viasna on patreon

Тры гады калоніі: мінчука Андрэя Асаулу ў другі раз асудзілі за абразу прэзідэнта

2021 2021-08-06T11:08:36+0300 2021-08-06T14:26:28+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sud_zavodskogo.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Суд Заводскага раёна Мінска. Фота yandex.by

Суд Заводскага раёна Мінска. Фота yandex.by

Суд Заводскага раёна разглядзеў крымінальную справу ў дачыненні да Андрэя Асаулы, якога абвінавачвалі па трох артыкулах крымінальнага кодэкса – ч. 2 арт. 368 (“абраза прэзідэнта”), арт. 364 (“гвалт або пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў”) і арт. 369 (“абраза прадстаўніка ўлады”).

Справу вяла суддзя Анжэла Касцюкевіч, бок дзяржаўнага абвінавачвання падтрымлівала Вераніка Зубік.

У судовую залу да пачатку працэса прыходзілі прадстаўнікі дзяржаўнага тэлебачання, але абвінавачаны сказаў, што не згодны на відэаздымкі, бо не хоча, каб яго паказвалі па БТ. Суд забараніў праводзіць відэафіксацыю судовага працэса.

19 сакавіка Андрэй Асаула быў асуджаны гэтым жа Заводскім судом да трох гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу за абразу прэзідэнта (ч. 1 арт. 368 КК) і абразу прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК). Аднак адбываць пакаранне ён не пачаў, быў зноў затрыманы па крымінальнай справе 4 траўня.

"Абразіў прэзідэнта і супрацоўніцу АУС". Званок у міліцыю для мінчука скончыўся двума крымінальнымі артыкуламі

За абразу і прэзідэнта, і супрацоўніка АУС, якая доўжылася некалькі секунд, 37-гадовы мінчук Андрэй Асаула атрымаў тры гады абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу.

У судзе Андрэй Асаула абараняў сябе сам, наконт адсутнасці адваката сказаў, што ад яго няма сэнсу.

Паводле абвінавачвання, раней асуджаны Андрэй Асаула належных высноў не зрабіў, на шлях выпраўлення не стаў і зноў здзейсніў наўмыснае злачынства. Так, ён вечарам 4 траўня знаходзіўся ў стане алкагольнага ап'янення па месцы свайго жыхарства, меў намер на публічную абразу прэзідэнта, хацеў у непрыстойнай форме зняважыць гонар і годнасць Лукашэнкі ў сувязі з ажыццяўленнем ім паўнамоцтваў, па матывах палітычнай і ідэалагічнай варожасці, звязанай з электаральнай кампаніяй, падзяляючы і прытрымліваючыся ідэй сацыяльнай нецярпімасці да кіраўніка дзяржавы, кіруючыся нізінным падахвочваннем, выказаным у жаданні прадставіць прэзідэнта ў зневажальным становішчы ў вачах грамадскасці, з мэтай прычынення шкоды аўтарытэту прэзідэнта выкарыстаў мабільны тэлефон для званка на лінію службы міліцыі 102 і выказаў супрацоўніцы службы Дзёмінай абразу ў адрас прэзідэнта. Сваімі наўмыснымі дзеяннямі здзейсніў злачынства, прадугледжанае ч. 2 ст. 368 Крымінальнага кодэкса.

Ён жа, маючы намер на здзяйсненне публічных пагроз ужывання гвалту ў адносінах да прадстаўнікоў улады і надуманай помсты супрацоўнікам АУС за ажыццяўленне імі службовай дзейнасці падчас тэлефанавання на лінію 102 выказваў інспектарцы Дзёмінай пагрозы ў адрас неўстаноўленага кола супрацоўнікаў міліцыі, у тым ліку і самой пацярпелай, чым здзейсніў злачынства па арт. 364 КК.

Акрамя таго, ён жа падчас шматразовых званкоў на лінію 102 выказваўся зняважлівымі, пагардлівымі, грубымі, вульгарнымі, абразлівымі, нецэнзурнымі словамі ў адрас інспектарак службы Дзёмінай, Сцепуль і Мілішкевіч, чым публічна абразіў прадстаўнікоў улады ў сувязі з выкананнем імі службовых абавязкаў.

Па словах пракуроркі, Асаўла ўсведамляў публічны і зневажальны характар сваіх выказванняў, а таксама тое, што яны фіксуюцца з дапамогай тэхнічных сродкаў на лініі 102.

Пацярпелымі па справе прызнаныя тры супрацоўніцы лініі Наталля Дзёміна, Наталля Сцепуль і Марыя Мілішкевіч. Варта адзначыць, што Дзёміна выступала пацярпелай у першым судзе над Андрэем Асаулам.

Андрэй Асаула прызнаў віну па ч. 2 арт. 368 і арт. 369, а па арт. 364 КК – не прызнаў. Суду ён патлумачыў, што ў той дзень прыехаў дамоў з пахавання маці, пасля паехаў у РУУС, каб атрымаць ад інспектара накіраванне ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу для пачатку адбывання прызначанага ў сакавіку пакарання. Перад вяртаннем дадому зайшоў у магазін і набыў бутэльку гарэлкі, дома яе выпіў, пасля чаго тэлефанаваў у 102, але навошта гэта рабіў – не памятае. Казаў, што быў засмучаны, прасіў інспектара даць накіраванне на “хімію” на некалькі дзён пазней, але той адмовіў, таму Асаула раззлаваўся і званіў у 102. Колькі разоў тэлефанаваў – не памятае, бо быў вельмі п’яны.

Выказаў шкадаванне, што па п'яні нарабіў глупстваў. Але быў не згодны з першым вынесеным прысудам: дагэтуль ён не быў судзімы, а яму далі тры гады “хіміі”, хаця мужчына прасіў не абмяжоўваць волю, бо была хворая маці. Адвакат не захацеў абскарджваць рашэнне суда, а самога Асаулу накіроўвалі адбываць пакаранне далёка ад дому – у Івацэвічы.   

Суддзя дапытвалася, якое пакаранне трэба вынесці абвінавачанаму, каб ён зразумеў супрацьпраўнасць сваіх дзеянняў, і што ён можа рэкамендаваць іншым людзям, якія даведаюцца пра яго суд і “захочуць паўтарыць яго ўчынак”. Асаула сказаў, што нікому не раіць тэлефанаваць у 102.

Пасля гэтага былі дапытаныя пацярпелыя па справе.

Наталля Дзёміна патлумачыла, што яна прыняла званок ад абвінавачанага, прадставілася – назвала сваё прозвішча. На гэта Асаула адрэагаваў і запытаў, ці памятае яна яго як абвінавачанага па першай крымінальнай справе. Жанчына ўзгадала. Пасля гэтага Андрэй стаў выказваць абразы ў адрас Лукашэнкі і супрацоўнікаў міліцыі, лаяцца. Дзёміна скончыла размову і накіравала па адрасе абанента, які вызначыўся ў сістэме, супрацоўнікаў міліцыі. Пацярпелая адзначыла, што яе вельмі абразілі словы Асаулы ў яе адрас, яна заявіла пазоў аб кампенсацыі маральнай шкоды ў памеры 1000 рублёў. Маральныя пакуты Дзёмінай выразіліся ў перажываннях, звязаных са знявагай яе як асобы і службовай асобы, пацягнулі негатыўныя наступствы ў выглядзе душэўных пакутаў: пачуцці страху, адчаю. Акрамя таго ў Дзёмінай доўгі час была бессань, адчувала пачуццё бездапаможнасці ад выказванняў, баялася, што іншыя супрацоўнікі, якія маюць доступ да запісаў размовы, маглі пачуць звесткі, якія яе ганяць і не адпавядаюць рэчаіснасці.

Пацярпелыя Мілішкевіч і Сцепуль прымала званкі ад Асаулы, чулі як ён выказваў абразы ў адрас супрацоўнікаў міліцыі, у тым ліку абразы былі і ў адрас самой Мілішкевіч. Яны таксама заявілі пазовы аб кампенсацыі маральнай шкоды ў памеры 1000 рублёў кожная.

Пасля гэтага былі вывучаныя пісьмовыя матэрыялы справы, заслуханыя аўдыёзапісы размоваў абвінавачанага з пацярпелымі. У размове чутно, як Асаула запытвае, ці памятае яго Дзёміна, як чалавека якога асудзілі з яе ўдзелам. На што яна запытвае: “Вы хочаце сабе яшчэ нешта дадаць?” Абвінавачаны адказвае: “Так, я хачу паслаць вас на *** яшчэ раз”, і далей выказваецца нецэнзурна ў адрас міліцыянтаў. Таксама кажа, што ненавідзіць “мус*роў” і Лукашэнку.

У размове з Мілішкевіч абвінавачваны запытваўся, ці можна яму сказаць, што ён “ненавідзіць мянтоў”. Пацярпелая перапытала ў Асаулы, ці разумее ён, што будзе несці адказнасць за свае словы. Ён адказаў, што разумее, і што яму ўжо “далі тры гады турмы”.

- І яшчэ хочаце напэўна?

- І яшчэ хачу. Хачу замену рэжыма.

Амаль аналагічная размова адбылася і з пацярпелай Сцепуль.

Андрэй Асаула казаў, што пацярпелыя не з’яўляюцца супрацоўніцамі міліцыі, а толькі грамадзянскімі асобамі, што працуюць у структуры МУС. Пра гэта было ўказана на папярэднім судзе, калі ў справе прымаў удзел адвакат. Акрамя таго, абвінавачаны ў іх адрас асабіста пагрозы і абразы не выказваў, а таму кампенсацыю заяўляць пацярпелыя не маюць права.

Пасля суд вынес пастанову, у якой было ўказана, што прысуд Заводскага суда г. Мінска ад 19 сакавіка ў дачыненні да Асаула ў адпаведнасці з законам “Аб зменах кодэкса па пытанні крымінальнай адказнасці” трэба адмяніць у частцы абвінавачвання па арт. 369 КК, а абвінавачанага вызваліць ад крымінальнай адказнасці. Але пакінуць прысуд па абвінавачванні па ч. 1 арт. 368 і вызначыць пакаранне ў выглядзе абмежавання волі з накіраваннем у ПУАТ тэрмінам на два гады.

Падчас спрэчак бакоў пракурорка Вераніка Зубік указала, што віна Андрэя Асаулы даказаная. Аднак з улікам Закона “Аб змене кодэксаў па пытаннях крымінальнай адказнасці” ад 26 траўня 2021 года, арт. 369 КК выкладзены ў новай рэдакцыі. Цяпер абразай прадстаўніка ўлады або яго блізкіх у сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў лічыцца абраза, здзейсненая ў публічным выступе, альбо ў друкаваным або публічна дэманстраваным творы, альбо ў сродках масавай інфармацыі, альбо ў інфармацыі, размешчанай у глабальнай кампутарнай сеткі Інтэрнэт.

Дзеянні, якія зрабіў Асаула, не змяшчаюцца ў новай рэдакцыі арт. 369 КК, а значыць у цяперашні час не цягнуць крымінальнай адказнасці, а пераслед за іх падлягае спыненню.

Што тычыцца абвінавачванняў па арт. 364, то пагроза прымянення гвалту можа быць толькі ў тым выпадку, калі ў пацярпелага меліся рэальная падставы баяцца яе здзяйснення. Акрамя суб’ектыўнага ўспрымання пацярпелым пагрозы неабходна і наяўнасць фактараў, якія б пацвярджалі, што такая пагроза рэальная і яе трэба баяцца.

У ходзе судовага пасяджэння было вызначана, што Асаула падчас тэлефоннай размовы пазнаў пацярпелую Дзёміну і пачаў яе абражаць, выказаў абразу ў бок прэзідэнта і пагрозу прымянення гвалту да нявызначанага кола асобаў. Аднак у прадстаўленых матэрыялаў справы не маецца структурных кампанентаў пагрозы. На гэтай падставе бок дзяржабвінавачвання адмовіўся ад прад’яўленных абвінавачванняў па арт. 364 КК.

Паводле слоў пракуроркі, віна Асаулы па ч. 2 арт. 368 КК поўнасцю даказаная, абцяжарваючай акалічнасцю прасіла прызнаць стан алкагольнага ап’янення абвінавачанага. На падставе выкладзенага прасіла прызнаць мужчыну вінаватым у абразе прэзідэнта і прызначыць яму пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на два гады. Па сукупнасці прысудаў шляхам поўнага далучэння неадбытай часткі пакарання па папярэднім прысудзе канчаткова прызначыць пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін тры гады з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рашэння. Мабільны тэлефон Асаулы канфіскаваць у даход дзяржавы. А заяўленыя грамадзянскія пазовы пацярпелых пакінуць без разгляду.

Усе пацярпелыя пагадзіліся з пазіцыяй дзяржаўнага абвінавачвання. Андрэй Асаўла прасіў суд строга яго не караць.

Аднак суддзя Анжэла Касцюкевіч у сваім рашэнні пагадзілася з прапановай пракурора і прысудзіла абвінавачанаму тры гады пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ва ўмовах агульнага рэжыму.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства