Патрабуем неадкладнага вызвалення сямі новых палітычных зняволеных
Сумесная заява прадстаўнікоў беларускай праваабарончай супольнасці
10 жніўня 2021 г.
У сувязі з павелічэннем колькасці выпадкаў асуджэння і пазбаўлення волі грамадзянаў краіны па шэрагу дыфамацыйных артыкулаў Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, а таксама ў сувязі са знявагай дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь, мы, прадстаўнікі беларускай правааабарончай супольнасці, у чарговы раз пацвярджаючы свае неаднаразова выказаныя патрабаванні па дэкрыміналізацыі дыфамацыі і недапушчальнасці пазбаўлення волі грамадзян за абразу службовых асобаў, дзяржавы, дзяржаўных органаў і сімвалаў (супольная заява ад 22 снежня 2020 г.), адзначаем наступнае:
Намі атрыманая інфармацыя пра наступных асобаў, пазбаўленых волі за абразу прэзідэнта, прадстаўнікоў улады (супрацоўнікаў міліцыі), суддзяў і знявагу дзяржаўных сімвалаў:
- Іван Ківа асуджаны судом Ленінскага раёна г. Магілёва па арт. 369 КК за абразу міліцыянтаў у сацыяльнай сетцы “Вконтакте” да двух гадоў абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу, накіраваны для адбыцця пакарання;
- Артур Рыбін асуджаны Гомельскім абласным судом па ч. 1 арт. 339 КК (Хуліганства) і па арт. 130 КК (Распальванне варожасці) за тое, што зрабіў інсталяцыю з партрэтам Лукашэнкі, і за абразлівы каментар у тэлеграме да трох з паловай гадоў пазбаўлення волі з адбываннем у калоніі агульнага рэжыму;
- Аляксей Баяровіч асуджаны судом Смаргонскага раёна Гарадзенскай вобласці па арт. 368 КК за абразу прэзідэнта ў сацыяльнай сетцы “Вконтакте” да аднаго года і шасці месяцаў абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу, накіраваны для адбыцця пакарання;
- Аляксандр Шчарбацюк асуджаны судом Савецкага раёна Мінска па арт. 368 КК за абразу прэзідэнта да аднаго года пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму;
- Андрэй Асаула асуджаны судом Заводскага раёна Мінска па ч. 2 арт. 368 (“Абраза прэзідэнта”) паўторна да трох гадоў пазбаўлення волі з адбываннем у калоніі агульнага рэжыму.;
- Таццяна Звярко асуджана судом Лідскага раёна Гарадзенскай вобласці па арт. 368 КК (“Абраза прэзідэнта”) і арт. 369 КК (“Абраза прадстаўніка ўлады”) да аднаго года і шасці месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму; Таццяну ўзялі пад варту ў зале суда;
- Дзяніс Іваноў асуджаны судом Цэнтральнага раёна Мінска па арт. 368 КК за абразу прэзідэнта да двух гадоў абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу, накіраваны для адбыцця пакарання.
У сувязі з гэтым мы лічым пераслед і пазбаўленне волі палітычна матываваным, звязаным з мірнай рэалізацыяй выказвання меркавання, а іх саміх палітычнымі зняволенымі ў адпаведнасці з п. 3.1(а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця “Палітычны зняволены”, і патрабуем ад уладаў Беларусі:
- Неадкладна вызваліць палітвязняў Івана Ківу, Артура Рыбіна, Аляксея Баяровіча, Аляксея Шчарбацюка, Андрэя Асаулу, Таццяну Звярко, Дзяніса Іванова і спыніць крымінальны пераслед у дачыненні да іх.
- Прыняць захады, скіраваныя на дэкрыміналізацыю дыфамацыйных правапарушэнняў і адмену артыкулаў Крымінальнага кодэкса, якія прадугледжваюць адказнасць за абразу дзяржавы, дзяржаўных сімвалаў і службовых асобаў, а менавіта – арт. 188, 189, 367, 368, 369, 369-1, 370, 391 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, і спыніць усе раней узбуджаныя па дадзеных артыкулах крымінальныя справы.
- Неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.
Праваабарончы цэнтр "Вясна";
"Прававая ініцыятыва";
РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт";
Беларускі дакументацыйны цэнтр;
Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве "Хьюман канстанта";
Lawtrend;
Беларускі ПЭН-центр;
Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава.