viasna on patreon

«10 чалавек у 2-меснай камеры з макрыцамі, кожную раніцу — хлорка, днём — тры «шмона», два разы ў ноч — пералік жыхароў камеры». Якія ўмовы на «сутках» былі ў чэрвені

2021 2021-07-02T13:15:46+0300 2021-07-02T14:07:15+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/okrestina_90.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Анамальная спякота ў Беларусі стала выклікам для асуджаных па ўсёй Беларусі. З-за таго, што ізалятары і СІЗА перапоўненыя, у маленькіх камерах можа знаходзіцца адразу да 20 чалавек, дзе наўпрост няма чым дыхаць. На шпацыр ці ў душ арыштантаў амаль не выводзяць. Марыю (імя дзяўчыны было зменена ў мэтах бяспекі) затрымалі ў Мінску ў пачатку чэрвеня. За палітычную акцыю на яе склалі пратаколы за дробнае хуліганства і непадпарадкаванне міліцыянтам, а потым яе чакалі «суткі» і «этапы». Дзяўчына, якая адбывала пакаранне ў чэрвені ў ЦІП на Акрэсціна, СІЗА і ІЧУ ў Баранавічах, распавяла "Вясне назірае", як яна з сукамерніцамі змагалася са спякотай, сядзела ў карцары, дзе было дзевяць чалавек, пра жудасныя ўмовы ў баранавіцкім СІЗА, і як ім там давялося працаваць. 

Ілюстрацыйнае фота spring96.org
Ілюстрацыйнае фота spring96.org

«Перавозілі за кратамі ў багажніку службовай машыны»

У пачатку чэрвеня ў Мінску Марыя ўвечары вярталася дадому, калі яе спыніў інспектар па справах непаўнагадовых Патапенка. Ён паказаў пасведчанне і прапанаваў прайсці з ім у апорны пункт. Патапенка сказаў дзяўчыне, што яна затрыманая, таму дазволіў ёй папярэдзіць аб гэтым сваякоў. Марыя напісала пра затрыманне сваім сябрам, а пасля гэтага пасправабавала збегчы. Патапенка пагнаўся за ёй з крыкам «Стоять! Милиция!», таму дзяўчына спынілася і падняла рукі. У выніку, ён скруціў дзяўчыне руку і павёў яе так да «апоркі». Патапенка забраў рэчы Марыі разам з пашпартам і прымусіў выключыць тэлефон. Да пераезда ў РУУС свае рэчы дзяўчына больш не бачыла. У апорцы ёй задавалі тыповыя для «палітычных» затрыманых пытанні: наконт удзелу ў акцыях ды колькі грошай ёй за гэта плацяць. Потым да Патапенкі далучыўся яшчэ патрульны, які не прадставіўся і не паказаў сваё пасведчанне. Пасля пытання Марыі наконт вызаву адваката, яны разам пасмяяліся і нічога на гэта не адказалі.

Далей супрацоўнікі міліцыі вырашылі перавезці дзяўчыну ў бліжэйшы апорны пункт міліцыі. Да газэлі Марыю вёў патрульны, які трымаў яе рукі за спіной, а пры гэтым яшчэ і моцна сціскаў, пагражаючы апрануць кайданкі, калі яна дзёрнецца. Перавозілі яе за кратамі ў багажніку службовай машыны. Там яна пазнаёмілася з яшчэ адной «палітычнай» дзяўчынай. Выводзілі Марыю з машыны такім жа чынам: пад рукі, трымаючы іх за спіной.

Пасля таго, як міліцыянты даведаліся, што гэта ўжо паўторнае затрыманне Марыі, то пачалі пагражаць ёй 30-сутачным арыштам. Верагодна, з-за гэтага да яе ставіліся больш жорстка, бо толькі ёй было забаронена размаўляць па тэлефону. Таксама Марыі «прапанавалі» не размаўляць на беларускай мове. У Маскоўскім РУУСе, куды яе зноў везлі ў багажніку з кратамі, дзяўчыну некаторы час трымалі ў клетцы. 

Пакуль Марыя чакала пратаколу, да яе прыйшоў участковы і папрасіў уключыць тэлефон, каб даведацца яго IMEI-нумар. Але потым ён вырашыў працягнуць агляд тэлефона, таму пачаў заходзіць у розныя сацыяльные сеткі. Пасля агляду і вопісу рэчаў дзяўчыну змясцілі на тры гадзіны ў «стакан».

Малюнак Марыі. ІЧУ Жодзіна, студзень-люты 2021
Малюнак Марыі. ІЧУ Жодзіна, студзень-люты 2021

«Паспрабавала збегчы, каб пазбегнуць паўторных катаванняў на Акрэсціна»

Каля 2 гадзін ночы ў кабінеце ўчастковага Марыі нарэшце далі азнаёміцца з пратаколамі. Там ёй стала вядома, што на яе склалі адразу два: па арт. 19.1 КаАП (дробнае хуліганства) і па арт. 24.3 КаАП (непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі).

«З арт. 19.1 КаАП я пагадзілася часткова, дадаўшы некаторыя заўвагі. З арт. 24.3 КаАП адмовілася пагаджацца, бо там напісана не тое, што было на самой справе. Мне прапанавалі напісаць тое, што было, суправадзіўшы гэта выразам: «Пішыце, што спрабавалі ўцячы, каб пазбегнуць адказнасці». Я напісала: «Паспрабавала збегчы, каб пазбегнуць паўторных катаванняў на Акрэсціна». У выніку, пратакол на судзе не агучылі», — распавяла Марыя.

Потым дзяўчыну вярнулі ў стакан, а каля 2:30 ночы ўжо перавезлі ў ІЧУ на Акрэсціна зноў у багажніку газэлі. Яе завялі ў 2-мясцовую камеру, дзе агулам было пяць чалавек: па дзве жанчыны на шконках, а яна — на лаўцы.

«Міліцыянт спрабаваў са мной размаўляць, біў кулаком аб далонь»

Перад судом дзяўчыну вывелі, каб паказать новы пратакол па арт. 19.1 КаАП, які яны наўпрост перапісалі.

«Нас прывялі ў пакой са сталом, двума крэсламі і кратамі. У пакоі было дзве дзяўчыны, два мужчыны і два міліцыянты. Адзін з міліцыянтаў размаўляў з мужчынамі, увесь час узгадваючы мяне і тое, што я ўжо другі раз затрымана і таксама, што адмовілася з імі працаваць. Другі міліцыянт спрабаваў са мной размаўляць, біў кулаком аб далонь (напэўна жадаў паказаць, што можа пачаць біць, калі не пачну размаўляць). Потым я з ім адмовілася размаўляць і ён сышоў. Пасля гэтага быў так званы «шмон». Там я з сукамерніцай атрымалі некалькі абраз наконт знешняга выгляда.

А ўжо пасля быў суд. Судзіў мяне Сяргей Кацар. Сведкі ў мяне не было, але быў адвакат. Суддзя даў нам з ім паразмаўляць 7 хвілін. Пачалося паседжанне, цягнулася яно хвілін 20. Спачатку суддзя выслухаў мяне, потым паслухаў хадатайніцтва адваката і, не адказваючы на іх: вынес прысуд, нават не выходзячы з залы», — успамінае пра суд дзяўчына.

Суддзя Маскоўскага раёна Сяргей Кацар арыштаваў Марыю на 15 сутак.

Пасадзілі ў карцар да васьмі жанчын

Адразу пасля суда Марыю пасадзілі ў карцар, дзе акрамя яе, было яшчэ восемь чалавек. Супрацоўнікі гэта аргументавалі тым, што там павінен пабываць кожны, а раздзяляць яны іх не збіраюцца. Дыхаць у карцары не было чым. Там, акрамя крана і туалета, нічым больш нельга было карыстацца. Спалі жанчыны на плітачнай падлозе. Ноччу было холадна, але днём невыносна горача з-за спякоты. На наступны дзень дзяўчына ледзь не страціла прытомнасць. 

«Потым нас перавялі ў двухмесную камеру. Там нас было дзесяць чалавек. У камеры былі макрыцы. Кожнай раніцай хлорка, днём тры «шмона» (калі арыштантаў выводзяць з камеры і праводзяць у ёй ператрус), у 2 і 4 гадзіны ночы пералік жыхароў камеры. Ежа на Акрэсціна час ад часу бывала смачная, а бывала, што выклікала не самые лепшыя адчуванні. У камеры увесь час было адчыненае акенца. Ні ў Баранавічах, ні на Акрэсціна ў душ, ці на шпацыр мяне не выводзілі. Падчас этапа з ЦІПа ў баранавіцкае СІЗА нас у спёку вывелі ў дворык на гадзіну-паўтары на вуліцу». 

Малюнак Марыі. ІЧУ Жодзіна, студзень-люты 2021
Малюнак Марыі. ІЧУ Жодзіна, студзень-люты 2021

Працавалі ў баранавіцкім СІЗА, каб выратавацца ад спякоты

«Везлі нас у СІЗА-6 у аўтазаку. Пакуль мы там ішлі па калідоры, то на нас вельмі моцна крычалі. Трымалі у страшэнных камерах з цёмна-зялёнымі разбураннымі сценамі, туалетам без дзверак. «Шмонаў» было ад двух да чатырох у дзень. Аднойчы было такое, што абшуквалі нашу камеру хвілін 10-15 і увесь гэты час мы стаялі з рукамі на сцяне. Акрамя гэтага, яшчэ і дзве начныя пералікі. Кожны раз, калі ў камеру заходзяць міліцыянты, то трэба рабіць даклад: называць нумар камеры, колькасць адміністратыўных арыштантаў і прозвішча адказнага за камеру.

Ежа там таксама час ад часу была нармальнай. Першы дзень у мяне ад яе моцна балеў жывот. Потым звыкліся. У кожнай камеры былі кубачкі і кубак з цукрам. Самую спёку мы сустрэлі там. Пастаянна адчыненае акно не дапамагала, а ў камеры была спякота і не было чым дыхаць. Каб выратавацца, мы пагадзіліся на прапанову канваіраў пайсці папрацаваць: прыбраць калідор, камеры, вынесці смецце і іншае. На наступны дзень нас перавезлі ў ІЧУ Баранавіч. Перавозілі нас у газэлі ў +32°С у «стакане», дзе мы ледзь змясціліся, дыхаць было крыху цяжкавата і ўвечь час цёк пот», — узгадвае Марыя пра ўмовы ўтрымання ў Баранавічах.

Па сховах дзяўчыны, ІЧУ ў Баранавічах новы і адрамантаваны, Негледзячы на новую мэблю ў пакоях, там было непрацуючае начное святло і паламаныя «кармушкі». Увесь час жанчын трымалі з уключаным святлом і без якіх-небудзь рэчаў, давалі толькі туалетную паперу і пракладкі.

«Мы некалькі разоў патрабавалі нашыя рэчы, у выніку, мне аддалі (мне адной, бо сукамерніца ў гэты дзень выходзіла) толькі пасту, шчотку і завялі на вельмі хуткі душ. Астатнім нічога не далі. Ваду там піць немагчыма, бо яна са смакам фарбы, ежа, у параўнанні з усімі месцамі, дзе я была, здавалася нават смачнай.

На "сутках" са мной сядзелі дзяўчына-археолаг, яе сяброўка навуковец, журналістка «Нашай Ніва», барыстка, галоўная бухгалтарка, музыка, псіхолаг, інжынер і гандлярка».

“Створаныя ўмовы – не толькі парушэнне правілаў самаго ЦІП, але і базавых правоў чалавека”. Як цяпер утрымліваюць людзей на сутках

Праваабарончаму цэнтру “Вясна” распавёў Аляксандр, які вызваліўся тыдзень таму. Імя мужчыны змененае ў мэтах бяспекі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства