачаны сказаў, што гэтым учынкам сам сябе пакараў, паколькі ў яго арыштавалі тэхніку, а пасля прыезду амапаўцаў і следчых на ператрус з ім перасталі вітацца некаторыя суседзі.
Суддзя ўдакладніў, які прыбытак мае ён і ягоная сям'я. Дзіця з інваліднасцю атрымлівае дапамогу ў памеры 230 рублёў, жонка, якая здзяйсняе догляд, таксама атрымлівае дапамогу ў памеры 230 рублёў, заробак жа самога абвінавачванага не перавышае тысячы рублёў у летнія месяцы.
Падчас абвяшчэння матэрыялаў справы стала вядома, што абвінавачаны пакінуў каментар у суполцы "Я супраць гэтага рэжыму" пад калажам з фотавыявай Казлоўскага, які быў выкладзены ў інтэрнэт падчас суду ў Гродне над Кнігам, Разнічэнкам, Фурманавым. Суд не агучваў тэкст паведамлення, бо той утрымлівае нецэнзурную лаянку.
Падчас спрэчак дзяржаўная абвінаваўца адзначыла, што змякчальнымі акалічнасцямі па справе з'яўляюцца яўка з павіннай і чыстасардэчнае раскаянне, акалічнасцю, якое абцяжарвае віну, — здзяйсненне злачынства ў стане алкагольнага ап'янення. Пракурорка папрасіла суд прызнаць Аляксандра Анташкевіча вінаватым і прызначыць пакаранне ў выглядзе абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу на тэрмін 2 гады, спагнаць кампенсацыю маральнай шкоды з улікам прынцыпу разумнасці і пакінуць пад арыштам ноўтбук і мабільны тэлефон да пагашэння пазоўных патрабаванняў. Суддзя прызначыў пакаранне ў выглядзе абмежавання волі з накіраваннем у ПУАТ тэрмінам на 1,5 года.
Рэчыца: двум мужчынам прысудзілі абмежаванне волі за абразу даішніка Вольніча
У Рэчыцкім раённым судзе 1 і 2 лістапада вынесеныя два прысуды за абразу прадстаўнікоў ўлады па артыкуле 369 Крымінальнага кодэкса. Абодва працэсы вёў суддзя Станіслаў Іванюценка.
Першую справу ён разглядаў у дачыненні да Аляксандра Гладкіх. Мужчына яшчэ летась пакінуў каментар у сацыяльнай сетцы “Аднакласнікі” пад пастом актывісткі Вольгі Карач з нашумелым відэа, на якім бачна, як супрацоўнік аўтамабільнай інспекцыі Ганцавіцкага РАУС Ігар Вольніч стаў нагой на шыю ўдзельніку мірнага сходу грамадзян, не згодных з палітыкай улады, піша “Палеская Вясна”.
Аляксандр Гладкіх напісаў у каментары “Будзь ты пракляты і дзеці твае, выб…дак!” На судзе ён патлумачыў, што быў абураны такім стаўленнем міліцыянта да мірнага пратэстоўца, бо бачыў на відэа, што чалавек, якога Вольніч прыдушыў каленам да зямлі, не аказваў супраціву, ніяк не парушаў нічые правы – проста стаяў на вуліцы свайго горада. Ён прызнаў, што не варта было выкарыстоўваць нецэнзурнае слова, але ад учынку Вольніча эмоцыі Аляксандра Гладкіх зашкальвалі.
Абражаны Ігар Вольніч быў прызнаны ў справе пацярпелым. На судзе ён не прысутнічаў, але даслаў патрабаванне спагнаць з немаладога мужчыны кампенсацыю маральнай шкоды памерам 1500 рублёў.
Намеснік пракурора Рэчыцкага раёна Мікалай Ласіца папрасіў суд пакараць Гладкіх абмежаваннем волі на 2 гады з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. У выніку пасяджэнняў Станіслаў Іванюценка прызначыў Аляксандру Гладкіх пакаранне ў выглядзе абмежавання волі на два гады з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, а таксама абавязаў выплаціць Вольнічу 1500 рублёў кампенсацыі “маральных пакутаў”.
На наступны дзень, 2 лістапада, усё той жа Станіслаў Іванюценка займаўся крымінальнай справай яшчэ аднаго немаладога рэчычаніна — Валерыя Сенечкі. Мужчына пад тым самым відэа з прыдушэннем мірнага дэманстранта напісаў слова “говнодав”.
У выніку працэсу Іванюценка прысудзіў Сенечку 2 гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, а таксама выплаціць кампенсацыю ганцавіцкаму даішніку яшчэ 1500 рублёў.