viasna on patreon

Мінчука асудзілі да пазбаўлення волі за ўдзел у мітынгу 13 верасня

2021 2021-08-15T17:28:02+0300 2021-10-01T15:34:52+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/malcau_sud.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Аляксей Мальцаў у судзе. Скрыншот з відэа

Аляксей Мальцаў у судзе. Скрыншот з відэа

У судзе Фрунзенскага раёна Мінска 13 жніўня вынесены прысуд 25-гадоваму Аляксею Мальцаву, якога вінавацілі ў актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, што груба парушалі грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 КК), за падзей 13 верасня 2020 года, а таксама замаху на крадзеж (ч. 1 арт. 14 ч. 2 арт. 205 КК).

Справу разглядала суддзя Алена Бушава. Бок дзяржабвінавачвання падтрымлівала Аліна Касьянчык.

Мужчыну вінавацілі ў тым, што ён 13 верасня 2020 года ў стане алкагольнага ап’янення з мэтай выказвання незаконнымі спосабамі сваіх грамадска-палітычных поглядаў і пратэсту, вядзення дэстуктыўнай дзейнасці, накіраванай на абвастрэнне напружанасці ў грамадстве, сумесна і ўзгоднена групай асобаў па папярэдняй змове з іншымі неўстаноўленымі асобамі наўмысна прыняў удзел у групавых дзеяннях, якія груба парушалі грамадскі парадак, былі спалучаныя з відавочным непадпарадкаваннем супрацоўнікам міліцыі і пацягнулі парушэнне працы грамадскага транспарту і прадпрыемстваў, а менавіта: далучыўся да групы грамадзянаў, выкрыкваў лозунгі, здзяйсняў гучныя воплескі рукамі, перасоўваўся па праезнай частцы ў тым ліку ў счэпцы локцямі па маршруце пр. Пушкіна, вул. Арлоўская і па пр. Пераможцаў да дома 84, адмаўляўся выканаць патрабаванне супрацоўнікаў міліцыі пакінуць праезную частку і дэманстраваў ім непрыстойныя жэсты ў выглядзе выцягнутых сярэдніх пальцаў абедзвюх рук. З-за дзеянняў абвінавачана спынілі працу шматлікія маршруты грамадскага транспарту, а таксама магазін FixPrice і аптэка. “Мінсктранс” заявіў пазоў на кампенсацыю нанесенай шкоды на суму амаль на 29 тысяч рублёў.

6 лістапада ў стане алкагольнага ап’янення Аляксей Мальцаў сумесна з Ігарам Калябанавым у двух розных магазінах “Хіт-Экспрэс” паўторна таемна выкраў 40 плітак шакаладу і дзевяць пакункаў кавы, таксама спрабаваў таемна выкрасці чатыры пакункі і тры шкляных слоіка кавы, а пасля 59 плітак шакаладу, аднак не давёў свой злачынны намер да канца па незалежных ад яго абставінах, бо яго дзеянні былі спыненыя супрацоўнікам крамы і супрацоўнікамі міліцыі. Агульная сума, на якую абвінавачаны з сябрам выкраў і спрабаваў скрасці, склала 493 рублі і 5 капеек.

Аляксей Мальцаў у момант здзяйснення злачынства меў непагашаную судзімасць і адбываў пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ: да сканчэння тэрміна на момант затрымання заставалася 2 месяцы і 3 дня. Мальцаў быў затрыманы 23 лютага 2021 года. Таксама ён мае наркалагічную залежнасць.

Аляксей Мальцаў прызнаў віну цалкам, раскаяўся.

У судзе дапыталі сведак: прадстаўніка Мінсктранса, супрацоўніцу аптэкі, сябра абвінавачанага Ігара Калябанава, былую дзяўчыну Мальцава, яго бабулю.

Абвінавачаны патлумачыў суду, што выпіваў з сябрамі, пачуў шум, выйшаў на балкон, пабачыў людзей, ведаў, што людзі вышлі на несанкцыянаванае мерапрыемства, у адказ натоўпу выкрыкваў лозунг “Жыве Беларусь”, пасля заклікаў пратэстоўцаў далучыцца – выйшаў на вуліцу і прыняў удзел у пратэсным мітынгу. Ішоў з іншымі людзьмі па праезнай частцы дарогі да “Мінск-Арэны”, а калі падыйшоў да шэрагу супрацоўнікаў міліцыі – паказваў ім непрыстойныя жэсты. На пытанне, навошта так рабіў, абвінавачаны адказаў, што глядзеў відэа з пратэстаў, як людзей збівалі. Паказаны жэст – выказванне яго незадаволенасці. Звязвае сваё паводзіны са станам алкагольнага ап'янення, у якім ён знаходзіўся. Потым, пасля таго, як паказаў жэст, памахаў сінім сцягам [з гербам Мінска – заўв. рэд.], яго адцягнулі з першых шэрагаў. Не памятаў, стаяў у счэпцы. Не разумеў у той момант, што пратэстоўцы перашкаджаюць руху транспарту.

У той вечар на адваротным шляху быў затрыманы каля ст. м. “Пушкінская”, але міліцыянты яго вывезлі за горад на мікрааўтобусе і выпусцілі. Аднак у кастрычніку за падзеі 13 верасня асудзілі на 15 сутак арышту.

Абвінавачаны не аспрэчваў, што з-за яго дзеянняў мог спыніцца транспарт і зачыніцца аптэка і крама, але адзначыў, што ніякай папярэдняй змовы ні з кім не меў. З заяўленым пазовам ад “Мінсктранс” і памерам кампенсацыі Аляксей не пагадзіўся, патлумачыў, што быў не адзін на пратэсце, але суму хочуць “павесіць” на яго аднаго.

У працэсе былі вывучаныя пісьмовыя матэрыялы справы і рэчавыя доказы, у тым ліку відэа з рэгістратараў супрацоўнікаў міліцыі, тэлефон абвінавачанага і сведкі – былой дзяўчыны, дзе меліся фотаздымкі падзей 13 верасня, запыты ў браўзеры “бчб-сцяг”, публікацыі сцяга ў інстаграме Мальцава ды інш.

Падчас спрэчак бакоў дзяржабвінаваўца Аліна Касьянчык адзначыла, што Аляксей Мальцаў не стаў на шлях выпраўлення, “палічыў за лепшае – нічога не рабіць”, прасіла суд улічыць змякчальнымі абставінамі – прызнанне абвінавачаным віны і чыстасардэчнае раскаянне, абцяжарваючымі – стан алкагольнага ап’янення, не пагашаную раней судзімасць, удзел у групе асобаў па папярэдняй змове. Касьянчык казала, што віна хлопца даказаная, прасіла прызначыць пакаранне па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса шляхам частковага складання ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на тры гады.

Абаронца ў прамове падкрэсліў, што Мальцаў выхоўваўся ў няпоўнай сям’і, аднак не ўхіляўся ад працоўнай дзейнасці, здзейсніў злачынства з-за хваробы – наркатычнай залежнасці, яму патрабуецца лячэнне. Прасіла прызначыць больш мяккае пакаранне.

У выніку суд пастанавіў прызнаць Аляксея Мальцава вінаватым у актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і па гэтым артыкуле прызначыць яму пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін два гады, а таксама – за замах на крадзеж, учынены паўторна групай асоб, – у выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 1 год 6 месяцаў. Па сукупнасці злачынстваў шляхам частковага складання пакаранняў канчаткова прызначыць пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 3 гады з адбываннем пакарання ва ўмовах агульнага рэжыму. Прымяніць да абвінавачанага прымусовыя меры бяспекі і лячэння ад хранічнага алкагалізму і наркаманіі па месцы адбыцця пакарання. Прызнаць за "Мінсктрансам" права на задавальненне пазову на пакрыццё маёмаснай шкоды, а пытанне аб яго памерах перадаць на разгляд у парадку грамадзянскага судаводства.

Таксама судом было вынесена прыватная пастанова на адрас начальніка Фрунзенскага РУУС за дапушчаныя парушэнні, якія былі ўстаноўленыя ў ходзе разгляду гэтай справы, для прыняцця адпаведныя мер рэагавання з мэтай недапушчэння падобных парушэнняў у далейшым.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства