Хроніка палітычнага пераследу 27-28 кастрычніка Дапоўнена
Праваабарончы цэнтр "Вясна" збірае факты палітычнага пераследу ў Беларусі за 27-28 кастрычніка. Рэпрэсіі супраць беларусаў за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўлады не спыняюцца: іх па-ранейшаму затрымліваюць, праводзяць ператрусы і ўжываюць іншыя формы ціску на грамадзян.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
МУС прызнала экстрэмісцкім фарміраваннем тэлеграм-канал "Ашмяны".
13 верасня суд Ашмянскага раёна ўнёс у спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. тэлеграм-канал "Ашмяны". На 28 кастрычніка па спасылцы, якая была паказаная ў рашэнні суда, нельга знайсці тэлеграм-канал, паведамляе “Медыязона”.
Сайт газеты "Новы Час" перастаў адкрывацца для карыстальнікаў у Беларусі і за яе межамі. Таксама пры адкрыцці старонкі медыя currenttime.tv паведамляецца, што доступ да яе абмежаваў Мінінфарм Беларусі.
Тыдзень таму вобшукі прайшлі ў рэдактараў "Новага Часу" Аксаны Колб і Сяргея Пульшы, у фатографа выдання Дзмітрыя Дзмітрыева.
Таксама з'явілася інфармацыя, што не адкрываюцца ў Беларусі сайты "Настоящее время" і "Deutsche Welle".
Мінск
У Мінску 27 кастрычніка супрацоўнікі міліцыі затрымалі Арцемія Нікіценку, 1993 года нараджэння. Затрыманне адбылося на праспекце Незалежнасці, 105. Месцазнаходжанне яго пакуль невядомае.
Пазней стала вядома, што ў судзе Першамайскага раёна 28 кастрычніка разглядзелі справу 27-гадовага Арцемія Нікіценкі. Справу вяла суддзя Анастасія Кулік. Згодна з пратаколам па арт. 24.23 КаАП, Нікіценка «27 кастрычніка каля 13:35 у кафэ «Культура» з мэтай выказвання свайго негатыўнага стаўлення да дзейнай улады правёў пікетаванне, прадэманстраваўшы БЧБ-бранзалеты на руках з надпісам “Жыве Беларусь“».
Таксама ў Мінску ў другой палове дня затрыманы Аляксей Гецьманаў.
Драгічынскага журналіста адправілі ў калонію
Драгічынскага карэспандэнта" Першага рэгіёну " Сяргея Гардзеевіча этапавалі ў калонію ў Шклове. Да гэтага падчас абскарджання прысуду ён знаходзіўся ў СІЗА ў Баранавічах.
Адправіць ліст яму можна па пошце на адрас:
Гардзіевіч Сяргей Андрэевіч
1-я Завадская, 8, ВК-17, г. Шклоў, Магілёўская вобласць.
У Добрушы прайшла хваля затрыманняў за падпіску на экстрэмісцкія тэлеграм-каналы, амаль усе затрыманыя на "сутках"
Як пішуць Naviny.by, 25-27 кастрычніка ў Добрушы затрымалі пяцёра мужчын і дзвюх жанчын. Пазней на праўладных тэлеграм-каналах з'явіліся Відэа з затрыманымі, дзе яны казалі, што былі падпісаныя на экстрэмісцкія тэлеграм-каналы.
Затрыманых судзілі за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў. Адной жанчыне далі 4 сутак адміністрацыйнага арышту, другі — штраф. Мужчыны атрымалі ад 5 да 10 сутак арышту.
Актывісту з Гомеля і палітвязню Станіславу Мачалаву, якому было прад’яўленае абвінавачванне па артыкуле 342 Крымінальнага кодэксу (Арганізацыя альбо актыўны ўдзел у групавых дзеяннх, якія груба парушаюць грамадскі парадак) дабавілі яшчэ адзін артыкул: 364 КК РБ (Гвалт альбо пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў).
Мачалаў быў затрыманы 28 траўня. У яго кватэры, дзе ён жыве са сваімі бацькамі, сілавікі зрабілі ператрус. Пасля 72 гадзін яго перавялі ў гомельскі СІЗА, дзе ён чакае суду.
Інфармацыя будзе дапаўняцца