viasna on patreon

Як мінімум 103 чалавекі асуджаныя за верасень па "пратэсных" крымінальных справах

2021 2021-10-01T12:49:21+0300 2021-10-01T14:55:37+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/shavel_sud.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Пасля прысуда. У цэнтры з аранжавым пакетам — Расціслаў Шавель. Злева ад яго — Вадзім Шашура

Пасля прысуда. У цэнтры з аранжавым пакетам — Расціслаў Шавель. Злева ад яго — Вадзім Шашура

Маніторынг "пратэсных" крымінальных справаў, які праводзіць ПЦ "Вясна", штомесяц фіксуе вынясенне палітычна матываваных прысудаў грамадзянам за рэалізацыю імі сваіх асноўных правоў, часцей за ўсё за выказванне меркавання і за ўдзел у сходах. За верасень гэтага года колькасць палітычных зняволеных у Беларусі вырасла на 62 чалавекі. Назіранне за палітычна матываванымі крымінальнымі справамі зафіксавала асуджэнне ў верасні не менш за 47 грамадзянаў, да якіх ужывалася пакаранне ў выглядзе "хатняй хіміі".

У верасні па палітычна матываваных крымінальных справах, вядомых ПЦ "Вясна", асуджана не менш за 103 чалавекі. З іх колькасць жанчын складае 21.36%, мужчын — 78.64%. Вядома пра як мінімум 2 грамадзянаў, абвешчаных у вышук. З агульнага ліку асуджаных па палітычна матываваных крымінальных справах 63.11% грамадзянаў асуджаныя па дыфамацыйных артыкулах Крымінальнага кодэкса (арт. арт. 369, 367, 368, 370, 391).

Геаграфія прысудаў па "пратэсных" крымінальных справах у верасні выглядае наступным чынам:

  • Мінск — 42 чалавекі
  • Гомельская вобласць — 17 чалавек (Гомель, Гомельскі раён, Мазыр, Добруш, Петрыкаў, Рэчыца, Жлобін, Ельск)
  • Брэсцкая вобласць — 12 чалавек (Брэст, Баранавічы, Ляхавічы, Кобрын, Пінск)
  • Мінская вобласць — 9 чалавек (Вілейка, Маладзечна, Любань, Дзяржынск, Беразіно, Нясвіж, Мінскі раён)
  • Віцебская вобласць — 8 чалавек (Віцебск, Паставы, Орша, Лепель)
  • Гродзенская вобласць — 6 чалавек (Гродна, Ваўкавыск, Ліда, Смаргонь, Іўе)
  • Магілёўская вобласць — 9 чалавек (Магілёў, Бабруйск, Чавусы)

Віды і памеры пакарання па "пратэсных" крымінальных справах

Сумарна за верасень па палітычна матываваных крымінальных справах, вядомых ПЦ "Вясна", суды вынеслі:

  • 120 гадоў і 1,5 месяца пазбаўлення волі для 32 чалавек;
  • 35,5 года абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хімія") для 16 чалавек;
  • 97 гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хатняя хімія") для 47 чалавек;
  • 5 месяцаў арышту для 2 чалавек;
  • 2 месяцы грамадскіх прац для 1 чалавека;
  • 585 базавых велічынь штрафу для 5 чалавек;
  • прымусовыя меры лячэння ад алкагалізму для 2 чалавек;
  • пазбаўленне права займаць кіраўнічыя пасады тэрмінам на 5 гадоў у якасці дадатковага пакарання для 1 чалавека.

Пакаранне, звязанае з пазбаўленнем волі, па "пратэсных" крымінальных справах беларускія суды ўжывалі ў верасні ў 31.07% выпадкаў. Абмежаванне волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хімія") суды выкарыстоўвалі ў 15.53% выпадкаў. Абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу суды прызначалі ў 45.63% выпадкаў. Арышт грамадзяне зазналі ў 1.94% выпадкаў. Штраф як асноўны від пакарання выкарыстоўваўся ў 4.85% выпадкаў. Грамадскія працы ў якасці пакарання былі прызначаны ў 0.98% выпадкаў.

Такім чынам, пакаранне па палітычна матываваных крымінальных справах, звязанае з пазбаўленнем волі, яе абмежаваннем у выглядзе "хіміі", "хатняй хіміі", арышту ўжывалася ў 94.17% выпадкаў.

Галоснасць па "пратэсных" крымінальных справах

Беларуская судовая сістэма выносіць адзін за адным прысуды па "пратэсных" крымінальных справах. Значная частка рэзанансных крымінальных справаў разглядаецца ў закрытым ад грамадскасці судовым пасяджэнні, што яшчэ больш дэвальвуе давер да беларускага правасуддзя і вынікаў разгляду "пратэсных" справаў.

Так, у Мазыры падчас закрытага пасяджэння разглядалася справа Вольгі Шукаловіч, у Асіповічах — Уладзіміра Турнова. У Добрушы да года пазбаўлення волі за абразу Аляксандра Лукашэнкі ў закрытым рэжыме асуджаны Яўген Пятроў.

На працягу месяца Праваабарончы цэнтр "Вясна" зафіксаваў як мінімум чатыры справы, разгледжаныя на закрытых пасяджэннях у судзе Чыгуначнага раёна Гомеля, дзе фігуранты вінаваціліся ў публічнай абразе службовых асобаў у сувязі з выкананнем імі сваіх прафесійных абавязкаў.

Так, у судзе Чыгуначнага раёна Гомеля была разгледжаная крымінальная справа Алесі Бахун, жанчыну асудзілі да двух гадоў "хатняй хіміі" за абразу прадстаўніка ўлады. Гэты ж суд асудзіў Дзмітрыя Заломскага да двух гадоў пазбаўлення волі за абразу Аляксандра Лукашэнкі, Аляксандра Патапенку — да двух гадоў "хіміі" за абразу прадстаўніка ўлады, а Рамана Скапцова — да двух з паловай гадоў "хіміі" за аналагічнае злачынства паводле арт. 369 КК.

У судзе Цэнтральнага раёна Гомеля на працягу месяца ў закрытым рэжыме разглядаецца крымінальная справа ў адносінах да праваабаронцаў Леаніда Судаленкі, Таццяны Ласіцы і Марыі Тарасенка, якія абвінавачваюцца ў падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак. У гэтым жа судзе на закрытым пасяджэнні была разгледжаная справа Віктара Прусава, мужчыну асудзілі на тры гады пазбаўлення волі за гвалт над супрацоўнікам органаў унутраных спраў.

Мінскі абласны суд у закрытым рэжыме разглядаў крымінальную справу ў адносінах да Рамана Марусава, які абвінавачваецца ў распальванні варожасці і варажнечы. Гэты ж суд у закрытым пасяджэнні асудзіў да адзінаццаці і дзесяці гадоў пазбаўлення волі Марыю Калеснікаву і Максіма Знака, якія абвінавачваліся ў змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам, стварэнні экстрэмісцкага фармавання і закліках да дзеянняў, накіраваных на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы.

Віцебскі абласны суд асудзіў да чатырох гадоў пазбаўлення волі Яўгена Харашкевіча за распальванне сацыяльнай варажнечы па прыкметах сацыяльнай прыналежнасці, абразу прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў і арганізацыю дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак.

Суд Першамайскага раёна Віцебска ў закрытым рэжыме асудзіў Сяргея Думаву да дзевяці гадоў пазбаўлення волі за апаганьванне будынкаў цынічнымі надпісамі, арганізацыю і падрыхтоўку масавых беспарадкаў, навучанне асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках.

Гомельскі абласны суд у закрытым працэсе разглядае крымінальную справу па абвінавачванні Ігара Лосіка, Мікалая Статкевіча, Уладзіміра Цыгановіча, Арцёма Сакава, Дзмітрыя Папова і Сяргея Ціханоўскага ў арганізацыі масавых беспарадкаў, распальванні сацыяльнай варожасці, перашкодзе працы Цэнтральнай выбарчай камісіі, арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак.

Справа Сяргея Ціханоўскага: якія высновы можна зрабіць да пачатку разгляду ў судзе

ПЦ "Вясна" напярэдадні пачатку працэсу над палітвязнем успамінае храналогію парушэнняў правоў Сяргея Ціханоўскага.

"Катавальнае" правасуддзе

Абвінавачваныя па "пратэсных" крымінальных справах заяўляюць пра ціск і жорсткае абыходжанне з моманту затрымання і падчас папярэдняга следства, аднак гэтыя паказанні застаюцца без дбайнай ацэнкі з боку судовай сістэмы. Пра забароненыя метады вядзення папярэдняга расследавання робіцца вядома задаўга да пачатку судовага разгляду, аднак эфектыўнай абароны заяўнікі не атрымліваюць.

Пра пагрозы пазбаўлення волі, спробу адвольнага выправаджэння з краіны адразу з моманту затрымання заяўляла Марыя Калеснікава. У прыватнасці, палітзняволеная распавяла, што супрацоўнікі праваахоўных органаў надзявалі ёй на галаву мяшок, пагрозы ад міліцыянераў яна ўспрымала як рэальныя. Адвакат Марыі Калеснікавай падаў заяву ў Следчы камітэт, аднак эфектыўнай рэакцыі ад ведамства не з'явілася.

Пра збіванне адразу пасля затрымання на тэрыторыі Маскоўскага РУУС Мінска заявіў Аляксей Шчытнікаў, асуджаны на пяць гадоў зняволення за наезд на аўтамабіль ДАІ падчас жнівеньскіх пратэстаў летась. 

Пра ціск падчас расследавання крымінальнай справы і прымус да ўдзелу ў запісы відэа з раскаяннем заявіў у судовым працэсе блогер Руслан Ліннік, які вымушаны быў пагадзіцца, "таму што ведаў наступствы нязгоды". Палітвязень асуджаны на чатыры гады пазбаўлення волі. 

Пра псіхалагічны і фізічны гвалт з боку сілавікоў заявіў падчас суду Міхаіл Феранец, асуджаны да трох гадоў зняволення.

Асуджаны ў верасні да трох гадоў калоніі за незаконныя дзеянні ў адносінах да прадметаў, паражальнае дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў, а сумарна з папярэднім прызначаным пакараннем за арганізацыю масавых беспарадкаў — да васьмі гадоў калоніі, Дзмітрый Кубараў яшчэ падчас першага суду заяўляў пра катаванні адразу пасля затрымання.

Пра збіванне падчас затрымання заявіў Дзмітрый Ляўковічасуджаны да двух гадоў "хатняй хіміі" за абразу прадстаўніка ўлады ў сувязі з ажыццяўленнем ім службовых абавязкаў. Паводле слоў асуджанага, "двое супрацоўнікаў павалілі Дзмітрыя на зямлю, закруцілі яму рукі, і адзін з іх пачаў з асаблівай жорсткасцю біць яго нагой па галаве". 

Пра ўжыванне фізічнай сілы падчас затрымання заявіў 20-гадовы Арцём Саковічасуджаны да чатырох гадоў зняволення за ўдзел у акцыях пратэсту ў жніўні 2020 года. Паводле слоў асуджанага, у момант затрымання яго "трошкі пакалацілі і павялі ў мікрааўтобус".

Пра катаванні падчас затрымання з мэтай дачы прызнальных паказанняў заявіў асуджаны да двух гадоў "хатняй хіміі" за падрыхтоўку і ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, Павел Яіцкі

"Па дарозе да аўтамабіля білі ў жывот, заломлівалі рукі, хоць і не аказваў супраціву. У аддзяленні ГУБАЗіК білі па ягадзіцах, прымушалі падпісаць дакументы, пры гэтым увесь час білі дубінкамі. У СІЗА былі зафіксаваныя гематомы на целе".

Парушэнне прэзумпцыі невінаватасці ў адносінах да палітзняволенага старшыні Праваабарончага цэнтра "Вясна" Алеся Бяляцкага

14 верасня на дзяржаўным тэлеканале "Беларусь 1" выйшла праграма "Гэта іншае" — Праваабарончы цэнтр "Вясна": фінансавыя махінацыі Бяляцкага". Вядучая Ксенія Лебедзева пры канцы праграмы дае заўчасную ацэнку праваабарончай дзейнасці старшыні арганізацыі Алеся Бяляцкага: "...спадар Бяляцкі, які эфектыўна "распілоўвае" атрыманыя замежныя грошы, для іх палітычны зняволены. Хоць, як паказвае нават наша журналісцкае расследаванне, проста жулік, але гэта іншае".

Калі звярнуцца да тлумачальнага слоўніка, то слова "жулік" мае значэнне "злодзей, махляр, ашуканец, аферыст, круцель, махінатар, прайдзісвет, жуллё, чалавек, схільны да махлярства".

Заўчасная адзнака дзейнасці і асобы палітвязня да судовага разгляду не сумяшчальная са стандартам прэзумпцыі невінаватасці, які ўскладае на службовых асобаў і прадстаўнікоў дзяржаўных медыярэсурсаў абавязак устрымлівацца ад ацэнкі дзеянняў абвінавачванага, якія з'яўляюцца прадметам разгляду па крымінальнай справе да вынясення прысуду.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства