viasna on patreon

Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў: У Беларусі ліквідаваныя адныя з апошніх праваабарончых арганізацый

2021 2021-10-06T15:46:47+0300 2021-10-06T16:06:13+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/observatory_omct_fidh.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў (сумесная праграма Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) і Сусветнай арганізацыі супраць катаванняў (OMCT)) рашуча асуджае беспрэцэдэнтную атаку супраць грамадзянскай супольнасці Беларусі і заклікае да неадкладнай міжнароднай рэакцыі.

Заява Абсерваторыі з’явілася ў адказ на ліквідацыю Беларускага Хельсінкскага камітэта, “Прававой ініцыятывы” і “Звяна” — адных з апошніх афіцыйна зарэгістраваных праваабарончых арганізацый. БХК, ПІ і “Звяно” далучыліся да спісу больш чым з 270 іншых НДА, якія ўлады Беларусі закрылі з ліпеня гэтага года.

Іх ліквідацыя азначае “поўнае знішчэнне юрыдычна зарэгістраванай у краіне грамадзянскай супольнасці”, падкрэсліваецца ў заяве.

1 кастрычніка Вярхоўны суд задаволіў пазоў Міністэрства юстыцыі з патрабаваннем ліквідацыі найстарэйшай у краіне праваабарончай арганізацыі – Беларускага Хельсінкскага камітэта (БХК). БХК дзейнічае ў Беларусі з 1995 года. Сярод яго заснавальнікаў былі вядомыя грамадскія дзеячы, у тым ліку лаўрэатка Нобелеўскай прэміі па літаратуры Святлана Алексіевіч.

Згодна з пазовам, у Міністэрства юстыцыі паступілі дакументы, якія тычацца двух чалавек, якім БХК нібыта аплочваў “паслугі па доўгатэрміновым назіранні за прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі ў 2020 годзе”. Гэтыя дакументы былі атрыманы ў выніку расследавання неназванай крымінальнай справы. Як паведамляе БХК, арганізацыя не ведае, што гэта за крымінальная справа і супраць каго яна была ўзбуджаная.

Тым не менш Вярхоўны суд палічыў дакументы гэтай крымінальнай справы дапушчальнымі доказамі. Суд таксама адмовіўся ўключыць amicus curiae (юрыдычнае меркаванне), падрыхтаванае экспертамі з Польшчы і Нідэрландаў, і не ўлічыў ліст Пастаяннага каардынатара ААН у Беларусі. Акрамя таго, міністэрства юстыцыі праігнаравала сумесны ліст пяці міжнародных праваабарончых арганізацый з заклікам адклікаць пазоў. Згодна з беларускім заканадаўствам, рашэнне Вярхоўнага суда з'яўляецца канчатковым і абскарджанню не падлягае.

5 кастрычніка 2021 г. Вярхоўны суд і Мінскі гарадскі суд ліквідавалі яшчэ дзве зарэгістраваныя праваабарончыя арганізацыі, адпаведна, “Прававую ініцыятыву” і “Звяно”. Што тычыцца “Прававой ініцыятывы”, гэтае рашэнне з'яўляецца канчатковым, паколькі яно было прынята Вярхоўным судом. “Звяно” можа абскардзіць рашэнне, паколькі яго справу разглядаў Мінскі гарадскі суд. Перад ліквідацыяй арганізацыі і іх супрацоўнікі падвяргаліся юрыдычнаму пераследу.

У сувязі з гэтым Абсерваторыя нагадвае, што 9 чэрвеня 2021 года Міністэрства юстыцыі Беларусі накіравала пісьмовае папярэджанне “Звяну”, у якім паказана, што шляхам маніторынгу сістэмы аховы здароўя падчас пандэміі COVID-19 і прадастаўлення рэкамендацый Міністэрству аховы здароўя арганізацыя парушыла ўказ прэзідэнта № 510/2009, які прадугледжвае, між іншым, што толькі Міністэрства аховы здароўя можа кантраляваць сістэму аховы здароўя.

5 красавіка 2021 года Таццяна Гацура-Яворская і яшчэ чатыры прадстаўніцы “Звяна” былі адвольна затрыманыя ў Мінску пасля арганізацыі выставы “Машына дыхае, а я не”, якая была прысвечаная працы медыцынскага персаналу ва ўмовах крызісу Covid-19 і палітызацыі аховы здароўя ў Беларусі. Іх абвінавацілі ў “непадпарадкаванні законнаму распараджэнню або патрабаванню службовай асобы” (арт. 24.3 КаАП) і прысудзілі да сямі сутак арышту. Праваахоўнікі правялі ператрус у кватэрах згаданых праваабаронцаў, а таксама ў офісе “Звяна” ў Мінску, а таксама канфіскавалі тэхніку, якая належала арганізацыі, грошы і дакументы. Ператрусы і допыты каманды “Прававой ініцыятывы” адбыліся 16 ліпеня 2021 года падчас маштабнай атакі на арганізацыі грамадзянскай супольнасці і яе прадстаўнікоў, якія пачаліся 15 ліпеня.

БХК, ПІ і “Звяно” былі аднымі з апошніх праваабарончых арганізацый, яшчэ не ліквідаванымі ўрадам у выніку беспрэцэдэнтных рэпрэсій супраць грамадзянскай супольнасці ў ліпені 2021 г. На момант напісання заявы прынамсі 275 арганізацый грамадзянскай супольнасці былі ліквідаваныя або знаходзіліся ў працэсе ліквідацыі.

Абсерваторыя лічыць, што ліквідацыя вышэйзгаданых арганізацый мае палітычныя матывы і з'яўляецца часткай рэпрэсій, якія працягваюцца ў Беларусі на фоне агульна непрызнаных прэзідэнцкіх выбараў у мінулым годзе. На дадзены момант больш за 30 праваабаронцаў – актывістаў, юрыстаў і журналістаў, у тым ліку сем супрацоўнікаў арганізацыі-сябра FIDH і OMCT – ПЦ "Вясна" – знаходзяцца за кратамі. Дзясяткі іншых праваабаронцаў сталі ахвярамі іншых формаў прававога пераследу, у тым ліку неаднаразовых затрыманняў і допытаў.

Абсерваторыя таксама мяркуе, што названыя дзеянні накіраваны на тое, каб прадухіліць працу праваабаронцаў і арганізацый грамадзянскай супольнасці ў Беларусі, таму яны наўпрост парушаюць права на свабоду асацыяцый, згодна з Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах (МПГПП).

Такім чынам, Абсерваторыя заклікае беларускія ўлады цалкам выконваць свае міжнародныя абавязацельствы ў галіне правоў чалавека як удзельніцы МПГПП, паважаць правы на свабоду асацыяцый, свабоду ад катаванняў і жорсткага абыходжання, свабоду ад адвольных затрыманняў і права на справядлівы суд. Абсерваторыя таксама заклікае ўлады паважаць і абараняць працу праваабаронцаў і гарантаваць іх дзейнасць без перашкод і страху перад расправай. Нарэшце, у адпаведнасці з гэтымі абавязальніцтвамі, Абсерваторыя патрабуе неадкладнага і безумоўнага вызвалення ўсіх праваабаронцаў, якія ў цяперашні час адвольна ўтрымліваюцца ў Беларусі, і спынення адвольнага адміністрацыйнага і крымінальнага пераследу праваабаронцаў.


Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў (Абсерваторыя) была створана ў 1997 годзе Міжнароднай федэрацыяй за правы чалавека (FIDH) і Сусветнай арганізацыяй супраць катаванняў (OMCT). Мэтай гэтай праграмы з'яўляецца прадухіленне або выпраўленне рэпрэсій супраць праваабаронцаў. FIDH і OMCT з'яўляюцца удзельніцамі ProtectDefenders.eu, механізму Еўрапейскага Саюза па абароне правоў чалавека, які рэалізуецца міжнароднай грамадзянскай супольнасцю.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства