viasna on patreon

За абразлівыя каментары ў адрас чыноўнікаў і Лукашэнкі мужчыну пакаралі трыма гадамі “хіміі” і вялікім штрафам

2021 2021-11-01T20:34:45+0300 2021-11-02T11:30:47+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sud_minsk1_1.10.20.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Судовая зала. Ілюстратыўнае фота

Судовая зала. Ілюстратыўнае фота

Як стала вядома праваабаронцам "Вясны", у судзе Савецкага раёна г. Мінска 29 кастрычніка агучылі прысуд па крымінальнай справе ў дачыненні да палітзняволенага Вадзіма Гіля, якога вінавацілі ў абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК) і абразе прэзідэнта (ч. 1 арт. 368 КК).

Справу разглядала суддзя Марына Фёдарава, бок дзяржаўнага абвінавачвання прадстаўляла Анастасія Маліко. Пацярпелымі па справе былі прызнаныя начальнік мінскага АМАПу Дзмітрый Балаба, міліцыянт-кіроўца Уладзіслаў Шукайла, старшыня пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Андрэй Савіных і пракурорка Аліна Касьянчык. Ад іх у суд паступілі заявы аб немагчымасці ўдзелу ў працэсе.

Паводле абвінавачвання, маючы намер на публічную абразу прадстаўнікоў ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых паўнамоцтваў, і Аляксандра Лукашэнкі, пасля прагляду публікацый Вадзім Гіль пакінуў шэраг каментароў у чаце тэлеграм-канала “Кулуары KYKY” у перыяд з красавіка па чэрвень 2021 году, чым публічна абразіў іх:  

  • 10 красавіка 2021 года – у адрас старшыні Савета Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталлі Качанавай і ў адрас былога міністра аховы здароўя, а ў цяперашні час старшыні Гродзенскага аблвыканкаму Уладзіміра Караніка;
  • 14 красавіка і 15 красавіка 2021 года – у адрас старшыні цэнтрвыбаркама Лідзіі Ярмошынай;
  • 20 красавіка 2021 года – у адрас міліцыянта-кіроўцы ўзвода аператыўна-баявога прызначэння АМАП УУС Брэсцкага аблвыканкама Уладзіслава Шукайлы;
  • 23 красавіка 2021 года – у адрас намесніка міністра МУС Мікалая Карпенкова;
  • 27 красавіка – у адрас старшыні цэнтральнай камісіі па выбарах прэзідэнта Лідзіі Ярмошынай;
  • 19 траўня – у адрас старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага схода Наталлі Качанавай;
  • 23 траўня двойчы пакінуў абразлівыя каментары ў адрас Лукашэнкі;
  • 26 траўня зноў двойчы пакінуў каментары ў адрас Лукашэнкі;
  • 1 чэрвеня ізноў у адрас Лукашэнкі;
  • 2 чэрвеня пакінуў два каментары ў адрас старшага памочніка пракурора Фрунзенскага раёна Мінска Аліны Касьянчык;
  • 13 чэрвеня – у адрас камандзіра АМАП ГУУС Мінгарвыканкама Дзмітрыя Балабы;
  • 24 чэрвеня – у адрас старшыні пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Андрэя Савіных.

Па словах пракуроркі, абвінавачаны разлічваў на наступнае ўспрыманне іншымі асобамі абразлівай інфармацыі, усведамляючы публічны і зневажальны характар свайго выказвання з мэтай прычынення шкоды аўтарытэту дзяржаўнай улады, чым здзейсніў злачынствы па ч. 1 арт. 368 і арт. 369 Крымінальнага кодэкса.

Агалошванне прад’яўленых абвінавачванняў Гілю заняло 30 хвілін.

Вадзім Гіль прызнаў віну поўнасцю. Ён распавёў, што не быў падпісаны на тэлеграм-канал “Кулуары KYKY”, але чытаў там навіны і пакідаў каментары; разумеў, што каментары могуць быць абразлівымі, іх можа пабачыць неабмежаваная колькасць людзей. Патлумачыў, што той перыяд быў даволі цяжкі перыяд для яго асабіста, ён паверыў той інфармацыі, што была змешчана ў тэлеграм-канале, і такім чынам выказаў сваю крыўду. У здзейсненым раскайваецца, зрабіў для сябе адпаведныя высновы.

Вадзім Гіль быў затрыманы 27 ліпеня 2021 года, з той пары ўтрымліваўся пад вартай.

У спрэчках бакоў пракурорка прасіла суд прызнаць Вадзіма Гіля вінаватым і прызначыць яму паводле ч. 1 арт. 368 КК пакаранне ў выглядзе абмежавання волі тэрмінам на два гады, а па арт. 369 КК – абмежаванне волі са штрафам у памеры 300 базавых велічынь. Шляхам паглынання  менш строгага пакарання больш строгім канчаткова прасіла прызначыць пакаранне ў выглядзе абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на тры гады са штрафам 300 б.в., мабільны тэлефон – канфіскаваць у даход дзяржавы, а таксама задаволіць заяўлены Балабам пазоў аб кампенсацыі маральнай шкоды ў памеры 1000 рублёў, сыходзячы з прынцыпаў разумнасці і справядлівасці.  

Менавіта такі прысуд і вынес суд, а пазоў аб кампенсацыі маральнай шкоды задаволіў у поўным аб'ёме. Вадзім Гіль быў вызвалены з-пад варты ў зале суда на час абскарджвання прысуду.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства