viasna on patreon

Лекарку з 30-гадовым стажам звольнілі за некалькі гадзінаў да затрымання. Распавядаем пра палітзняволеную Наталлю Нікіціну

2021 2021-10-19T17:44:57+0300 2021-10-19T17:51:25+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/nikicina.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Паводле крымінальнай справы, распачатай за каментары ў інтэрнэце пасля гібелі ў мінскай кватэры супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка і IT-спецыяліста Андрэя Зельцэра, затрымалі каля 200 чалавек. 51-гадовую доктарку з Мінска Наталлю Нікіціну затрымалі проста на працоўным месцы ў Мінскім цэнтры дзіцячай псіхіятрыі і псіхатэрапіі, дзе яна працавала псіхіятрам. Але за некалькі гадзінаў да затрымання ёй прыйшло паведамленне аб звальненні. Жанчыну раней затрымлівалі падчас пратэстаў 2020 года два разы. У снежні яе з сардэчным прыступам даставілі з РУУС у лякарню, дзе яна правяла месяц. Цяпер ужо больш за тры тыдні Наталлю ўтрымліваюць у жодзінскай турме па абвінавачванні паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса. Маці палітзняволенай Наталлі Нікіцінай Алена Ігнацьеўна распавяла "Вясне" гісторыю дачкі.

Наталья Никитина. Фото из частного архива семьи
Наталля Нікіціна. Здымак з прыватнага архіву сям'і

Лекарка з 30-гадовым досведам і маці дваіх сыноў

Наталля Нікіціна — педыятр, псіхіятр-нарколаг, псіхатэрапеўт, экзістэнцыяльны філосаф і псіхолаг. Каля 30 гадоў яна прапрацавала лекаркай.

"Дапамагаць людзям — не толькі яе прафесія, але і прызначэнне.

Зрэшты, не толькі людзям. Яна з задавальненнем прыняла прапанову стаць суаўтаркай дзвюх кніг пра гуманнае стаўленне да сабак, пра выхаванне і навучанне жывёлаў без гвалту і жорсткасці. І ў цяперашні час вяла працу над трэцяй кнігай", — кажа Алена Ігнацьеўна.

Дома чакае вяртання Наталлі з турмы падабраны на вуліцы дварняк Торы.

У Наталлі двое сыноў. Яе старэйшы сын Аляксей, якому ўчора споўнілася 25 гадоў, у жніўні 2020-га некалькі сутак правёў на Акрэсціна — як раз у тыя самыя гарачыя дні.

"Наталля таксама піша выдатныя вершы. Прычым яны нараджаюцца ў яе спантанна. Хоць яна і саромеецца казаць пра гэта", — распавядае маці палітзняволенай.

Затрымлівалі два разы. У снежні з РУУС даставілі ў лякарню з сардэчным прыступам

Паводле Алены Ігнацьеўны, Наталля — адна з тых беларусак, каго не пакінулі абыякавымі падзеі 2020 года.

"Менавіта 2020 год стаў, як і для шмат каго іншага, у яе пераломным".

Наталлю затрымлівалі двойчы. Першы раз — 6 верасня 2020 года на "Маршы адзінства". Тады на вуліцы Чабатарова зладзілі "хапун", Наталлю затрымалі ў ліку каля 300 чалавек. Усяго з гэтай вуліцы тады вывезлі пяць аўтазакаў затрыманых. Наталлю ўтрымлівалі ў ІЧУ Жодзіна трое сутак, дзе аштрафавалі за ўдзел у мітынгу па арт. 24.23 КаАП.

Другі раз Наталлю Нікіціну затрымалі ў снежні 2020 года. Праз дрэннае самаадчуванне яна не ўдзельнічала ў маршы, а проста заступілася за падлетка, якога хапалі людзі ў чорным. У тым месцы наогул ніякага маршу не было. У РУУС Заводскага раёна Наталлі зрабілася дрэнна, ёй доўга не выклікалі "хуткую", але, нарэшце, пад канвоем даставілі ў лякарню, дзе ёй дыягнаставалі сардэчны прыступ. У лякарні яна правяла амаль месяц. Акрамя гэтага, Наталлю асудзілі па "народнай артыкуле" на 30 базавых велічынь (870 рублёў).

Згодна са словамі родных, у Наталлі ёсць яшчэ адно сур'ёзнае захворванне — поліартрыт.

"З ім яна мужна змагаецца", – кажа пра хваробу мама Наталлі.

За некалькі гадзінаў да затрымання звольнілі з працы 

29 верасня Наталлю затрымалі наўпрост на працы — у Мінскім цэнтры дзіцячай псіхіятрыі і псіхатэрапіі. Там яна працавала псіхіятрам. Як распавядае мама Наталлі, за некалькі гадзінаў да затрымання ёй паведамілі пра звальненне.

"Удзень яна напісала, што яе звольнілі тым жа днём, а ўвечары не прыйшла дадому. Калегі сказалі, што затрымалі яе проста на працы", — распавядаюць блізкія палітзняволенай.

Наталлі прад'явілі абвінавачванне па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: 369 (абраза прадстаўніка ўлады) і 130 (распальванне сацыяльнай варажнечы) — і ўзялі пад варту.

"Верым, што хутка яна вернецца дадому"

У родных Наталлі няма ніякіх звестак пра тое, як яна цяпер. Адзінае, што ім вядома, — што яна ўтрымліваецца ў турме ў Жодзіне. Для Наталлі, як і для іншых затрыманых за каментары па "справе Зельцэра", не прымаюць перадачы. Ужо 21 дзень жанчына знаходзіцца ў тым адзенні, у якім яе затрымалі на працы.

"Але мы ведаем, што яна вельмі моцная духам. І дасць рады ўсім нягодам. І верым, што хутка яна вернецца дадому", — кажуць блізкія Наталлі.

Падтрымаць Наталлю лістамі і паштоўкамі салідарнасці можна па адрасе:

Следчая турма №8, 222163, г. Жодзіна, вул. Савецкая, 22А

Наталля Уладзіміраўна Нікіціна 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства