viasna on patreon

"Абразіў прэзідэнта і супрацоўніцу АУС". Званок у міліцыю для мінчука скончыўся двума крымінальнымі артыкуламі Аўдыё

2021 2021-03-19T13:44:08+0300 2021-08-03T13:43:02+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/zavodski_sud_minsk.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

За абразу і прэзідэнта, і супрацоўніка АУС, якая доўжылася некалькі секунд, 37-гадовы мінчук Андрэй Асаула атрымаў тры гады абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу. Такі прысуд вынес 19 сакавіка суддзя суда Заводскага раёна горада Мінска Алег Каляда. Менавіта столькі запытвала памочніца пракурора Качан. "Вясна" распавядае пра тое, як праходзіў судовы працэс над Андрэем:

Дзве фразы два артыкулы

Андрэя Асаулу абвінавацілі ў двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: частка 1 артыкула 368 КК РБ (Публічная абраза прэзідэнта) і артыкул 369 КК РБ (Абраза прадстаўніка ўлады).

Абвінавачванне па частцы абразы прэзідэнта гучыць наступным чынам: Андрэй Асаула 14 снежня 2020 года, будучы ў стане алкагольнага ап'янення, знаходзячыся ў сябе дома, маючы намеры публічна і непрыстойна зняважыць гонар і годнасці дзеючага прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Лукашэнкі ў сувязі з ажыццяўленнем ім сваіх паўнамоцтваў, па матывах палітычнай і ідэалагічнай варожасці, звязанай з электаральнай кампаніяй у РБ, выказваючы адкрытую праяву непрыязнасці, падзяляючы і прытрымліваючыся ідэй сацыяльнай нецярпімасці да кіраўніка дзяржавы, кіруючыся нізіннымі падахвочваннямі, выказанымі ў жаданні прадставіць Прэзідэнта РБ Лукашэнку ва зневажальным становішчы, паказаўшы на гэта грамадскасці з мэтай прычынення шкоды аўтарытэту прэзідэнту РБ, патэлефанаваў у службу міліцыі на нумар 102 і выказаў аператару Аўсюкевіч у славеснай форме ў адносінах да прэзідэнта фразы, якія супярэчаць агульначалавечай маралі, з выкарыстаннем вульгарнага і абразлівага слова, якое змяшчае негатыўную ацэнку прэзідэнта РБ, тым самым наўмысна і супрацьпраўна абразіў яго.

Гэтая размова доўжылася каля 3-х секунд. Выглядаў ён наступным чынам:

"Аўсюкевіч: Міліцыя.

Асаула: Лукашэнка — пі***ас!”

Акрамя гэтага, як абвяшчае абвінавачванне, Асаула, ужо з'яўляючыся асобай, якая раней учыніла злачынства па абразе прэзідэнта, праз 14 хвілін патэлефанаваў паўторна і абразіў прадстаўніка ўлады — Наталлю Дзёміну, якая прыняла ў яго званок. Абвінавачванне ў гэтай частцы ў сваіх фармулёўках гучыць амаль таксама, як і ў абвінавачванні за абразу прэзідэнта. Гэты званок доўжыўся каля 5 секунд:

"Дзёміна: Алё, міліцыя.

Асаула: Пайшлі на**й, мус*ры, пі****сы…

Дзёміна: Добра, мы зразумелі".

Для пацверджання віны ў Алега бралі падчас следства ўзоры голасу, дзе ён некалькі разоў паўтараў гэтую ж фразу. Аўдыё з гэтымі ўзорамі таксама было праслухана ў зале суда.

Прызнанне віны

Андрэй Асаула сваю віну прызнаў цалкам і раскаяўся ў зробленым. На судзе ён запэўніў, што да ўлады ён заўсёды нармальна ставіўся:

"Я нават словы гэтага не ведаю: " электарыяльны ... электаральны?"... у першы раз чую …”

Андрэй растлумачыў, што ў той вечар, выпіваючы разам з таварышам, ён "наглядзеўся відэаролікаў" аб дэманстрацыях, мітынгах і іншых падзеях у Беларусі:

"Там было пра тое, як міліцыя збівае простых людзей. Гэта выклікала негатыўныя эмоцыі. Нешта стукнула ў галаву... я не хацеў нікога абразіць", — растлумачыў Асаула на судзе.

Акрамя двух вышэйзгаданых размоў, Андрэй тэлефанаваў на 102 яшчэ некалькі разоў. Там ён спрабаваў пагаварыць пра тое, што бачыў на тэлебачанні, а таксама пра забітага хлопца на "плошчы Перамогі" (па ўсёй бачнасці, Андрэй меў на ўвазе рамана Бандарэнку, забітага на т.зв. "плошчы Пераменаў"). Гэтыя размовы таксама былі праслуханыя ў судзе. Прыводзім іх поўны змест у аўдыё:

Viasna96 · Звонок в службу милиции 102

Асаула адзначыў на судзе, што нават не памятаў, што менавіта казаў у сваіх званках на 102, паколькі быў п'яны. Выпівае ён нячаста, дзесьці раз на месяц.

Пацярпелая і пакаранне

Пацярпелай па справе прызнана Наталля Дзёміна. Менавіта яна адказала на званок Асаулы, дзе ён казаў пра "мус*роў". На судовым пасяджэнні яна заявіла, што гэтыя словы прыняла і асабіста, бо яна належыць "да той жа сістэмы, якую ён меў на ўвазе".

Абарона Асаулы звярнула ўвагу, што Дзёміна — не атэставаны супрацоўнік міліцыі з твару грамадзянскага персаналу. Такім чынам, прызнаваць Дзёміну пацярпелай нельга, бо яна не з'яўляецца прадстаўніком улады.

Таксама абарона прасіла суд не прызначаць Андрэю Асауле пакаранне ў выглядзе абмежавання волі, а абысціся штрафам.  Асаула працуе плітачнікам з самага дзяцінства — і таму мог бы і далей прыносіць карысць. Акрамя таго, ён дапамагае сваёй пажылы маці:

"У маці хворыя ногі, яна перамяшчаецца толькі на дзвюх палачках, — распавёў Асаула на судзе. — А ў нас 18-19-ы паверх, ліфтаў няма ... яна нават не можа прыгатаваць паесці".

У адказ на гэта суддзя звярнуў увагу, што ў Асаулы ёсць таксама і бацька. На што Андрэй заўважыў, што бацька таксама з'яўляцца пенсіянерам і мае дрэннае здароўе. Акрамя таго, суддзя ўдакладніў у Асаула, не прымаў той ўдзелу ў пратэстных акцыях. Той адказаў адмоўна.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства