Заява Праваабарончага цэнтра "Вясна" ў сувязі з вынясеннем прысуду Леаніду Судаленку і Таццяне Ласіцы
Заява Праваабарончага цэнтра "Вясна"
4 лістапада 2021 г.
3 лістапада 2021 года прысудам суда Цэнтральнага раёна г. Гомеля нашы калегі, аднадумцы і сябры — праваабаронца "Вясны" Леанід Судаленка і валанцёрка арганізацыі Таццяна Ласіца — прызнаныя вінаватымі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 КК), і навучанні і падрыхтоўцы асобаў для ўдзелу ў такіх дзеяннях, а таксама іх фінансаванні ці іншым матэрыяльным забеспячэнні (ч. 2 арт. 342 КК) і асуджаныя: Леанід Судаленка — да трох гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі, Таццяна Ласіца — да двух з паловай гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Прысуд вынес суддзя Сяргей Салоўскі, дзяржаўнае абвінавачванне падтрымлівалі пракуроры Яўген Фартушняк і Кірыл Вышнякоў. Для валанцёркі Марыі Тарасенка, якая праходзіла па гэтай жа крымінальнай справе і была пад падпіскай аб нявыяздзе, бок дзяржабвінавачвання запатрабаваў пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на два з паловай гады ў калоніі. Пасля гэтага Марыя была вымушаная з'ехаць з Беларусі.
Крымінальны пераслед праваабаронцаў стаў адвольнай рэпрэсіўнай рэакцыяй уладаў на выключна легітымную, мірную і адкрытую дзейнасць па абароне, прасоўванні і заахвочванні правоў чалавека.
Гэтая справа ад самага пачатку суправаджалася самавольствам і парушэннем агульнапрызнаных правоў і свабод нашых калег і аднадумцаў:
- крымінальны пераслед ажыццяўляецца за дзейнасць у абарону правоў чалавека і свабод, рэалізацыю права на асацыяцыю і мірныя сходы, свабоду выказвання меркаванняў;
- у дачыненні да праваабаронцаў аж да цяперашняга часу была ўжытая мера стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту ў СІЗА, якая не ўлічвае цяжару абвінавачвання (усе інкрымінаваныя злачынствы адносіліся да катэгорыі тых, што не ўяўляюць вялікай грамадскай небяспекі, ці меней цяжкіх), звестак пра асобу і не абгрунтаваная дапушчальнымі доказамі неабходнасці яе ўжывання; гэта ў сукупнасці з характарам пераследу парушае права на свабоду і асабістую недатыкальнасць;
- судовае пасяджэнне ў адсутнасць легітымнай мэты праведзена закрытым, у адсутнасць публікі, што парушыла як працэсуальныя, гэтак і канстытуцыйныя правы абвінавачваных — быць асуджанымі публічна, у адкрытым судовым пасяджэнні, паколькі судом не разглядалася пытанняў, якія ўтрымлівалі б дзяржаўных сакрэтаў, не выдавалася звестак пра інтымныя бакі жыцця асобаў, што ўдзельнічаюць у справе, або звестак, што зневажаюць іх годнасць;
- падчас судовага разгляду Леанід Судаленка і Таццяна Ласіца ўтрымліваліся ў клетцы, што парушала прэзумпцыю невінаватасці і заведама стварала ўражанне пра іх грамадскую небяспеку;
- прызначэнне пакарання Леаніду Судаленку — найболей строгага віду ў максімальным памеры ад магчымага па выстаўленым абвінавачванні, Таццяне Ласіцы — найболей строгага віду ў амаль максімальным памеры ад магчымага ў чарговы раз сведчыла пра небесстароннасць суда, які хоць бы дзеля стварэння бачнасці фармальнага выканання недэмакратычнага закона не ўлічыў належным чынам наяўнасці шматлікіх акалічнасцяў, якія мусілі ўплываць на прызначэнне пакарання; у сукупнасці з парушэннем права на адкрытае разбіральніцтва гэта парушыла права на незалежны і бесстаронні суд;
- абраная мера стрымання ў сукупнасці з умовамі ўтрымання абвінавачваных з усёй відавочнасцю сведчыла аб намеры прычыніць фізічныя і маральныя пакуты і з'яўляецца формай жорсткага, зневажальнага абыходжання.
Мы, праваабаронцы "Вясны", заяўляем рашучы пратэст у сувязі з гэтым чарговым этапам ціску на арганізацыю, асуджаем выкарыстанне жорсткасці і адвольнага зняволення ў якасці інструментаў ціску на праваабаронцаў і наогул — на ўсе сегменты грамадзянскай супольнасці і пацвярджаем сваю гатовасць працягваць мірную легітымную дзейнасць па абароне і прасоўванні правоў чалавека.
Мы дзякуем міжнародным, нацыянальным і замежным праваабарончым арганізацыям за салідарнасць і безумоўную падтрымку нашых зняволеных калегаў і арганізацыі наогул і заклікаем іх працягваць захады па падтрымцы арганізацый грамадзянскай супольнасці Беларусі ў іх імкненні да мірных дэмакратычных пераўтварэнняў, заснаваных на правах чалавека
Мы патрабуем ад уладаў вярнуцца ў прававыя межы ў адносінах з грамадзянскай супольнасці, неадкладна адмяніць адвольны прысуд у дачыненні да Леаніда Судаленкі і Таццяны Ласіцы, вызваліць узятых пад варту іншых сябраў і валанцёраў ПЦ "Вясна" — Марфу Рабкову, Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча, Уладзіміра Лабковіча, Андрэя Чапюка; вызваліць іншых палітвязняў, пазбаўленых волі за мірнае ажыццяўленне сваіх правоў, перагледзець прысуды іншых палітвязняў.