Хроніка палітычнага пераследу за 12 жніўня Дапоўнена
Праваабарончы цэнтр "Вясна" збірае факты палітычнага пераследу па ўсёй краіне за 12 жніўня. Людзей працягваюць затрымліваць, праводзіць вобшукі і ўжываць іншыя формы ціску за іх актыўную пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўлады.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Мінск
Міністэрства інфармацыі заблакавала сайт "Удобный город - petitions.by" з-за трох петыцый і заявы аб прызнанні Каардынацыйнага Савета.
Прадстаўнікі сайта апублікавалі ў тэлеграм-канале загад Мінінфарма аб абмежаванні доступу да іх рэсурсу, дзе ўказана, што прычынай блакіроўкі сталі:
- петыцыя "Аб унясенні зменаў у Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях у частцы ўзмацнення адказнасці паводле арт. 23.34. і 23.4";
- петыцыя "Прызнаць выбары прэзідэнта Рэспублікі Беларусь несапраўднымі";
- петыцыя "Апублікаваць тэкст новай Канстытуцыі і правесці расследаванне ў дачыненні да старшыні ЦВК";
- заява "Аб прызнанні Каардынацыйнага савета".
Паводле Мінінфарм, тэкст і матэрыялы дадзеных петыцый нібыта могуць нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам краіны, а сам сайт petitions.by з'яўляецца "пляцоўкай для ініцыявання збору подпісаў пад петыцыямі пратэснага характару, накіраваных на дэстабілізацыю абстаноўкі ў Рэспубліцы Беларусь".
Раніцай 12 жніўня быў затрыманы кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2020 года Андрэй Дзмітрыеў. Ён з'яўляецца сустаршынёй арганізацыі "Гавары праўду", сябрам аргкамітэта "Нашай Партыі" і дэлегатам "Сходу".
У дадзены момант невядома, з якой прычыны і якой структурай ён затрыманы, а таксама дзе ён знаходзіцца, піша тэлеграм-канал “Выборы видишь?”
Затрыманне Дзмітрыева пацвердзіла Таццяна Караткевіч.
Дапоўнена: вечарам стала вядома, што Андрэй Дзмітрыеў знаходзіцца дома. Пра гэта паведаміла прэс-сакратарка "Сходу" Ганна Краўчанка.
Царкве "Новае жыццё" пагражаюць крымінальнай адказнасцю за малітвы побач з адабраным у іх будынкам. Малітвы каля царквы разглядаюцца як сістэматычныя масавыя мерапрыемствы, за якія можа быць адказнасць аж да крымінальнай, піша «Радыё Свабода».
Адпаведныя лісты на адрас пастара царквы Вячаслава Ганчарэнкі прыйшлі з Мінскага гарвыканкаму і Маскоўскага райвыканкаму сталіцы. Вернікам таксама выставілі рахунак амаль на 460 тысяч рублёў.
Нагадаем, у 2020 годзе вернікі "Новага жыцця" пасля выбараў запісалі відэазварот, у якім выказаліся супраць забойстваў, гвалту і катаванняў, ілжывых сведчанняў у судах, маніпуляцый. 17 лютага 2021 году судовыя выканаўцы ўварваліся ў царкву ў суправаджэнні сілавікоў падчас малітвы. Яны апісалі маёмасць, а вернікаў выгналі, пагражаючы арыштам.
У Мінску на 13 жніўня на допыт у КДБ выклікаюць Наталлю Нагорную.
Затрыманага ўчора экс-пасла Беларусі ў Славакіі Ігара Ляшчэню правяраюць на датычнасць да дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 КК).
Публіцысту і палітолагу Аляксандру Фядуце працягнулі тэрмін утрымання пад вартай да 12 кастрычніка. Пры гэтым следчыя дзеянні над вязнем не праводзіліся ўжо тры месяцы, паведамляе ў сваім Facebook жонка затрыманага Марына Шыбко.
Інфармацыя дапаўняецца і абнаўляецца.