viasna on patreon

Пяць гадоў калоніі — пракурор запрасіў пакаранне для палітвязня Мікалая Дзядка Дапоўнена

2021 2021-11-03T12:42:00+0300 2021-11-10T09:41:38+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/mikola_dziadok_sud90.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Мінскім гарадскім судзе 3 лістапада аднавіўся суд па крымінальнай справы супраць 33-гадовага палітзняволенага блогера і актывіста анархічнага руху Мікалая Дзядка. Чатыры месяцы таму па справе прызначылі судовую псіха-лінгвістычную экспертызу, якая праводзілася гэтыя месяцы. Сёння адбыліся судовыя спрэчкі, на якіх для палітвязня запрасілі пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на пяць гадоў у калоніі агульнага рэжыму. Нагадаем, Мікалая затрымалі 11 лістапада, моцна збілі і выставілі абвінавачванне па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: арт. 342,арт. 361,арт. 295-3. На судзе ён падрабязна распавёў пра гэта. Мікола не прызнаў віну ні па ніводным артыкуле. Справу разглядае суддзя Анастасія Папко, дзяржабвінавачванне падтрымлівае пракурор Антон Цюменцаў. 

Мікалай Дзядок у судзе. Фота: spring96.org
Мікалай Дзядок у судзе. Фота: spring96.org

​​Суд пачаўся з паведамлення пра мінаванне будынку

Працэс быў прызначаны на 10 гадзін, але ў час ён не пачаўся праз паведамленне пра мініраванне будынку суда. Пасля праверкі сапёрамі ў будынак суда запусцілі людзей. Суд пачаўся са спазненнем на 45 хвілін.

Што сказала экспертыза?

6 ліпеня суддзя Анастасія Папко прыняла рашэнне прызначыць па справе Мікалая Дзядка судовую комплексную псіха-лінгвістычную экспертызу па матэрыялах (каля 20 пастоў, размешчаных з жніўня па кастрычнік мінулага года), размешчаных у тэлеграм-канал "Мiкоlа" на наяўнасць, у тым ліку, прыкметаў распальванні варожасці. Экспертызу даручылі правесці экспертам з Дзяржаўнага камітэту судовых экспертызаў.

На вырашэнне экспертаў былі пастаўленыя наступныя пытанні і атрыманыя адказы:

  1. Ці ўтрымліваюцца ў размяшчаных Дзядком тэкстах у тэлеграм-канале "Мікоlа" [пералічваюцца пасты з жніўня па кастрычніка] выказванні, у якіх негатыўна ацэньваецца чалавек альбо група асоб, аб'яднаных па прыкмеце прафесійнай прыналежнасці: супрацоўнікі органаў унутраных спраў, у тым ліку АМАПа і дзяржаўных служачых? — утрымліваюцца.
  2. Ці ўтрымліваюцца ў прадстаўленых на даследаванне тэкстах выказванні пабуджальнага характару, якія заклікаюць да гвалтоўных дзеянняў, дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды адной групы асобаў у дачыненні да іншай групы асоб, аб'яднаных па прыкмеце прафесійнай прыналежнасці: супрацоўнікі органаў унутраных спраў, у тым ліку АМАПа і дзяржаўных служачых? — утрымліваюцца.
  3. Ці ўтрымліваюцца ў тэкстах выказванні, якія заклікаюць да прычынення шкоды маёмасці, якая належыць групе асобаў, аб'яднаных па прыкмеце прафесійнай прыналежнасці: супрацоўнікі органаў унутраных спраў, у тым ліку АМАПа і дзяржаўных служачых? — утрымліваюцца.
  4. Якая псіхалагічная накіраванасць тэкстаў, накіраваных на даследаванне? — выказванні маюць рэкамендацыйны характар, пабуджальныя выказванні другасныя.

За ўдзел у Маршы "Мінсктранс" выставіў пазоў

За ўдзел у Маршы 23 жніўня мінулага года Мікалаю прад'яўляюць, што ён блакаваў рух транспарту з 14:00 па 16:15 гадзін шляхам выхаду на праезную частку, чым нанёс маёмасны ўрон "Мінсктрансу" ў памеры 5 772 рублёў 7 капеек. Доказ блакавання дарогі — фотаздымак Мікалая з Марша, які знаходзіўся на яго ноўтбуку.

Мікалай не прызнае пазоўныя патрабаванні ў поўным аб'ёме. Як ён сцвярджае, незразумела, як менавіта яго дзеяннямі адбылася блакаванне руху і час выходзіць за рамкі яго прысутнасці на дарозе.

Судовыя спрэчкі

Пракурор Антон Цюменцаў у судовых спрэчках заявіў, што віна Мікалая Дзядка па арт. 342,арт. 361,арт. 295-3Крымінальнага кодэкса цалкам даказаная і просіць суд прызначыць палітвязню пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на пяць гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму:

  • па ч. 1 арт. 342 КК — два года калоніі;
  • па арт. 295-3 КК — два года калоніі;
  • па арт. 361 КК — 4,5 года калоніі. 

Адвакатка не бачыць у дзеяннях Мікалая склады злачынстваў, таму просіць апраўдаць яго.

Палітвязень: Мы ўсё роўна пераможам

Мікалай Дзядок сёння выступіў з апошнім словам:

"Усе ўдзельнікі працэсу з юрыдычнай адукацыяй выдатна бачаць і разумеюць, што адбываецца. Я толькі хачу падзякаваць сваім родным, сябрам, таварышам-анархістам, журналістам, праваабаронцам, усім неабыякавым, усім, хто шануе маю працу, за тое, што падтрымлівалі мяне на працягу гэтага года і дапамагалі матэрыяльна. Гэта вельмі важна для мяне. Ну а ўсім, хто мае дачыненне да арганізацыі гэтага судовага працэсу, а роўна і іншых палітычных рэпрэсій у маёй краіне, я хачу сказаць: не майце ілюзій! Ніякія напісаныя вамі паперкі, ніякі тэрор ня здольныя спыніць вызваленне чалавека і прагрэс. Мы ўсё роўна пераможам!"

Прысуд будзе абвешчаны 10 лістапада ў 10:00.

У чым абвінавачваюць палітвязня?

Па дадзеных следства, днём 23 жніўня 2020 года Мікалай Дзядок прыняў актыўны ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве ў Мінску, падчас якога, "усведамляючы супрацьпраўнасць сваіх дзеянняў і аказваючы відавочнае непадпарадкаванне законным патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі, ён разам з неўстаноўленымі асобамі парушаў грамадскі спакой і блакаваў руху транспарту".

Згодна з матэрыяламі крымінальнай справы, Мікалай Дзядок на працягу некалькіх гадоў адміністраваў радыкальны тэлеграм-канал "Мiкоlа". Па матэрыялах справы, "для прычынення шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь Дзядок неаднаразова распаўсюджваў розныя матэрыялы на кіраваным ім тэлеграм-канале выкарыстоўваючы метады, накіраваныя на дэстабілізацыю абстаноўкі ў краіне, штучнае нагнятанне напружанасці і супрацьстаяння ў грамадстве, распаўсюджванне ідэалогіі экстрэмізму". Такія заклікі пачаліся з 4 жніўня.

Падчас затрымання ў ходзе ператрусу жылля выяўленыя і канфіскаваныя шкляныя бутэлькі з гаруча-змазачнымі матэрыяламі, якія згодна з заключэннем эксперта ГКСЭ з'яўляюцца прадметамі, якія дзейнічаюць на выкарыстанні гаручых рэчываў.

Такім чынам, Мікалаю Дзядку прад'яўленае абвінавачванне па:

  • ч. 1 арт. 342 (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаных з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікам улады, што пацягнула парушэнне працы транспарту);
  • ч. 2 арт. 361 (распаўсюд матэрыялаў, якія змяшчаюць заклікі да здзяйснення дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, з выкарыстаннем глабальнай сеткі Інтэрнэт);
  • ч. 1 арт. 295-3 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Мікола не прызнаў віну ні па ніводным артыкуле.

Храналогія суда над палітзняволеным Мікалаем Дзядком:

У Мінгарсудзе пачалі судзіць палітзняволенага Мікалая Дзядка. Ён не прызнае віну

Мікола будзе дапытаны напрыканцы судовага следства пасля допыту сведак і даследвання ўсіх матэрыялаў справы.

Душылі падушкай, засоўвалі бутэльку ў рот. На судзе палітвязень Дзядок распавёў пра катаванні і збіццё

У Мінскім гарадскім судзе 1 ліпеня адбываецца другое паседжанне па крымінальнай справы супраць 32-гадовага палітзняволенага блогера і актывіста анархічнага руху Мікалая Дзядка.

Па справе Мікалая Дзядка прызначылі судовую псіха-лінгвістычную экспертызу. У судзе абвешчаны перапынак на час яе правядзення

У Мінскім гарадскім судзе 5 ліпеня працягваецца суд па крымінальнай справы супраць 32-гадовага палітзняволенага блогера і актывіста анархічнага руху Мікалая Дзядка.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства