Хворага афіцыянта судзяць за счэпку 9 жніўня мінулага года
У судзе Савецкага раёна Мінска 1 лістапада пачаўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да афіцыянта Ігара Каранеўскага. Яго вінавацяць у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх (арт. 342 КК РБ).
Справу разглядае суддзя Аляксандр Якунчыхін, дзяржабвінаваўца – пракурор Рабаў.
З 14 верасня 2021 года Каранеўскі змешчаны пад варту ў СІЗА.
Па матэрыялах абвінавачвання, Каранеўскі ў перыяд часу з 16-00 да 22-00 9 жніўня 2020 года, знаходзіўся на праспекце Пераможцаў і Машэрава паблізу дамоў 41, 43, 45, груба парушаў грамадскі парадак. Прымаў актыўны ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве з групай неўстаноўленых асоб. Публічна выкрыкваў лозунгі, здзяйсняў воплескі, адмовіўся выканаць распараджэння супрацоўнікаў органаў улады. Блакаваў дарогу, чым выклікаў перашкоды ў працы грамадскага транспарту.
Сваю віну абвінавачаны прызнаў часткова, не пагадзіўся з часам, які яму інкрымінуецца.
Паводле допыту Каранеўскага, 9 жніўня ён у 15 гадзін пайшоў на галасаванне, затым зайшоў у кафэ на Ціміразева са знаёмым, папілі гарбату, пайшлі да “Кароны”. У раёне 19 гадзін вечара заўважыў паток людзей, якія шлі невялікімі групамі ўздоўж тратуара.
“Мы таксама ішлі ў гэтым кірунку, транспарт не хадзіў. Дарогу не перакрывалі, рухаліся міліцэйскія машыны. Я не надаваў ніякага значэння: выбары, так павінна быць. Каля крамы убачыў скопішча людзей. Нас сфатаграфавалі.
Я не згодны з часам і з тым, што рухаўся па тратуары, на дарогу выходзіў толькі па святлафоры. Журналісты разышліся на гасцініцы Планета, натоўп пачаў рассейвацца. Калі з’явіліся супрацоўнікі міліцыі, людзі пачалі разбягацца. Па стане здароўя я не магу хутка перасоўвацца, таму я вырашыў пакінуць месца і сысці. Да 11-12 вечара быў ужо дома.”
Адвакат у працэсе заявіў хадайніцтвы: матэрыялы з неадпаведнасцю часу абвінавачвання, характарыстыку з працы: "выключна станоўчы, адказны, перспектыўны, якасці: спагадлівасць, бескарыслівасць, уменне падтрымаць", асабістая рэкамендацыя ад ІП: "дапамагаў у падборы персаналу, выдатны камунікатар", "у якасці валанцёра дапамагаў 11 мая 2021 пры пажары ў касцёле (Мядзел), быў адным з нямногіх, хто ахвяраваў часам і сіламі для аднаўлення", медыцынскія супрацьпаказанні.
Пытанні суддзі:
- У чым прызнаеце віну?
- Ва ўсім, акрамя таго, што я выходзіў на праезную частку і быў там у 16 гадзін, я быў там у 21 гадзіну.
- Адмаўляеце, што парушэнне працы транспарту выклікана мерапрыемствам?
- Перакрыцця дарогі не было, транспарт проста не хадзіў, не бачыў, каб яго перакрывалі.
Пад час судовых спрэчак дзяржабвінаваўца заявіў, што абвінавачаны не адмаўляе ўдзелу масавым мерапрыемстве і знаходжання каля Стэлы. Абвінавачаны таксама пацвердзіў, што станавіўся ў счэпку.
Разам з тым, што ён пакінуў мерапрыемства раней, - абвяргаецца звесткамі тэлефонных злучэнняў. Пададзеныя звесткі, што некаторыя гарадскія маршруты сапраўды былі парушаныя. Усё гэта пацвярджаецца інфармацыяй з каналаў і Ютуба.
Пракурор запытаў для Каранеўскага тры гады абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу “хатняя хімія”.
Адвакат са свайго боку перакананы, што абвінавачванне неабгрунтаванае і шмат у чым заснаванае на домыслах, сумневах і непацверджанай інфармацыі.
Час у абвінавачванні да 1:11 10 жніўня. Адкуль узяты гэты перыяд і чым гэта пацвярджаецца? Толькі актам спынення транспарту. Аднак акрамя гэтага акта ёсць іншыя доказы, якія пацвярджаюць, што мой падабаронны быў ніяк не раней 21 гадзіны на гэтым участку, што паказалі звесткі мабільнай сувязі. Акрамя таго на ўсіх фотаздымках і відэа відаць, што калі абвінавачаны быў у счэпцы, на вуліцы было цёмна. Гэта значыць ён знаходзіўся там ужо пасля 21:00. Пры адсутнасці доказаў у абвінавачвання пра знаходжанне на праезнай частцы, абвінавачаны рухаўся выключна па тратуары і толькі адзін раз перайшоў па пераходзе. У абвінавачанні не ўказана, што за заклікі, дзе, на якіх рэсурсах яны размешчаны.
Такім чынам, мой падабаронны падлягае апраўданню. Хачу звярнуць, што мой падабаронны некалькі месяцаў знаходзіцца ў ізаляцыі ад грамадства, з захворваннямі.”
Адвакат запытваецца ў суда, навошта ў справе змешчаныя матэрыялы з каналаў, якія асвятлялі далейшыя падзеі пасля 9 жніўня, якія не звязаныя з гэтай справай. Калі іншыя асобы будавалі барыкады, ажыццяўлялі гвалт, дык няхай яны і адказваюць. У той жа час іншыя асобы проста апынуліся не ў тым месцы не ў той час.
У сваім апошнім слове Каранеўскі паведаміў, што не думаў аб тым, што дзеянні супрацьзаконныя.
"Прашу заўважыць, што ў мяне не было сімволікі, пры ператрусе ў мяне не было знойдзена нічога, пры праглядзе тэлефона і тг я не быў падпісаны на дэструктыўныя каналы. Я прызнаю віну. У апошні час стан майго здароўя пагаршаецца. Прашу абраць меру і не заключаць мяне пад варту. Шчыра раскайваюся.”
Прысуд будзе вынесены 2 лістапада ў 14-30.