viasna on patreon

Чатыры гады калоніі — 20-гадовага мінчука асудзілі па трох артыкулах за леташнія пратэсты

2021 2021-09-10T12:27:28+0300 2021-09-10T12:28:37+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sakovich_artem_90.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У судзе Цэнтральнага раёна Мінска 10 верасня да чатырох гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму за жнівеньскія пратэсты асудзілі 20-гадовага слесара Арцёма Саковіча. Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 КК), у падрыхтоўцы да ўдзелу ў масавых беспарадках (ч. 1 арт. 13 ч. 2 арт. 293 КК) і падрыхтоўцы да незаконнага вырабу і нашэння прадметаў, паражальнае дзеянне якіх заснаванае на выкарыстанні гаручых рэчываў (ч. 1 арт. 13 ч. 2 арт. 295-3). Як на судзе распавёў сам Арцём, у ноч з 10 на 11 жніўня ён быў на акцыях пратэсту, але толькі здымаў усё, што адбывалася, на тэлефон. 12 жніўня знаёмыя (адзін з якіх з'ехаў у Польшчу) прапанавалі зрабіць "кактэйлі Молатава". З каністрай і бутэлькамі іх затрымалі ў адным з двароў на "Захадзе-3": "Трошкі пакалацілі і павялі ў мікрааўтобус". Тады на Саковіча склалі адміністрацыйны пратакол. У межах крымінальнай справы Арцёма затрымалі толькі сёлета 22 чэрвеня, калі ён прыйшоў у РУУС як сведка па іншай “непалітычнай” крымінальнай справе. Да гэтага, як аказалася, ён знаходзіўся ў вышуку, хоць і не хаваўся: жыў дома, хадзіў на працу. Справу Арцёма Саковіча разглядаў Дзмітрый Карсюк, дзяржабвінавачанне падтрымліваў Цімафей Нічыпарук. "Вясна" распавядае пра гэтую справу.

Артем Сакович. Фото из соцсетей
Арцём Саковіч. Фота з сацсетак

У чым абвінавацілі мінчука?

Паводле версіі абвінавачвання, у ноч з 10 на 11 жніўня з Баранавым і іншымі нявызначанымі асобамі Арцём Саковіч рухаўся па праспекце Пушкіна, Прытыцкага, што пацягнула парушэнне працы транспарту і прадпрыемстваў. Выкрыкваў лозунгі і здзяйсняў гучныя воплескі рукамі, наўмысна перашкаджаў руху транспарту, чым здзейсніў злачынства, прадугледжанае ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса.

«Мінсктранс» заявіў пазоў за падзеі 10 жніўня на суму 21 667 рублёў.

Ён жа, з'яўляючыся асобай, якая раней здзяйсняла злачынства, 12 жніўня, знаходзячыся з Баранавым [з'ехаў у Польшчу], наўмысна ўступіў у злачынную змову з ім «з мэтай выказвання сваёй нязгоды з вынікамі выбараў, сваіх грамадска-палітычных поглядаў, накіраваных, у тым ліку, на абвастрэнне напружанасці ў грамадстве». 

Паводле версіі абвінавачвання, ён захоўваў у сябе каністру з бензінам, пустыя бутэлькі і бутэльку сланечнікавага алею, запальнічку  — то бок рэчывы і прадметы, неабходныя для вырабу «кактэйляў Молатава». Але не давёў злачынства да канца з незалежных ад яго прычынаў, бо яго затрымалі. Такім чынам, ён здзейсніў злачынства паводле ч. 1 арт. 13 ч. 2 арт. 295-3 і ч. 1 арт. 13 ч. 2 арт. 293 КК.

Віну Арцём Саковіч прызнаў цалкам.

Чаму быў у вышуку?

Як высвятлілася на судзе, Арцёма Саковіча затрымалі 22 чэрвеня, калі ён прыйшоў у Фрунзенскае РУУС у якасці сведкі па бойцы, якую бачыў пасля працы. Там ён даведаўся, што знаходзіцца ў вышуку, і яго затрымалі. Пры тым да гэтага часу ён пражываў дома з маці, хадзіў на працу, а па выходных часам ездзіў на дачу. З лютага працуе ў «Мінсквадаканале», да гэтага працаваў у «Будтрэсце».

Маці і суседзі Арцёма ніколі не паведамлялі, што прыходзілі супрацоўнікі.

«Не ведаў, што, здымаючы відэа, быў удзельнікам». Што адбывалася 10 жніўня?

Паводле слоў 20-гадовага Арцёма Саковіча, у ноч з 10 на 11 жніўня 2020 ён хадзіў каля станцыі мятро "Пушкінская" і здымаў усё, што адбывалася, на відэа. Прыйшоў туды каля 21-й гадзіны паназіраць і сустрэў свайго знаёмага Лукашава, які прапанаваў пайсці паглядзець, што там адбываецца. Стаяў там на горачцы. Потым Лукашаў прывёў свайго знаёмага Баранава.

«Я яго не ведаў, але як аказалася, мы вучыліся ў адной школе. Вырашыў пайсці туды з кампаніяй, бо гэта было весялей».

Абвінавачаны кажа, што хлопцы стаялі на горачцы, назіралі за падзеямі і здымалі ўсё на відэа. Затым, як распавядае Саковіч, з боку Фрунзенскага РУУС пад'ехалі машыны і з іх пачалі страляць.

Суддзя Карсюк задаў ўдакладняльнае пытанне:

— Гэта стралялі бандыты нейкія ці супрацоўнікі міліцыі?

— Не ведаю, там было незразумела. Яны былі без апазнавальных знакаў, — адказаў абвінавачаны.

Трое хлопцаў пабеглі да «Віталюра». Там у пратэстоўцаў пачалі кідаць святлошумавыя гранаты. Паводле Саковіча, там было шмат людзей.

«Я засняў на тэлефон, як хлопцы кідалі палкі і «кактэйлі Молатава», слезацечныя шашкі. Гэта кідалі невядомыя асобы ў супрацоўнікаў міліцыі. Пасля гэтага зразумеў, што там рабіць няма чаго, і вырашыў сыходзіць».

Да «Спартыўнай» дабіраўся праз двары. На «Пушкінскай» упершыню выйшаў на дарогу, там было шмат людзей. Вырашыў пастаяць паглядзець, што там адбываецца. Відэа здымаў дзеля сваіх мэтаў, на памяць. Як распавядае Саковіч, лозунгі ён не выкрыкваў, рукамі не пляскаў. Іншыя людзі крычалі лозунгі на палітычную тэматыку і пляскалі ў далоні.

«Не ведаў, што, здымаючы відэа, быў удзельнікам несанкцыянаванага масавага мерапрыемства».

«Затрымалі, калі я спатыкнуўся і ўпаў. Трошкі пакалацілі і павялі ў мікрааўтобус». Што адбылося 12 жніўня?

Як распавёў на працэсе Саковіч, 12 жніўня яму некалькі разоў тэлефанаваў знаёмы Баранаў і прапаноўваў прайсці прагуляцца. Пасля працы ён прыехаў дадому, павячэраў і вырашыў усё ж пайсці. Сустрэліся яны на «Захадзе-3». Акрамя Баранава, там быў яшчэ знаёмы Баранава, «здаецца, Арцём». У Баранава была каністра з бензінам у руках. Ён прапанаваў купіць у кіроўцаў бензін "танна". Пайшлі на Адзінцова, 36. Не задаваўся пытаннем, дзеля чаго патрэбны бензін.

Адразу яны хацелі купіць бензін у маршрутчыка, але ў яго быў дызель і сказалі, што ён не падыдзе.

«Тады я падумаў: для чаго не падыдзе? І падумаў пра «кактэйлі Молатава», бо 10 жніўня яны казалі пра іх. Проста ў размовах згадвалі. Тады не надаў гэтаму значэння».

Затым Баранаў і ягоны знаёмы пайшлі на запраўку па бензін. Зайшлі ў краму, набылі пакет.

Згодна са словамі Саковіча, ён задумаўся, навошта яму бензін, толькі тады, калі яны сказалі, што «трэба ісці ў двор, дзе п'юць людзі, і там будуць бутэлькі».

«Тады я прыняў рашэнне звальваць, бо зразумеў, што яны будуць рабіць «кактэйлі Молатава». Але я не вырашаўся сысці. Бо зразумеў, што яны не будуць рабіць «кактэйлі» прама цяпер».

Саковіч распавядае, што, калі яны зайшлі ў двор, то каністру з бензінам і бутэлькі паставілі побач. У гэты момант (у 19:40) у двор заехалі два мікрааўтобусы і з іх на хаду выбегла каля 15 чалавек у цывільным.

«Я спалохаўся і пачаў уцякаць, паколькі было б незразумела, што ў мяне робяць каністры і побач бутэлькі. Затрымалі, калі я спатыкнуўся і ўпаў. Яны падляцелі, рукі за спіну. Трошкі пакалацілі і павялі ў мікрааўтобус».

Падчас вобшуку, акрамя ўсяго іншага, у Саковіча знайшлі будаўнічыя пальчаткі. 

«Забыўся дастаць пасля працы», — растлумачыў абвінавачваны.

Акрамя гэтага, згодна з пратаколам асабістага вобшуку, у Саковіча забралі сем піўных бутэлек і каністру.

«Падчас асабістага вобшуку забралі чатыры бутэлькі, а потым у справе з'явіліся сем бутэлек. Бутэлькі і каністра былі ў пакеце, я іх нёс да лаўкі, дзе мы курылі. Праз секунд 30 заехалі мікрааўтобусы ў двор і мы пабеглі. Я спадзяваўся, што гэта не да нас. Але пачалі на хаду выбягаць чалавек 15, пачалі крычаць «Стаяць».

З сабой у Саковіча была таксама запальнічка, бо ён курыць. 

На судзе абвінавачаны растлумачыў, што не дапамагаў збіраць Баранаву і Арцёму бутэлькі ў двары. Саковіч у гэты час курыў.

У пратаколе асабістага вобшуку не памятае, распісваўся ці не. Паводле абвінавачанага, яму не далі прачытаць яго, а сказалі проста падпісаць.

«Я пацікавіўся, чаму мне не могуць іх даць пачытаць, калі я магу пачытаць. Мне коратка растлумачылі, што не варта іх чытаць…» 

Адвакат спытаў, што значыць «коратка растлумачылі».

«Сілавым метадам!» — адказаў Саковіч.

12 жніўня Арцёма затрымалі па адміністрацыйнай справе паводле арт. 23.34 КаАП (цяпер – 24.23 КаАП).

«Калі даваў гэтыя паказанні, то так яно і было». А што кажа сведка-міліцыянер?

У якасці сведкі на судзе дапыталі супрацоўніка Фрунзенскага РУУС Яўгена Цімафеева. На працэсе ён адразу заявіў, што па гэтай справе нічога растлумачыць не можа, бо толькі за дзень да суда даведаўся пра яе.

Супрацоўнік распавёў на судзе, што летась у жніўні працаваў у РУУС. Браў удзел у затрыманні грамадзянаў, але не памятае, ці затрымоўваў Саковіча.

«Магчыма, затрымаў кагосьці з прадметамі для вырабу «кактэйляў Молатава».

На судзе абвясцілі паказанні, якія Цімофееў даваў 1 верасня мінулага года:

«12 жніўня сеў у аўтобус жоўтага колеру па загадзе начальства і паехалі ў месцы масавага збору людзей. Каля 17-й гадзіны прыйшоў загад выехаць на Адзінцова, бо там была канцэнтрацыя людзей. Мы прыехалі, людзі пачалі разбягацца па дварах. Там мы ўбачылі двух хлопцаў. Адзін з хлопцаў нёс каністру з вадкасцю, а другі нёс пакет з бутэлькамі». 

Хто з іх што нёс, міліцыянер не памятае. Затрымалі разам з яшчэ адным супрацоўнікам міліцыі і перадалі іх супрацоўнікам АМАП.

На судзе Цімафееў не адразу ўзгадаў пра дачу гэтых паказанняў, але падтрымаў іх у судзе: «Калі даваў гэтыя паказанні, то так яно і было». 

Некаторая частка судовага пасяджэння прайшла ў закрытым рэжыме з-за даследавання матэрыялаў справы, у якіх фігуруюць публікацыі ТUТ.BY, прызнаныя на сёння экстрэмісцкімі.

Чым усё скончылася?

Дзяржабвінаваўца Цімафей Нічыпарук у судовых спрэчках заявіў, што дзеянні Саковіча кваліфікаваныя слушна, у сувязі з гэтым ён папрасіў прызнаць яго вінаватым і прызначыць пакаранне: паводле ч. 1 арт. 342 КК – два гады «хіміі», паводле ч. 1 арт. 13 ч. 2 арт. 293 КК – тры гады калоніі, паводле ч. 1 арт. 13 ч. 2 арт. 295-3 КК – чатыры гады калоніі. У выніку, пракурор прапанаваў пакараць абвінавачванага чатырма гадамі калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

У апошнім слове Арцём Саковіч сказаў:

«Прашу не судзіць мяне строга. І прашу не пазбаўляць волі. Мама пасля смерці бацькі засталася адна і мае патрэбу ў дапамозе».

У выніку, суддзя Дзмітрый Карсюк 10 верасня асудзіў 20-гадовага Арцёма Саковіча да чатырох гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Менавіта такое пакаранне і патрабаваў пракурор.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства