viasna on patreon

Хроніка палітычнага пераследу 3-4 лістапада Дапоўнена

2021 2021-11-04T17:33:00+0300 2021-11-05T12:07:15+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/mironau-illia.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабарончы цэнтр "Вясна" збірае факты палітычнага пераследу ў Беларусі за 3-4 лістапада. Рэпрэсіі супраць беларусаў за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўлады не спыняюцца: іх па-ранейшаму затрымліваюць, праводзяць ператрусы і ўжываюць іншыя формы ціску на грамадзян.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Пераслед 4 лістапада

Беларускія ўлады заблакавалі магілёўскі часопіс аб правах чалавека MSPRING.MEDIA. У Беларусі адкрыць сайт можна з дапамогай VPN.


У Мінску ў якасці падазраванага па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса затрыманы Максім Савіч. Раніцай яго затрымалі перад выхадам на працу.

Таксама ў Мінску затрыманы Сяргей Кажамяка.

З Акрэсціна пасля адміністрацыйнага арышту не выпусцілі Яўгена Люльковіча. Яго асудзілі на 8 сутак па арт. 19.1 КаАП (хуліганства). У агульнай суме ён на "сутках" правядзе 51 дзень.

У Мінску затрыманя Дзмітрый і Кацярына Клімовічы. З імі запісалі "пакаяльнае відэа".

Пасля 111-сутачнага арышту на волю не выйшла палітзняволеная Анастасія Крупеніч-Кандрацьева. На яе склалі новы пратакол. 

Таксама паведамляецца пра затрыманне пасля ператрусу Вольгі Казадой.


У Беларусі заблакавалі сайты адразу некалькіх ліквідаваных грамадскіх арганізацый

  • Згуртаванне Беларусаў Свету» Бацькаўшчына " zbsb.org
  • "Перспектыва" perspektyva.org
  • Беларускі ПЭН-цэнтр penbelarus.org
  • Саюз беларускіх пісьменнікаў lit-bel.org
  • Беларуская асацыяцыя журналістаў baj.by
  • Экадом ecohome-ngo.by
  • Беларускі камітэт ICOMOS icomos-belarus.by

У Беларусі адкрыць іх сайты можна з дапамогай VPN.


У Мінску ў 7 раніцы пасля ператрусу затрымалі Зміцера Бялова. Ён доўга дзверы адчыняў сілавікам, таму яго ў кайданках забралі за непадпарадкаванне.


Па заяве пракуратуры Фрунзенскага раёна Мінска інфармацыйная прадукцыя Telegram-канала "Глаза Минска - Запад" прызнана экстрэмісцкімі матэрыяламі.


У Мінску раніцай у сябе дома сілавікі затрымалі Вадзіма Бародзіча. На яго склалі пратакол па арт. 19.11 КаАП і адпусцілі да суда дамой.

Пераслед 3 лістапада

Затрыманні ў Мінску

У Мінску затрыманы Максім Ланцунцэвіч. Прычыны і абставіны затрымання пакуль невядомыя. Таксама затрыманы Аляксей Вярбіцкі.

Па інфармацыі "Списки Задержанных", у Мінску затрыманыя Матвей Дубяга, Ульяна Ягорава, а Наталля Падлеўская не выходзіць на сувязь.

Ульяну Ягораву з Фрунзенскага РУУС даставілі ў ІЧУ на Акрэсціна. Затрымалі яе, верагодна, на судзе над Мікалаем Дзядком, бо яе машына стаіць каля будынка суда.

Таксама ў Мінску былі затрыманыя Ніна Мігачова, Марыя Канановіч.

Улады заблакавалі сайт экаарганізацыі «Экадом»

Міністэрства інфармацыі апавясціла арганізацыю аб тым, што вырашыла абмежаваць доступ да сайта.

Нагадаем, улады пазбавілі экалагічную арганізацыю рэгістрацыі ў канцы жніўня.

У кастрычніку гэту ліквідацыю прызналі незаконнай на міжнародным узроўні. Уладам далі месяц, каб аднавіць у рэгістрацыі «Экадом» – іначай Беларусь пазбавяць правоў і прывілеяў па міжнароднай экалагічнай канвенцыі.

Затрыманую ў Расіі беларуску Яну Пінчук змясцілі пад варту ў СІЗА ў Санкт-Пецярбургу

Сёння ў Санкт-Пецярбургу адбыўся суд аб абранні меры стрымання да экстрадыцыі ў Беларусь 24-гадовай Яны Пінчук. Да суда двое сутак яна ўтрымлівалася ў ІЧУ Васілевостраўскага раёна. Як распавяла адвакат Яны, пад вартай яна будзе знаходзіцца ў СІЗА-5 у Санкт-Пецярбургу мінімум да 10 снежня. Затым пракуратура будзе вырашаць яе лёс і пытанне аб экстрадыцыі ў Беларусь. Што характэрна, запыт на экстрадыцыю ў Беларусь Пінчук адсутнічае ў матэрыялах справы.

Крымінальную справу па ч. 3 арт.130, ч.1 арт. 361-1 КК супраць Яны Пінчук распачалі ў траўні гэтага года праз тое, што яна з 23.09.2020 па 07.12.2020 "адміністравала тэлеграм-канал "Витебск 97%". 5 траўня Яну абвясцілі ў вышук. Цэлы год яна не ездзіла ў Беларусь, працавала ў Расіі афіцыянткай. Пра тое, што яна ў вышуку, яна не ведала. Затрымалі Яну 1 лістапада дома ў яе маладога чалавека, які з'яўляецца грамадзянінам Расіі.

На судзе Яна распавяла, што пакутуе хранічным гастрытам, астмай, панічнымі нападамі. 

Падтрымаць беларуску ў расійскім СІЗА можна праз анлайн-сэрвіс "ФСВП-ліст" (даходзяць на працягу трох рабочых дзён): 

Пакуль Яна змяшчаецца па адрасе: СІЗА-5 (Арсеналка), 195009, Санкт-Пецярбург, вул. Арсенальная, дом 11, Пінчук Яна Вітальеўна (28.06.1997)


Дома ў гомельскага актывіста Іллі Міронава адбыўся чарговы ператрус 

Ілля Міронаў. Фота: Новы Час.
Ілля Міронаў. Фота: "Новы Час"

Пра гэта на сваёй старонцы ў Facebook паведаміла маці палітвязня Валянціна.

Паводле яе словаў, сілавікі нічога не знайшлі, «бо ўсё, што можна ўжо забралі пры папярэдніх ператрусах»

Ілля Міронаў быў затрыманы 30 верасня па «cправе Зельцара». Вядома, што палітвязень праходзіць па крымінальнай справе па артыкулах 369 КК (Абраза прадстаўніка ўлады) і 130 КК (Распальванне сацыяльнай варожасці). Таксама паведамлялася, што Міронава правяралі на фінансаванне экстрэмізму.

Інфармацыя дапаўняецца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства