viasna on patreon

Пяць палітвязняў выйшлі на волю пасля 72 гадзін затрымання. Бяляцкага, Стэфановіча, Лабковічаў пераводзяць у СІЗА №1 Дапоўнена

2021 2021-07-17T14:49:29+0300 2021-07-17T17:57:41+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/babaeva_zhenia.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабарончы цэнтр "Вясна" працягвае збіраць факты палітычнага пераследу па ўсёй краіне 17 ліпеня. Людзей працягваюць затрымліваць па крымінальных справах. Таксама пасля 72 гадзін з моманту затрымання з ізалятараў сталі вызваляць праваабаронцаў, затрыманых 14 ліпеня ў межах крымінальнай справы. Таксама сталя вядома пра спыненне крымінальнай справы, узбуджанай супраць незалежных выдавецтваў. Пераслед і вызваленне палітвязняў - у нашай хроніцы за 17 ліпеня.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

  • праз тэлеграм-бот @viasna_bot;
  • на гарачую лінію у тэлеграм @ViasnaSOS, @SOSViasna

Вызваленне праваабаронцаў, затрыманых 14 ліпеня

У Полацку выйшаў на волю пасля 72 гадзін з моманту затрымання кіраўнік свабоднага прафсаюза з Полацку Мікалай Шарах.

Мікалай быў затрыманы 14 ліпеня. Дома ў актывіста правялі ператрус у межах узбуджанай 29 сакавіка 2021 года крымінальнай справы па арт. 341 КК "апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці".

Мікалай Шарах
Мікалай Шарах

Палітзняволеная праваабаронца Яўгенія Бабаева, затрыманая 14 ліпеня ў межах крымінальнай справы, пасля 72 гадзін затрымання выйшла на волю. Яна застаецца падазраванай па крымінальнай справе і будзе знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе.

babaeva_zhenia.jpg
Яўгенія Бабаева пасля вызвалення

Таксама на волю пасля 72 гадзін затрымання выйшаў кіраўнік цэнтру "Супольнасць" Сяргей Мацкевіч. Ён пад падпіскай аб нявыездзе. 

Сяргей быў затрыманы 14 ліпеня ў вёсцы. Пасля двух вобшукаў і допыта яго змясцілі ў ізалятар на Акрэсціна. Вядома, што  вобшукі адбываліся ў межах крымінальнай справе па ч.1 і 2 арт. 342 (Групавыя дзеянні, груба парушаючыя грамадскі парадак, і іх фінансаванне) і ч.2 арт. 243 КК (Ухіленне ад выплаты падаткаў). 


Палітзняволены праваабаронца "Вясны" і каардынатар кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання» Андрэй Палуда і праваабаронца "Вясны" Алена Лапцёнак выйшлі на волю. Яны былі затрыманы ў межах крымінальнай справы 14 ліпеня.


Праваабаронца Валянцін Стэфановіч не выйшаў на волю пасля 72 гадзін з моманту затрымання. Яго перавядуць у СІЗА на Валадарскага.

"Цуда не здарылася. Званіў следчы. Сёння-заўтра Валіка перавядуць на Валадарку", — распавяла яго жонка Аліна.

Валянцін Стэфановіч. Фота: TUT.BY
Валянцін Стэфановіч. Фота: TUT.BY

Таксама ў СІЗА №1 на Валадарскага пераводяць праваабаронцу "Вясны" Уладзіміра Лабковіча і яго жонку дырэктарку аб'яднання інвестараў Angels Band Ніну Лабковіч.

labkovichy.jpg
Ніна і Уладзімір Лабковічі

За кратамі застаецца і старшыня Праваабарончага цэнтру "Вясна" Алесь Бяляцкі. Яго пераводзяць у СІЗА №1 на Валадарскага.

Алесь Бяляцкі. Фота: @rightlivelihood
Алесь Бяляцкі. Фота: @rightlivelihood

Справа "Кнігазбора" і іншых кнігароў закрыта, паведаміў у сваім фэйсбуку Генадзь Вінярскі.

"Тэхніку вярнулі, кнігі не, бо вынікаў экспертызы ў іх няма", — адзначае Вінярскі.

Нагадаем, рахункі незалежных выдавецтваў «Кнігазбор» і «Янушкевіч» арыштавалі ў студзені. Кіраўнікі абодвух выдавецтваў Вінярскі і Янушкевіч былі фігурантамі крымінальнай справы аб гаспадарчай дзейнасці, з іх узялі падпіску аб неразгалошванні звестак, піша "Наша Ніва". 


Арганізатар мерапрыемстваў і назіральнік за выбарамі Цімур Газізаў не выйшаў на волю пасля 30 сутак арышту. Яго затрымалі на праглядзе анлайн-прэм'еры спектакля "Белы трус, чырвоны трус".

16 ліпеня ўвечары ён мусіў выйсці на волю. Але сёння стала вядома, што Цімура замест вызвалення перавялі ў СІЗА на Валадарскага. Папярэдне, Цімур праходзіць па 342 артыкуле Крымінальнага кодэксу (Арганізацыя альбо актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, груба парушаючых грамадскі парадак). Сёння Цімур адзначае сваё 40-годдзе.

gazizau_tsimur.jpg
Цімур Газізаў

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства